помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп.пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],
некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБКП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),
каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб.стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.
Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп.пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
тэрмін для абазначэння пераўтварэнняў у галіне культуры як састаўной часткі праграмы пабудовы сацыялізму ў СССР і інш.сацыяліст. краінах. Лічыцца, што першым тэрмін ужыў У.І.Ленін. Мела на мэце карэнны пераварот у духоўным развіцці насельніцтва краіны, прадугледжвала перавыхаванне дарэвалюцыйнай і выхаванне новай інтэлігенцыі ў духу сацыяліст ідэй, стварэнне сацыяліст. сістэмы адукацыі, далучэнне мас да культ. дасягненняў і іх камуніст. выхаванне. Асн. рысамі сацыяліст. культуры абвяшчаліся марксісцка-ленінскі светапогляд, камуніст. ідэйнасць, сацыяліст. калектывізм і гуманізм, дасягненні сусв. культуры. У СССР, які атрымаў у спадчыну ад Рас. імперыі нізкі адукац. ўзровень насельніцтва, К.р. супала па часе з захадамі дзяржавы па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні сеткі навуч. устаноў і павышэнні агульнакульт. ўзроўню грамадзян. Дасягненні ў гэтым падаваліся як поспехі К.р. (па БССРгл. адпаведныя лічбы ў арт.Беларусы, Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). Панаванне адзіных ідэалогіі і светапогляду азначала не толькі кіраўніцтва, a і поўны кантроль з боку КПСС над духоўным жыццём грамадства, у т. л. і сродкамі прымусу. У час К.р. моцна пацярпелі галіны культуры, звязаныя з рэлігіяй, былі вымушаны эмігрыраваць або загінулі ў выніку рэпрэсій палітычных многія дзеячы культуры, у т. л. ў БССР. Гл. таксама «Культурная рэвалюцыя» ў Кітаі.
Літ.:
Арнольдов А.И. Социализм и культурная революция. М., 1970;
Качановский В.В. История культуры России. Мн., 1997;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп.пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял.Айч. вайну.
Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),
прынцып пабудовымуз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,
комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.
Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.Галена, А.Везалія, У.Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст.ням. біёлаг К.Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.А.Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.
На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.М.Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ ТЭО́РЫЯ,
назва шэрагу сацыяльна-гіст. канцэпцый развіцця, паводле якіх грамадства разглядаецца як цэласны арганізм, у якім гарманічна ўзаемадзейнічаюць яго элементы. У аснову тэорыі пакладзены прынцып раўнавагі, характэрны для прыродазнаўства. Р.т. сфармулявана ў 17 ст. ў працах Б.Спінозы, Т.Гобса і Г.В.Лейбніца, якія разглядалі сац. працэсы з пазіцый механіст. прыродазнаўства і тлумачылі праблемы развіцця грамадства як пошук раўнавагі паміж рознымі часткамі сац. сістэмы. У 18 ст. яе развіваў франц. сацыяліст-утапіст Ф.М.Ш.Фур’е, які прапанаваў праект пабудовы грамадства, заснаваны на раўнавазе чалавечых пачуццяў. У 19 ст. Р.т. распрацоўваў заснавальнік пазітывізму А.Конт, які выступаў за пераадольванне канфліктаў паміж «парадкам» і прагрэсам, рэстаўратарскімі і рэв. тэндэнцыямі, вынікам чаго з’яўляецца «прагрэс дзеля парадку». У 20 ст. Р.т. развівалі рас. вучоныя А.А.Багданаў (трактаваў раўнавагу ў грамадстве як адсутнасць сац. супярэчнасцей) і М.А.Бухарын (прапанаваў канцэпцыю «рухомай раўнавагі»). У 1930-я г.італьян. сацыёлаг В.Парэта сфармуляваў прынцып, паводле якога парушэнне раўнавагі аднаго элемента сац. сістэмы прыводзіць да змены ў інш. частках, пакуль не адновіцца «дынамічная раўнавага». Р.т. паслужыла асновай для тэорыі сац. абмену (П.Блау, Дж.Хоманс). Мадыфікаваны варыянт Р.т. — структурны функцыяналізм (гл.Структурна-функцыянальны аналіз), які лічыць асновай сац. раўнавагі супадзенне, узаемадапаўняльнасць чаканняў розных індывідаў і груп, абумоўленыя агульнымі сацыякульт. і рэліг. каштоўнасцямі (Т.Парсанс, Р.К.Мертан).