КЛІМУ́К Пётр Ільіч (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд.тэхн.н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛА Пётр (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),
праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш.бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана якгал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл.Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.
Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш.арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н.к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРД (Oxford),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Лондана, на р. Тэмза. Адм. ц. графства Оксфардшыр. Каля 130 тыс.ж. (1999). Паліграф. і эл.-тэхн.прам-сць. Старажытны універсітэцкі горад (гл.Оксфардскі універсітэт). Арх. помнікі: рамана-гатычны сабор (12—16 ст.), арх. ансамблі універсітэцкіх каледжаў пераважна ў стылі англ. готыкі. Музей Ашмала (археал. і маст. калекцыі). У прыгарадзе Каўлі — аўтамабілебудаванне.
Упершыню згадваецца як крэпасць у 912. Да канца 12 ст. горад абкружаны валамі і драўлянымі ўмацаваннямі. Стварэнне ў 2-й пал. 12 ст. ун-та вызначыла яго развіццё як універсітэцкага горада. Як крэпасць і цэнтр навукі ў сярэднявеччы О. адыгрываў ролю 2-й сталіцы Англіі. У 1258 у О. збіраўся т.зв. «шалёны парламент», які абмежаваў уладу караля. З 1541 рэзідэнцыя англіканскага епіскапа. У час англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя рэзідэнцыя і штаб-кватэра караля Карла I. У 1646 горад заняты войскамі О.Кромвеля. У 1681 у час рэстаўрацыі Сцюартаў Карл II правёў тут апошняе пасяджэнне парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш.хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
размеркаванне імавернасці выпадковай велічыні з цэлалікавымі неадмоўнымі значэннямі. Функцыя П.р. такіх велічынь задаецца формулай
, дзе λ > 0 — параметр, які супадае з матэматычным чаканнем і дысперсіяй выпадковай велічыні, k = 0, 1, 2, ... — нумар выпрабавання. Атрымана С.Д.Пуасонам (1837) пры вывядзенні набліжанай формулы бінаміяльнага размеркавання пры вялікім ліку выпрабаванняў.
У тэарэтыка-імавернасных мадэлях П.р. выкарыстоўваецца як набліжанае і як дакладнае размеркаванне. Напр., калі пры n незалежных выпрабаваннях падзеі A1, ..., An назіраюцца з аднолькавай малой імавернасцю p, то імавернасць адначасовага ажыццяўлення якіх-н. k падзей набліжана выражаецца функцыяй pk(np) (гл.Пуасона тэарэма). У прыватнасці, такая мадэль добра апісвае працэс радыеактыўнага распаду і інш.фіз. з’явы. Як дакладнае П.р. выкарыстоўваецца ў тэорыі выпадковых працэсаў, напр., пры разліку нагрузкі ліній сувязі, дзе мяркуюць, што колькасці выклікаў на працягу неперасякальных інтэрвалаў часу ёсць незалежныя выпадковыя велічыні, якія падпарадкоўваюцца П.р.
А.А.Гусак.
Пуасона размеркаванне. Pk(λ) з рознымі значэннямі параметра λ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН Сяргей Леанідавіч (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),
расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АНСССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Бытие и сознание. М., 1957;
Принципы и пути развития психологии. М., 1959;
Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.
Літ.:
Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.Л.Рубинштейна М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́ВА Разалія Андрэеўна (н. 1.10.1946, Баку),
бел. сацыёлаг і філосаф. Д-рфілас.н. (1994). Скончыла Ленінградскі ун-т (1971). З 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі (з 1999 заг. аддзела). Навук. працы па праблемах логікі і метадалогіі навук. ведаў, навукі яксац. ін-та і сферы чалавечай дзейнасці, чалавека як аб’екта і суб’екта сац. палітыкі. Распрацавала канцэпцыі сац.-псіхал. рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, светапогляду як формы самасвядомасці і спосабу духоўна-практычнай дзейнасці чалавека і навук. пазнання, новыя метадалагічныя падыходы да вывучэння сац. рэальнасці, сац. стратыфікацыі і ідэнтыфікацыі асобы ў грамадстве.
Тв.:
Социально-мировоззренческие основания научного познания. Мн., 1984;
Природа социальной реальности: Бытие и познание. Мн., 1991;
Изменение социальной реальности и поведение людей. Мн., 1992;
Социальная политика суверенной Беларуси. Мн., 1996 (разам з С.А.Шавелем);
Социальная реабилитация населения, пострадавшего в результате чернобыльской аварии. Мн., 1997 (з ім жа);
Социальная структура, мобильность. идентификация. Мн., 1998 (разам з А.У.Рубанавым, С.А.Шавелем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],
спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЯЦЫЯНА́ТЫ, раданіды,
солі і эфіры тыяцыянавай к-ты HNCS.
Т. неарганічныя — солі HNCS, крышт. рэчывы. многія раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Найб. пашыраны Т. калію KNCS, натрыю NaNCS і Т. амонію NH4NCS У водных растворах акісляюцца кіслародам да сульфатаў і сінільнай кіслаты. Атрымліваюць пры ўлоўліванні цыяністых злучэнняў з коксавага газу растворамі адпаведных полісульфідаў. Т. калію і натрыю сплаўленнем іх цыянідаў з серай, Т. амонію ўзаемадзеяннем аміяку з серавугляродам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тыямачавіны. як рэагенты пры фарбаванні і друкаванні тканін, кампаненты праявіцеляў у фатаграфіі, для атрымання арган. Т., як інсектыцыды і фунгіцыды. Малатаксічныя, раздражняюць скуру; ГДК для NH4NCS 5 мг/м³, NaNCS 10 мг/м³ Т. арганічныя — эфіры тыяцыянавай к-ты агульнай ф-лы RSCN. Найб. пашыраны алкіл- і арылтыяцыянаты; алкілтыяцыянаты — вадкасці, арылтыяцыянаты — высокакіпячыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды і пратруту насення, стабілізатары змазак, эмульгатараў і інш. Большасць нетаксічныя; высокатаксічныя метыл- і этылтыяцыянаты (лакрыматары).