помнік грэка-фракійскага мастацтва канца 4 — пач. 3 ст. да н.э. ў г. Казанлык (Балгарыя). Адкрыта ў 1944. Круглае ў плане пахавальнае збудаванне ўяўляе сабой цагляную камеру з купалам у форме ўсечанага конуса і кароткі дромас (калідор). Скляпенне ўпрыгожана размалёўкай па сухой тынкоўцы з размешчанымі па крузе выявамі фракійскай пахавальнай трапезы і бегу калясніц, падзеленых паясамі геам. арнаменту. Размалёўка адметная свабодай і ўраўнаважанасцю кампазіцыі, велічнай нязмушанасцю рухаў фігур. Уключана ў Спіс сусветнай спадчыны. Іл.гл. да арт.Балгарыя.
Літ.:
Васильев А. Античная гробница в Казанлыке: [Пер. с болг.] София, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с.Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і З ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІЛО́ВІЧ (Сяргей) (4.11.1929, в. Таргуны Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29 10.1993),
бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі. У 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З канца 1940-х г. у ЗША (штат Агайо). Чл. Згуртавання бел. моладзі, Кліўлендскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1951 прыхода Жыровіцкай Божай Маці Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (БАПЦ) у Кліўлендзе. Ініцыятар стварэння бел. грамадска-культ. цэнтра «Полацак», к-та па аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры прыходзе БАПЦ у Кліўлендзе. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (Мінск, ліп. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНА́КФУС (Knakfusas, Knackfuss) Марцін (каля 1740, г. Вулька Мазавецкага ваяв., Польшча — каля 1821), літоўскі архітэктар. Выкладаў у Віленскім ун-це (1773—75). З 1777 праф. архітэктуры Віленскай акадэміі (з 1781 Гал. школа ВКЛ). Удзельнік паўстання 1794. Паводле яго праектаў пабудаваны ўсх. і зах.ч. Вяркяйскага палаца (цяпер у межах Вільнюса; пачаты ў 1780), паўд. прыбудова абсерваторыі Віленскага ун-та (1782—88), касцёл у Куртувенай (Шаўляйскі р-н; 1783—92). У Вільні рэканструяваў палацы Лапацінскіх, Тызенгаўзаў і інш. (усе канца 18 ст.), Зялёны мост цераз р. Нярыс (1791). У сааўтарстве будаваў палац у Паэжараі (Вілкавішкскі р-н; 1796—99).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
вадасховішча каля паўн.зах. ускраіны Мінска, у межах курорта Ждановічы; уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Створана ў 1975. Пл. 1,3 км², даўж. 2,8 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 4 м, аб’ём вады 2,96 млн.м³. Пераважаюць нізкія пясчаныя берагі, якія плаўна зліваюцца са схіламі. 2 астравы (агульная пл. 0,12 км²). Дно выслана пяском і глеем. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня 50—55 см) трымаецца да канца красавіка. Зарастае 4% плошчы. Выкарыстоўваецца для воднага добраўпарадкавання горада. На беразе К. санаторыі, базы і лагеры адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФА́РГ ((Lafargue) Поль) (15.1.1842, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 25.11.1911),
дзеяч французскага і міжнар.сацыяліст. руху. Па адукацыі медык. У 1866—68 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі, член Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. З 1871 у Іспаніі, у 1872—82 у Лондане. З канца 1870-х г. паплечнік Ж.Геда. Адзін з заснавальнікаў франц. Рабочай партыі (1879) і Інтэрнацыянала 2-га (1889). У 1891—93 дэп. парламента Францыі. Выдаваў на франц. мове творы К.Маркса і Ф.Энгельса і папулярызаваў іх ідэі ва ўласных творах. Аўтар прац па рэлігія-, літаратура-, мовазнаўстве. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,
філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст.Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл.арт.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),
старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.