кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТЭ́ЛЬ,
1) кустовая трапічная расліна — перац бетэль (Piper betle) з сям. перцавых. Пашыраны ў Інданезіі. Разводзіцца ў трапічнай Азіі. Выкарыстоўваюць як узбуджальны наркатычны і лек. (танізоўны, антысептычны) сродак, мае востры эфірны алей.
2) Сумесь вострага на смак лісця і пладоў перцу бетэлю з пэўнымі дамешкамі, якую мясц. жыхары ўжываюць для жавання свежай або ў выглядзе масцікі для танізавання і ўзбуджэння нерв. сістэмы. У якасці дамешкаў ідуць кавалкі насення арэкавай пальмы з невял. колькасцю нягашанай вапны (для нейтралізацыі к-т, якія мае лісце). Поласць рота, язык, дзясны і сліна афарбоўваюцца ў крывава-чырвоны колер, зубы чарнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЛА́НТ (Ailanthus),
род лістападных дрэў сям. сімарубавых. 12—15 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, на У Аўстраліі. На Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Закаўказзі, Малдавіі, Паўд.-Зах. Украіне і С. Азіі інтрадукаваны 3 віды. Найб. вядомы айлант найвышэйшы, або кітайскі ясень (ailanthus altissima).
Выш. 20—30 м. Лісце чаргаванае, складанае. Кветкі дробныя, у мяцёлчатых суквеццях, зеленавата-жоўтыя, з непрыемным пахам. Плод — сухая прадаўгаватая крылатка з адзіным зернем у сярэдзіне. Малапатрабавальныя да глебавых умоў, святлолюбівыя. Лек. расліны. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб паперы. Лісцем айкумены ў Кітаі кормяць вусеняў айлантавага шаўкапрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМЕ́ЙДА-ГА́РЭТ (Almeida Garrett Жуан Баптышта да Сілва Лейтан ды
(da Silva Leitão; 4.2.1799, г. Порту, Партугалія — 9.12.1854),
партугальскі пісьменнік. Прыхільнік дэмакр. канстытуцыі, у 1823 вымушаны эмігрыраваць. Пазней — дыпламат і дэпутат парламента. Заснавальнік прагрэс.-рамант. кірунку ў партуг. л-ры (паэмы «Камоэнс», 1825, «Дона Бранка», 1826; зб-кі лірычных вершаў «Кветкі без пладоў», 1845; «Апалае лісце», 1853). У цэнтры рамана «Арка святой Ганны» (ч. 1—2, 1845—51) і драм «Аўту Жыла Вісентэ» (1838), «Збройнік з Сантарэма» (1841), «Брат Луіж ды Сауза» (1844) — эпізоды нац. гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКВЕ́ТКА (Moneses),
род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс.м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.
Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МІС (Іосіф Самуілавіч) (29.10.1918, Мінск — 29.9.1984),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах валторны (1941) і оперна-сімф. дырыжыравання (1950). З 1936 у Дзярж. т-ры оперы і балета, у 1979 — 82 гал. дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены: нац. оперы «Марынка» Р.Пукста і «Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, аперэта «Несцерка» Р.Суруса, класічныя оперы «Баль-маскарад» і «Атэла» Дж.Вердзі, «Князь Ігар» А.Барадзіна, балеты «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага, «Спартак» А.Хачатурана, «Жызэль» А.Адана, аперэта «Лятучая мыш» І.Штрауса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕ́ЖНІК (Oenanthe),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, гарах трапічнай Афрыкі, у Паўн. Амерыцы. Культывуюцца ў Галандыі. На Беларусі па берагах рэк і азёраў, на балотах расце амежнік вадзяны (O. aquatica); у наваколлях Магілёва і Гродна адзначаны амежнік дудкаваты (O. fistulosa). Ядавітыя (у каранях атрутнае смолападобнае рэчыва энантатаксін).
Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны з вельмі галінастым пустацелым сцяблом выш. да 1,2 м. Лісце двойчы-тройчы перыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя або ружаватыя ў складаных парасоніках. Плод — падоўжана-яйцападобны віслаплоднік (мае эфірны алей). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С (Pimpinella anisum),
бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.
Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗУ́ЛЬНІК (Ligalaria),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усх. і Цэнтр. Азіі). На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (L. veitchiana), зубчасты (L. dentata), Пржавальскага (L. przewalskii) і прыгожы (L. speciosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з кароткім тоўстым карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Кветкава-дэкар. расліны.