ХО́БСАН, Гобсан (Hobson) Джон Аткінсан (6.7.1858, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 1.4.1940), англійскі эканаміст. Скончыў каледж Лінкальна ў Оксфардзе (1878). З 1887 выкладаў у Оксфардзе і Лонданскім ун-це. З 1897 займаўся публіцыстыкай, выступаў з крытыкай капіталізму канца 19 — пач. 20 ст. і афіц.англ.паліт. эканоміі той эпохі (Кембрыджская школа). Прапанаваў праграму сац. рэформ, якая прадугледжвала ўстанаўленне мінімуму заработнай платы і высокіх прагрэс. падаткаў на прадпрымальнікаў, жорсткі дзярж. кантроль над манаполіямі. Эканам. спады тлумачыў недаспажываннем і лічыў, што ад нестабільнасці і крызісаў развітыя краіны можа выратаваць толькі экспарт лішняга капіталу ў менш развітыя рэгіёны. Прапаноўваў вярнуцца да класічнай мадэлі капіталізму, заганы якога, на яго думку, можна выкараніць з дапамогай парламенцкай дэмакратыі. Асн. працы: «Імперыялізм» (1902), «Індустрыяльная сістэма» (1904), «Праца і багацце» (1914).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУКРО́ЗА, бураковы цукар, трысняговы цукар,
дыцукрыд, які складаецца з астаткаў D-глюкозы і D-фруктозы, C12H22O11. Утвараецца ў лісці раслін у працэсе фотасінтэзу. З сокам ідзе ў сцёблы, карані, плады, там назапашваецца (ператвараецца ў крухмал або інулін). Ц. багатыя цукр. трыснёг, цукр. буракі (да 28% сухой масы), якія з’яўляюцца асн. крыніцай яе атрымання. У арганізме гідралізуецца салянай к-той страўнікавага соку і цукрозай слізістай абалонкі тонкай кішкі.
Бясколерныя крышталі, салодкія, добра раствараюцца ў вадзе; мал. м. 342,3, т-ра плаўлення 185—186 “С (вышэй за 200 °C утварае карамелі). Пры гідролізе пад уплывам слабых к-т і ферменту цукрозы распадаецца на глюкозу і фруктозу. Выкарыстоўваюць як прадукт харчавання (гл.Цукар), у вытв-сці паверхнева-актыўных рэчываў (эфіры Ц. з вышэйшымі к-тамі), для мікрабіял. сінтэзу дэкстранаў. І.М.Семяненя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВО́ДАК,
частка надземнага сцябла з пупышкамі, якая на час укаранення не аддзяляецца ад мацярынскай расліны. Для атрымання вертыкальных адводак матачныя кусты абразаюць, пакідаючы пянькі выш. 2—3 см. Пасля дасягнення верт. парасткамі выш. 12—15 см кусты акучваюць вільготнай глебай 2—3 разы да ўтварэння пагорачкаў выш. 25—30 см на працягу росту расліны. Выкарыстоўваюць пры размнажэнні клонавых прышчэпаў яблыні і грушы. Размнажэнне гарызантальнымі адводкамі робіцца прышпільваннем парасткаў да зямлі і акучваннем. Выкарыстоўваюць для ягадных культур, айвы, шаўкоўніцы і інш. Дугападобныя (змеепадобныя) адводкі робяць пры размнажэнні цяжкаўкараняльных раслін з доўгім перыядам коранеўтварэння (напр., актынідыі).
Размнажэнне прышчэпаў адводкамі: 1 — гарызантальныя адводкі (а — прышпільванне галін; б — выгляд куста восенню; в — аддзелены адводак. прыдатны для пасадкі); 2 — вертыкальныя адводкі (а — зрэзаны адводак; б — куст восенню пасля 2—3 акучванняў; в — той самы куст, разакучаны для аддзялення адводкаў; г — укаранёныя парасткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ,
элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬФ (англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс.м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ВА (Grīva) Жан (сапр.Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял.Айч. вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.Бяржынскі, У.Жыжэнка, С.Міхальчук, У.Пігулеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял.кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБЮ́С (Barbusse) Анры (17.5.1873, Аньер, каля Парыжа — 30.8.1935),
французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1933). Вучыўся ў Сарбоне, дзе абараніў дысертацыю па філасофіі (1894). Стваральнік міжнар. антымілітарысцкага аб’яднання дзеячаў культуры «Клартэ» (1919). Адзін з арганізатараў антыфаш. руху. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г.Зб. вершаў «Плакальшчыцы» (1895) — даніна моднай на той час дэкадэнцкай паэзіі. У раманах «Агонь» (1916, Ганкураўская прэмія 1917) і «Яснасць» (1919) асудзіў 1-ю сусв. вайну. Аўтар зб-каў публіцыстыкі («Святло з бездані», 1919; «Словы барацьбіта», 1920; «З нажом у зубах», 1921) і навел («Мы», 1914; «Падзеі», 1928, бел.пер. «Розныя факты», 1929), рамана «Звёны» (1925), дакументальных кніг «Кáты» (1926), «Расія» (1930, бел.пер. 1931), біягр. аповесці «Заля» (1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук.Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.