род насякомых сям. сцэліянідаў атр. перапончатакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паразітуюць у яйцах (яйцаеды) матылёў, клапоў, мух. Т. зграбнага (T. gracilis), роўнага (T. Iaeviusculus), шарнірнага (T. verticillatus) выкарыстоўваюць для барацьбы з хваёвым і кольчатым коканапрадамі.
Цела даўж. 0,7—1,5 мм, чорнае. Брушка з яйцакладам на канцы. Развіццё з поўным ператварэннем. За год да 10 пакаленняў. Зімуюць лічынкі ў яйцах гаспадара. Разводзяць і выкарыстоўваюць як рэгулятары колькасці шкодных насякомых, у т. л. сляпнёў, шкоднай чарапашкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,
комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на атрыманне прыродных рэсурсаў у першапачатковай колькасці. Ажыццяўляецца з дапамогай штучных мер пасля поўнага або частковага вычарпання гэтых рэсурсаў у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду (напр., рэінтрадукцыя раслін, рэакліматызацыя жывёл, штучнае аднаўленне лесу). Лепш узнаўляюцца рэсурсы, здольныя да самааднаўлення (узнаўляльныя прыродныя рэсурсы — глебавыя, расл., жывёльныя). Адноснае ўзнаўленне т. зв. неўзнаўляльных рэсурсаў (мінералы, карысныя выкапні), утварэнне якіх у прыродзе не адбываецца або адбываецца вельмі марудна, дасягаецца пры дапамозе тэхналогій шматразовага паўторнага выкарыстання матэрыялаў (гл.Другасная сыравіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РША, Харшавадхана,
правіцель у Паўн. Індыі ў 606 — каля 646/647. З роду Пушпабхуці. Яго спадчынныя ўладанні былі ў верхняй ч. даліны Джамны, Усх. Пенджаба і Раджпутаны; сталіца — г. Стханешвара. Х. адваяваў у бенгальскага правіцеля Шашанкі і Гуптаў Малвы тэр. захопленай імі дзяржавы Маўкхарыяў і далучыў іх да свайго княства. Новай сталіцай зрабіў г. Канаудж. Падпарадкаваў частку Малвы, Бенгалію і Арысу (да 643), стварыў імперыю, роўную па велічыні Гуптаў дзяржаве. Краіна Х. складалася з вял.колькасці васальных княстваў і распалася пасля яго смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙФЕЦ Міхаіл Львовіч (н. 4.4.1962, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1998), праф. (2000). Скончыў Наваполацкі політэхн.ін-т (1984). З 1989 у Полацкім ун-це. Навук. працы па матэм. мадэліраванні тэхнал. працэсаў, сінергетыцы. Распрацаваў метады абмежавання магутнасці і колькасцітэхнал. уздзеянняў, кіравання адваротнымі сувязямі паміж параметрамі апрацоўкі. Прапанаваў спосабы стварэння вырабаў без формаўтваральнай аснасткі.
Тв.:
Математическое моделирование технологических процессов. Новополоцк, 1999: Синергетические аспекты физико-химических методов обработки. Мн., 2000 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙109т сухой масы і мае каля 300—500∙1021Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙109т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙106т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).
2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.Н.Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),
паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н (Adanson) Мішэль (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл.Франц.АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛО́Ў,
1) здабыча жывымі пэўнай колькасці дзікіх жывёл для навук. даследаванняў, заапаркаў і заасадоў, утрымання ці развядзення ў няволі, рассялення за межамі дадзенага рэгіёна (у мэтах акліматызацыі ці рэакліматызацыі).
2) Здабыча жывёл (пераважна млекакормячых і птушак) у прамысл. мэтах з дапамогай спец. прыстасаванняў і прылад: цянётаў, гонаў і інш. сетак, самалоўных пастак, садкоў, лоўчых ям і інш. Для многіх відаў жывёл адлоў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. заканадаўстваў, магчымы толькі ў межах вылучаных квот або на падставе выдадзеных прыродаахоўнымі органамі ліцэнзій; адступленне ад іх лічыцца браканьерствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ КАНТРО́ЛЬ,
1) сістэматычны адбор проб і аналіз канцэнтрацыі забруджвальнікаў, прадуктаў абмену і біятрансфармацыі ў чалавека і навакольным асяроддзі. Пры біялагічным кантролі вядзецца нагляд за колькасцю шкодных рэчываў у паветры, вадзе, глебе, харч. прадуктах, арганізмах і рэгіструюцца яе адхіленні ад прынятых нарматываў — гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК).
2) У замежнай л-ры тэрмін біялагічны кантроль выкарыстоўваецца як сінонім «біял. метаду» — сукупнасці прыёмаў скарачэння колькасці непажаданых арганізмаў з дапамогай інш. жывых істот і біяпрадуктаў.
3) Сукупнасць метадаў, якія забяспечваюць дасягненне мэт біялагічнага маніторынгу, кантроль за станам папуляцый, біяцэнозаў ці інш. біясістэм.