працэс раскладання мікраарганізмамі арган. азоцістых рэчываў глебы з вылучэннем аміяку. Мае вял. значэнне ў кругавароце азоту ў прыродзе і жыўленні раслін. У аманіфікацыі ўдзельнічаюць гніласныя бактэрыі, актынаміцэты, плесневыя грыбы. Аманіфікацыі падвяргаюцца рэшткі раслін, жывёл, якія загінулі, гумус, арган. ўгнаенні і інш. Аміяк, што выдзяляецца пры аманіфікацыі, часткова выкарыстоўваецца мікраарганізмамі ў сінтэзе бялкоў уласных клетак. Большая колькасць яго ператвараецца ў глебе ў аманійныя солі, якія засвойваюцца раслінамі, частка акісляецца да нітратаў (гл.Нітрыфікацыя). Лепш працякае ў слабакіслых і нейтральных, дастаткова ўвільготненых глебах, што добра аэрыруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. intro унутр + jacio кідаю, кладу),
1) у тэорыі пазнання — уведзенае Р.Авенарыусам паняцце пра недапушчальнасць, на яго думку, укладання ў свядомасць індывіда вобразаў успрымаемых аб’ектаў (ідэальнага), што вядзе да дуалізму. Гэтае паняцце ён выкарыстоўваў для крытыкі матэрыялізму, у процівагу якому вылучыў тэорыю «прынцыповай каардынацыі».
2) У псіхалогіі — уключэнне індывідам у свой унутр. свет поглядаў, матываў, установак і інш. людзей; аснова ідэнтыфікацыі. У псіхааналіз паняцце І. ўвёў Ш.Ферэнцы і разглядаў яго як важны псіхал. механізм, што ўдзельнічае ў працэсе фарміравання «звыш-Я», сумлення і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,
залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.
Устаноўлены Э.Л.Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл.Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
зубчаста-рычажная перадача, што мае колы з рухомымі геам. восямі (сатэліты), якія абкочваюцца вакол цэнтр. кола. Рухомае звяно, на якім умацаваны восі сатэлітаў, наз. вадзілам. Выкарыстоўваюць для перадачы вярчэння паміж 2 паралельнымі восямі ці тымі, што перасякаюцца, а таксама пры ўзнаўленні складанага плоскапаралельнага руху рабочага органа, які аб’ядноўваецца з сатэлітам. Выкарыстоўваюць у рэдуктарах трансп. машын, прыводах станкоў, каробках перадач, рэверсіўных механізмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНА́Ж,
грубы корм з правяленых траў, кансерваваных у герметычных умовах. Выкарыстоўваюць травы натуральных сенажацяў і пасяўныя. Для паскарэння падвяльвання (да 50—55% вільготнасці) травы здрабняюць (бабовыя дадаткова плюшчаць) і шчыльна закладваюць у сянажныя сховішчы. Корм кансервуецца ва ўмовах фізіял. сухасці асяроддзя, што выключае актыўнае развіццё бактэрый, і герметычнасці, што перашкаджае развіццю плесні. Спажыўная каштоўнасць С. (у 100 кг С. з канюшыны 30—35 кармавых адзінак і 4—5 кг засваяльнага пратэіну) абумоўлена высокім утрыманнем сухога рэчыва і захаваннем найб. каштоўных ч. раслін (лісця, суквеццяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎРТ,
у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня-апякунка жанчын і дзяцей. Яе найчасцей уяўлялі цяжарнай самкай бегемота (свяшчэнная жывёла Т.), якая стаіць вертыкальна на львіных нагах, мае жаночыя рукі і грудзі. Лічылася, што Т. дапамагае жанчынам пры родах, лечыць іх ад бясплоднасці; што яна звязана з замагільным светам, разам з багіняй Хатор сустракае памерлых на парозе падземнага царства і з дапамогай агню адганяе ад іх злых духаў. Цэнтр культу Т. — г.Фівы. Яе выявы часта змяшчалі на амулетах, ложках і інш. прадметах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,
уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЧЭКА ЗЯМЛЯ́,
востраў у архіпелагу Франца-Іосіфа Зямля. Пл. 2 тыс.км². Паверхня — пласкагор’е, выш.да 606 м. Амаль увесь укрыты покрыўнымі ледавікамі. Названа імем Г.Вільчэка, які фінансаваў аўстр. экспедыцыю, што адкрыла востраў у 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГУ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, што пераносіць энергію ў напрамку распаўсюджвання ад крыніцы да спажыўца. Распаўсюджваецца ў свабоднай прасторы або ўздоўж якіх-н. ліній, напр., пругкія бягучыя хвалі — уздоўж стрыжня, струны, слупа вадкасці, эл.-магн. — уздоўж кабелю, хвалявода.