АДА́ШАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (1530 ? — 1561),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. З канца 1540-х г. адзін з кіраўнікоў Выбранай рады. У 1550-я г. давераная асоба цара Івана IV Грознага, кіраваў унутр. і знешняй палітыкай дзяржавы. Пры ўдзеле Адашава да Расіі далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы. У 1560 пасланы ваяводам у Лівонію. Прыхільнік экспансіі на У і Пд, Адашаў быў супраць актывізацыі Лівонскай вайны 1558—83. Трапіў у няміласць да цара, зняволены ў Юр’еве (цяпер Тарту), дзе і памёр.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах,

сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НА (Вікенцій Францавіч) (1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),

мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.​Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст. Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТ (Флавій) (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЭСК»,

жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

Метэарыт «Грэск».

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ДАВА (Марзія Юсуф кызы) (8.12.1901, г. Астрахань, Расія — 6.1.1962),

азербайджанская актрыса. Нар. арт. СССР (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1917. З 1920 у азерб. т-ры ў Баку (цяпер Азерб. драм. т-р імя М.​Азізбекава). Яе мастацтва вызначалася эмацыянальнай сілай і псіхал. глыбінёй. Выконвала драм. і трагедыйныя ролі: Севіль («Севіль» Дж.​Джабарлы), Гызьетэр («Ханлар» С.​Вургуна), Гюльзар («Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы; Дзярж. прэмія СССР 1948), Кручыніна, Кабаніха («Без віны вінаватыя», «Навальніца» А.​Астроўскага), Дэздэмона, Гертруда, лэдзі Макбет («Атэла», «Гамлет», «Макбет» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»

(Drury Lane),

англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.

Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМО́ЙТЫ, жэмайты, жмудзь,

гістарычная назва стараж. балцкіх плямён, якія ў 1-м тыс. н.э. пражывалі ў зах. частцы Літвы на З ад р. Дубіса і на Пн ніжняга цячэння Нёмана. У 5—13 ст. засялялі, магчыма, толькі цэнтр Жамойці. На ПнЗ іх суседзямі былі куршы, на З — ламатэны, на ПдЗ — скалвы, на ПнУ — земгалы. Куршы, скалвы і земгалы паступова зліліся з Ж. Цяпер Ж. — этнагр. група літоўцаў, якія жывуць пераважна на З Літоўскай Рэспублікі, гавораць на жэмайцкім дыялекце літоўскай мовы.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),

старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)