О́ЛЕУМ (ад лац. oleum vitrioli купарваснае масла),
раствор трыаксіду серы SO3 у бязводнай сернай кіслаце.
Звычайна вырабляюць О., што мае па масе 18—20% SO3 (часам — да 60%). Цяжкая масляністая вадкасць, «дыміць» у вільготным паветры. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў і інш. Вельмі агрэсіўнае рэчыва: пашкоджвае слізістыя абалонкі і дыхальныя шляхі (ГДК аэразолю ў паветры рабочай зоны 1 мг/м³), выклікае апёкі скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЎНІК, гіднум выемчаты (Hydnum repandum),
шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЯСУ́ХА»,
бел.нар. сольны танец імправізацыйнага характару. Наз. таксама «Плясавая», «П.-рассядуха». Муз. памер 2/4. Тэмп ад павольнага да вельмі хуткага. Пабудаваны на разнастайных прысядачных рухах (таму наз. і «П.-рассядуха») і дробатах з суправаджэннем пляскання ў далоні. Танец часам суправаджаецца кароткімі, часцей чатырохрадковымі прыпеўкамі. Сустракаюцца варыянты «П.», якія выконваюцца пад «Барыню». Мяркуюць, што танец запазычаны ў пач. 20 ст. ў перасяленцаў з Расіі. Зафіксаваны ў Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛО́МНІК (Androsace),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.
Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,
спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НКА (Arenaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 1 від — П. чабаралістая (A. serpyllifolia). Расце на сухіх пясчаных месцах, часта як пустазелле на палях, каля жылля.
Шмат- радзей адна- і двухгадовыя травы, часам паўкусцікі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, дробнае, на канцы завостранае. Кветкі дробныя, белыя ў нешматкветкавых суквеццях. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІКэлектрычны,
апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.
Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часамаўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш.Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЙКА,
старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус.нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел.нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.Купалы наз. «Жалейка», 1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАЛІНІ́Т,
запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.