цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.
Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.
На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.
Літ.:
Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;
Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;
Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
В.І.Анікін.
Да арт.Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМЗІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (12.12.1766, с. Міхайлаўка Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 3.6.1826),
рускі пісьменнік, гісторык; заснавальнік рус.сентыменталізму. Чл.Рас. акадэміі (1818). У 1775—81 вывучаў ням. і стараж. мовы, філасофію, рыторыку, логіку, паэтыку; наведваў лекцыі ў Маск. ун-це. Дэбютаваў у 1787 перакладамі англ., франц., ням. пісьменнікаў. Выдаваў альманахі, часопісы (1789—1803). Працаваў у жанры гіст. аповесці: «Наталля, баярская дачка» (1792), «Марфа Пасадніца, або Заваёва Ноўгарада» (1803). У нататках «Лісты рускага падарожніка» (1791—95), аповесцях «Бедная Ліза» (1792), «Востраў Борнхальм» (1794), «Сьера-Марэна» (1795), незакончаным рамане «Рыцар нашага часу» (1802—03) і інш. ставіў пытанні лёсу рус. культуры, прыроды чалавечага пачуцця, маральнай роўнасці людзей, раскрыў багацце ўнутр. свету асобы, яе духоўнае самаўдасканаленне. Асн. праца «Гісторыя дзяржавы Расійскай» (т. 1—12, 1816—29) — новы этап у развіццірус. гістарыяграфіі. Яна створана на аснове разнастайнага гісторыка-дакумент. матэрыялу (летапісаў, судзебнікаў, мемуараў, грамат і інш.) і ’ахоплівае перыяд ад старажытнасці да пач. 17 ст. Гісторыю краіны К. атаясамліваў з гісторыяй дзяржавы і манархічнай улады. У кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці разглядаў і гісторыю Беларусі. «Гісторыя...» — твор не толькі гіст., а і літаратурны, вылучаецца афарыстычнай дакладнасцю, элементамі архаізацыі лексікі. Аўтар вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзій на літ. і тэатр. тэмы.
Тв.:
История государства Российского: В 12 т. Т. 1—5. М., 1989—93;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1964;
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. М.; Л., 1966;
Письма русского путешественника: Повести. М., 1982;
Избр. статьи и письма. М., 1982.
Літ.:
Канунова Ф.З. Из истории русской повести: (Ист-лит. значение повестей Н.М.Карамзина). Томск, 1967;
Эйдельман Н.Я. Последний летописец. М., 1983. Лотман Ю.М. Сотворение Карамзина. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ БАЛА́НС,
баланс здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання розных відаў паліва.
У сусветным развіцці П.б. выразна прасочваюцца перыяды перавагі пэўнага віду паліва. Даіндустрыяльны перыяд характарызуецца выкарыстаннем аднаўляемых рэсурсаў, найперш драўніны. З пачатку прамысл. рэвалюцыі і да сярэдзіны 1950-х г.асн. энергарэсурсам быў вугаль; у 1953 яго ўдзельная вага дасягнула 70% у сусв. П.б. Спрыяльная эканам. кан’юнктура пасля 2-й сусв. вайны і навук.-тэхн. прагрэс у сферы вытв-сці і спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў садзейнічалі хуткаму развіццю энергаёмістых галін прам-сці, а таксама агульнаму росту энергаспажывання, што абумовіла павелічэнне тэмпаў сусв. спажывання паліва. Адначасова змянілася і структура П.б., гал. чынам за кошт павелічэння долі нафты і газу.
На Беларусі ў эвалюцыі П.б. прасочваюцца заканамернасці, характэрныя для сусв. П.б. У 1913 87% П.б. прыпадала на дровы. У далейшым яе П.б. фарміраваўся за кошт выкарыстання торфу, які на працягу доўгага часу быў асн. відам паліва. У 1940 аб’ём здабычы торфу даведзены да 3,4 млн.т, яго ўдзельная вага ў П.б. вырасла да 63,5%. У 1960—80-я г.асн. відам паліва былі нафтапрадукты, як вынік развіцця ў рэспубліцы нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай прам-сці. Рост аб’ёмаў здабычы газу ў СССР, будаўніцтва магістральных газаправодаў спрыялі павелічэнню ўдз. вагі прыроднага газу. У 1990-я г. ў сувязі са скарачэннем імпарту нафты і газу ўзмацніўся працэс уцягвання ў П.б. мясц. відаў паліва (біямасы, адходы вытв-сці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,
1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл.Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв.маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав.маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел.маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.
У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.
З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІЯ ДРУКА́РНІ,
выдавецкія ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі на Беларусі і Украіне ў канцы 16—18 ст. Адыгралі вял. ролю ў развіццібел. і ўкр. культуры, уздыме асветы. У іх дзейнасці выразна выявіліся сувязі бел. кнігадрукавання з выдавецкімі традыцыямі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Існавалі Віленская брацкая друкарня (канец 16 — пач. 18 ст.), Еўінская друкарня (17 ст.), Магілёўская брацкая друкарня (17—18 ст.). Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню (17 ст.), актыўны ўдзел у рабоце якой прымалі магілёўскія і аршанскія братчыкі, хоць прывілеі, што пацвярджалі б права на друкарню аршанскага брацтва, не выяўлены. У 1594—1608 перапынілася або аслабла дзейнасць галоўнай у тыя часы брацкай друкарні ў Львове. Пры падтрымцы брацтваў і па іх заказах працавалі друкарні С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Вашчанкі. З канца 16 ст. да 1654 выйшла 127 выданняў, у т. л. 16 вучэбных (пераважна буквары), 12 палемічна-публіцыстычных («Кніга пра веру», «Трэнас», «Сінопсіс» і інш.), 16 панегірычных і прапаведніцкіх (казанні), 20 «Чэццяў кнігі» і інш. нелітургічных твораў. З іх больш за 70% выйшла на царк.-слав. ці бел. мове (або на царк.-слав. ў бел. рэдакцыі), 25% — на польскай. У 2-й пал. 17—18 ст. ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. супярэчнасцей больш ці менш сістэматычна працавала толькі брацкая друкарня ў Магілёве. Пагоршыўся вонкавы выгляд кніжнай прадукцыі, а самую вял. яе частку складала царк.-багаслоўская і літургічная л-ра. Усяго ў 16—18 ст. брацкія друкарні (разам з друкарнямі Собаля і Вашчанкі) выпусцілі каля 170 выданняў.
Літ.:
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław;
Kraków, 1959;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;
Яго ж. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) // Книга и графика. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,
раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.
Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.Мальпігі і англ. батаніка Н.Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл.Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.В.Баранецкага, С.П.Костычава, В.Р.Заленскага, В.Ф.Раздорскага, В.Р.Аляксандрава, В.М.Радкевіч, А.А.Яцэнка-Хмялеўскага, В.К.Васілеўскай, М.Ф.Данілавай і інш.
На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.Г.Рэнард, А.Л.Новікаў, С.У.Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел.с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел.тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.Я.Віхроў, Р.Ц.Пратасевіч, А.С.Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.С.Суднік, А.В.Пятрэнка, Пратасевіч, Т.Ф.Дзяругіна, Г.А.Новікава, А.Р.Тэн, А.І.Аляксеева, Н.С.Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.
Літ.:
Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;
Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1980.
клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц.развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.
Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.
А.М.Капіч.
Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).