Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.К.Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАРТА́ЛЬНЫЯ (Diaporthales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў пірэнаміцэтаў. Вядома больш за 450 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. Сапратрофы на раслінных рэштках, некат. — паразіты (пераважна ў канідыяльнай стадыі) пладовых і ягадных культур. На Беларусі адзначаны віды з родаў гнамонія, дыяпортэ, гламерэла, вальса.
Пладовыя целы (перытэцыі) цёмна-бурыя ці чорныя, шчыльныя, скурыстыя, з носікам для выхаду аскаспор, паглыбленыя ў субстрат або строму (міцэліяльнае спляценне). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя, з часовай ножкай, якая потым знікае, у спелых перытэцыях размешчана свабодна ў слізі. Сумкаспоры адна- або двухклетачныя, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1709—73 у в.Жодзішкі. У 1708 уладальніца Жодзішак Барбара Мінкевіч ахвяравала езуітам 6 вёсак. Спачатку калегіум размяшчаўся пры парафіяльным касцёле св. Тройцы, з 1727 пры новым касцёле св. Іуды Фадзея. У 1745 пры ім адкрыта муз. бурса, у 1767 — аптэка. У 1757—70 пабудаваны новы вучэбны корпус. Да 1762 калегіум узначальвалі віцэ-рэктары, потым — рэктары. Праграма была традыцыйнай для езуіцкіх калегіумаў, з 1770 выкладаліся таксама ням., франц. мовы, матэматыка. Пасля скасавання ордэна езуітаў пераабсталяваны пад сядзібу новых гаспадароў Жодзішак Ласкарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РА ((Żera) Караль Антоні) (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),
польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫ́ШКА,
парушэнне частаты, рытму і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца няхваткай паветра. Пры хваробах сэрца З. бывае ад фіз. нагрузкі, потым і ў спакоі, асабліва ў гарыз. становішчы (хворыя павінны сядзець). Прыступы рэзкай З. (найчасцей ноччу) пры хваробах сэрца — праяўленне астмы сардэчнай. У гэтых выпадках З. інспіраторная (цяжкі ўдых). Экспіраторная З. (цяжкі выдых) бывае пры звужэнні прасвету дробных бронхаў і бранхіёл (напр., пры астме бранхіяльнай) ці пры нізкай эластычнасці лёгачнай тканкі (напр., пры хранічнай эмфіземе лёгкіх). Мазгавая З. ўзнікае пры раздражненні дыхальнага цэнтра (пухліны, кровазліцці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РАЎ (сапр.Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч
(1903—28.7.1942),
бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт.БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1936), «Апошнія» М.Горкага (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),
шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.—кастр. (лістападзе).
Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́ТНАЯ ГНІЛЬбуракоў,
хвароба караняплодаў буракоў у перыяд захоўвання, якая выклікаецца комплексам грыбоў і бактэрый. Найб. пашырана шэрая гніль (узбуджальнік — грыб Botritis cinerea) і фамоз (узбуджальнік — грыб Phoma betae). На хворых каранях з’яўляецца белы, шэры ці ружавата-белы налёт споранашэння грыба, потым фарміруюцца цёмныя склероцыі, якімі грыб зімуе. Пры фамозным гніенні грыбніца развіваецца ў тканках каранёў, надае ім цёмна-карычневы колер і фарміруе масы пладовых цел (пікнідаў). Пашкоджаныя караняплоды гніюць. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках, у глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛУ́КІ,
цюркскае племя, якое складалася з 3 родаў. Узвысілася ў 8 ст. пасля распаду Цюркскага каганата. Займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, паступова пераходзіла да аселага земляробства. Насялялі тэр. ў Сямірэччы ўздоўж караваннага шляху з Сярэдняй Азіі ў Кітай. У 757—766 занялі ўсю тэр. дзяржавы цюргешаў. Правіцелі К., якія насілі тытул ябгу, зрабілі сваёй сталіцай г. Суяб (на р. Чу) і правілі тут да 940, потым цэнтр перанесены ў г. Кайлык (даліна р. Ілі). У 861 авалодалі Кашгарыяй. У 10 ст. ўвайшлі ў склад Караханідаў дзяржавы. У 960 прынялі мусульманства.