АЛА́ДАЎ (Вальмен Мікалаевіч) (н. 12.2.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Мітрафан Пятровіч) (22.2.1836, С.-Пецярбург — 4 ці 10.1.1904),

рускі муз. дзеяч, выдавец, мецэнат. У яго доме ў 1880—90-я г. збіраліся пецярб. кампазітары т.зв. Бяляеўскага гуртка на чале з М.Рымскім-Корсакавым. Заснаваў Глінкаўскія прэміі (1884, пакінуў фонд для іх), «Рускія сімф. канцэрты» (1885), выд-ва «М.​П.​Бяляеў у Лейпцыгу» з нотагандл. базай у Пецярбургу (1885), «Рускія квартэтныя вечары» (1891). Старшыня Пецярб. т-ва камернай музыкі (з 1898); наладжваў штогадовыя конкурсы на лепшы камерна-інстр. твор (з 1892, з прысуджэннем прэмій).

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Гаўрыла Мікалаевіч) (10.8.1912, Мінск — 18.11.1979),

бел. шахматыст. Міжнар. майстар (1949). Канд. гіст. н. (1952). Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1952). У 1952—58 старшыня праўлення Бел. т-ва культ. сувязі з заграніцай, у 1963—74 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Чэмпіён БССР у 1936, 1939, 1941, 1958, 1963. Паспяхова выступаў у чэмпіянатах СССР і міжнар. матчах. Імем Верасава названы пачатак у адным з дэбютаў ферзевых пешак, адна з сістэм у сіцыліянскай абароне.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРНЕР ((Wörner) Манфрэд) (24.9.1934, г. Штутгарт, Германія — 13.8.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ. Юрыст. Вучыўся ў Гейдэльбергскім, Парыжскім і Мюнхенскім ун-тах. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз з 1956, чл. яе праўлення (з 1973). Саветнік у ландтагу (парламенце) зямлі Бадэн-Вюртэмберг (1962—64). Дэп. бундэстага (з 1965), чл. і старшыня (1977—82) яго камісіі па справах абароны. Міністр абароны ФРГ у 1982—88. У 1988—94 ген. сакратар НАТО (першы немец на гэтай пасадзе), садзейнічаў карэкціроўцы курсу блока (праграма «Партнёрства дзеля міру»).

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМСАХУ́РДЫЯ (Звіяд Канстанцінавіч) (1939—1.1.1994),

грузінскі дзярж. і паліт. дзеяч, паэт, белетрыст. Сын К.Гамсахурдыя. Скончыў Тбіліскі ун-т. Канд. філал. н. З 1950-х г. уключыўся ў грамадска-паліт. дзейнасць, праследаваўся ўладамі, у 1977—79 рэпрэсіраваны. Працаваў у Ін-це груз. л-ры імя Ш.​Руставелі. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета Грузіі, у крас. 1991 — студз. 1992 прэзідэнт Рэспублікі Грузія; адхілены ад улады паводле рашэння Ваен. савета Рэспублікі Грузія і пакінуў краіну. Аўтар навук. прац, перакладаў зборнікаў вершаў, баек і інш.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МПЕРС ((Gompers) Сэмюэл) (27.1.1850, Лондан — 13.12.1924),

прафсаюзны дзеяч ЗША. З 1863 у ЗША. Працаваў у тытунёвай прам-сці. З 1881 кіраўнік Федэрацыі трэд-юніёнаў і рабочых саюзаў ЗША і Канады, з 1886 (акрамя 1895) старшыня Амерыканскай федэрацыі працы. Выступаў за паляпшэнне прац. заканадаўства, мірнае вырашэнне прац. спрэчак, сац. партнёрства, паліт. нейтралізм прафсаюзаў, пошук саюзнікаў сярод паліт. дзеячаў і партый. Аўтар твораў «Амерыканская праца і вайна», «Праца і ўсеагульны дабрабыт» (абодва 1919), «Семдзесят гадоў жыцця і працы» (т. 1—2, 1925).

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КСІ ((Craxi) Беціна) (Бенедзета; н. 24.2.1934, г. Мілан, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП; з 1952), яе ЦК (з 1957) і кіраўніцтва (з 1965), ген. (паліт.) сакратар ІСП (з 1976). Прыхільнік ідэй рэфармісцкага сацыялізму. Чл. муніцыпальнага савета Мілана (1960—70). Дэп. парламента (з 1968). Старшыня Савета Міністраў Італіі ў 1983—87. Прыцягваўся па справе аб карупцыі, у 1993 адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар працы «Сацыялізм ад Сант’яга да Прагі» (1976) і інш. гіст. твораў.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́Н ((Couthon) Жорж Агюст) (22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.—кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́НСКІ ((Lucinschy) Петру) (н. 27.1. 1940, с. Старыя Радуляны Фларэшцкага р-на, Малдова),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Малдовы. Кандыдат філас. н. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1962). З 1960 на камсамольскай і парт. рабоце ў Малдове, з 1978 у апараце ЦК КПСС. 2-і сакратар ЦК Камуніст. партыі Таджыкістана (1986—89), 1-ы сакратар ЦК Камуніст. партыі Малдовы (1989—90), сакратар ЦК КПСС (1991). З 1992 пасол Малдовы ў Рас. Федэрацыі, у 1993—96 старшыня Парламента Малдовы. З 1997 прэзідэнт Малдовы.

П.Лучынскі.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАПО́РТ (Рыгор Якаўлевіч) (1890, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 3-га рангу (1935). З 1918 у органах дзяржбяспекі. У 1929—31 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БВА і нач. асобага аддзела БВА; у 1936—37 нач. інспекцыі Наркамата харчовай прам-сці СССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1930—31). 16.7.1937 арыштаваны і 8.2.1938 асуджаны да пакарання смерцю «па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі правых». Рэабілітаваны ў 1956.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)