ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.

Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.​Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРУ́ГА (Аляксандр Анісімавіч) (23.8.1901, Мінск — 9.5.1979),

бел. дзеяч самадз. мастацтва. Засл. дз. культ. Беларусі (1961). Скончыў бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1922). Арганізатар і кіраўнік (1948—79) Смаргонскага нар. цымбальнага аркестра, які пад яго кіраўніцтвам дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства. Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у т. л. нар. песень бел. «Лянок» і польск. «Трамблянка», арыг. твораў. Зрабіў шмат запісаў бел. песеннага і інстр. фальклору («У Марцінавым саду», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька» і інш.).

Г.​І.​Цітовіч.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.​В.​Швед.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙВС ((Graves) Майкл) (н. 1934, г. Індыянапаліс, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-ты ў Цынцынаты і Гарвардскі. З 1962 праф. Прынстанскага ун-та. З 1964 кіраўнік фірмы «Майкл Грэйвс» у Прынстане. Будынкі, створаныя паводле яго праектаў у стылі постмадэрнізму, вызначаюцца вытанчаным элегантным густам. Сярод работ: Музей прыроды і навукі (1967), «Александэрхаўс» (1973) — абедзве ў Прынстане, грамадскія будынкі ў Портлендзе (1982) і Луісвілі (1986) і інш. Вядомы і як мастак-манументаліст.

М.Грэйвс. Грамадскі будынак у Портлендзе. 1982.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМІ́Н (Пётр Міхайлавіч) (17.10.1892, с. Траццякі Барысаглебскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 30.6.1964),

расійскі фалькларыст, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Нежынскі гіст.-філал. ін-т (1915). З 1921 выкладаў у муз. навуч. установах Сімферопаля і Масквы. Даследаваў рус. песенны фальклор. З 1927 маст. кіраўнік (з 1932 разам з У.Захаравым) Дзярж. рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага. Аўтар тэкстаў песень («Белым снегам», «Руская красуня»), літ.-муз. кампазіцый, пастаноўшчык быт. сцэн, карагодаў Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЫШ (Рэнальд Іванавіч) (н. 10.9.1931, г.п. Капыль Мінскай вобл.),

бел. трэнер па спарт. гімнастыцы. Засл. трэнер Беларусі (1960), засл. трэнер СССР (1964). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1955). З 1971 ст. трэнер Цэнтр. савета спарт. т-ва «Чырвоны Сцяг» (г. Гродна). У канцы 1970-х г. кіраўнік школы трэнераў па спарт. гімнастыцы (г. Гродна). З 1997 трэнер па спарт. гімнастыцы. Сярод выхаванцаў К. — алімп. чэмпіёнкі А.Валчэцкая, В.Корбут, чэмпіёнка СССР Т.​Аляксеева.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЦЫ, Лочы (Locci) Аўгуста Вінцэнці (каля 1640, Варшава — 22.10.1732), польскі архітэктар. Вучыўся ў бацькі Аўгуста Станіслава Л. і Дж.​Б.​Джызлені ў Рыме. Кіраўнік буд.-дэкарацыйных работ і маст. дарадца польскага караля Яна III Сабескага. Паводле яго праектаў пабудаваны палац у Вілянаве (б. летняя каралеўская рэзідэнцыя каля Варшавы, 1677—1794; барока), створаны план Варшавы (1683, не захаваўся). Кіраваў буд-вам касцёла і кляштара капуцынаў у Варшаве (1683—85). На Беларусі для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу зрабіў праект галерэі (1678).

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Леанід Афанасьевіч) (29.4.1890, пас. Махінджауры, Аджарыя, Грузія — 27.12.1974),

вучоны-селекцыянер, акад. УАСГНІЛ (1948), Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914) і Маскоўскі с.-г. ін-т (1917). З 1924 кансультант і кіраўнік групы селекцыі сланечніку на Данской доследна-селекцыйнай станцыі Усесаюзнага НДІ алейных культур, адначасова ў 1946—50 заг. аддзела генетыкі і селекцыі Біял. ін-та Растоўскага ун-та. Навук. працы па селекцыі сланечніку, аўтар высокаўраджайных заразіхаўстойлівых сартоў алейных культур. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. да ліст. 1942 у г.п. Жыткавічы Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 20 чал. (кіраўнік Е.​Я.​Гораў), мела сувязь з партыз. і дыверсійна-разведвальнай групамі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод салдат ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі ням. дакументаў, медыкаменты, звесткі пра рух воінскіх эшалонаў і ахову чыгункі, размяшчэнне войск праціўніка. Пусцілі пад адхон 9 эшалонаў ворага. Пасля арышту кіраўніка і некалькіх удзельнікаў падполля патрыёты пайшлі да партызан.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)