французскі фізік; адзін з заснавальнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Чл. Парыжскай АН (1905). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), дзе і працаваў у 1878—83 і з 1904 (праф.), у 1883—1904 у Школе фізікі і хіміі. Навук. працы па фізіцы крышталёў, магнетызме і радыеактыўнасці. Разам з братам Полем Жанам К. адкрыў з’яву п’езаэлектрычнасці (1880), у 1884—95 выканаў шэраг даследаванняў па сіметрыі крышталёў і магнітных уласцівасцях рэчываў (гл.Кюры—Вейса закон, Кюры закон, Кюры пункт). З жонкай М.Складоўскай-Кюры адкрыў хім. элементы палоній і радый (1888), даследаваў уласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення. У іх гонар названы адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўская прэмія 1903 (разам з А.Бекерэлем).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. М.; Л.,1966.
Літ.:
Кюри М. Пьер Кюри: Пер. з фр.М., 1968;
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІЧЭ́НКА (Леанід Мікалаевіч) (н. 31.3.1914, с. Русанаўка Ліпавадалінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі літаратуразнавец, крытык. Чл.-кар.АН Украіны (1958). Д-рфілал.н. (1958). Скончыў Кіеўскі ун-т (1939). Друкуецца з 1938; Даследуе гісторыю ўкр. л-ры, яе ўзаемасувязі з інш., пераважна слав. л-рамі. Аўтар прац «Паэзія і рэвалюцыя» (1956), «Не ілюстрацыя — адкрыццё!» (1967, Дзярж. прэмія Украіны імя. Т.Шаўчэнкі 1968), «Жыццё як дзеянне» (1974), «Паэтычны свет Максіма Рыльскага (1910—1941)» (1980), «Тарас Шаўчэнка — паэт, змагар, чалавек» (1982) і інш. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі ўкраінскай літаратуры» (т. 1—8, 1967—71). У асобных артыкулах закранаў узаемаўплывы бел. і ўкр. пісьменнікаў, спецыфіку бел. прозы і паэзіі на прыкладзе твораў Я.Купалы, Я.Коласа, А.Адамовіча, Я.Брыля, З.Бядулі, А.Кулакоўскага, М.Лынькова, І.Мележа, П.Панчанкі, І.Шамякіна і інш.
Тв.:
Рус.пер. — О многообразии художественных форм и стилей в литературе социалистического реализма. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АН Украіны К.К.Хрэнава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач.н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЦЯЖКА,
метад лячэння пашкоджанняў (пераломы, вывіхі) і некаторых захворванняў апорна-рухальнага апарата. Пры выцяжцы пераадольваецца мышачная рэтракцыя, адбываецца паступовае расцягвальнае дзеянне на пэўную вобласць цела для ліквідацыі дэфармацый і зрушэння адломкаў пры пераломе. Выкарыстоўваюцца шыны і апараты, фігурныя артапедычныя падушкі, для ліквідацыі зрушэння адломкаў па шырыні — петлі для ўпраўлення і фіксацыі.
Адрозніваюць выцяжку кароткачасовую (аднамомантную) і працяглую (пастаянную). Аднамомантная выцяжка робіцца рукамі хірурга для ўпраўлення адломкаў пры пераломах ці сустаўных канцоў касцей пры вывіхах. Пастаянную выцяжку робяць грузам з дапамогай спец. інструментаў і апаратаў для ўпраўлення адломкаў і ўтрымання іх у пэўным стане да з’яўлення касцявога мазаля. Выкарыстоўваюць пастаянную клеевую выцяжку як самастойны метад лячэння пераломаў сцягна ў дзяцей і забеспячэння спакою пашкоджаных канечнасцей і шкілетную выцяжку, як правіла, у дарослых, для ўпраўлення пераломаў ніжніх канечнасцей. Сістэма выцяжкі ўключае: правільную ўкладку пашкоджанай канечнасці і хворага, велічыню грузу, петлі для ўпраўлення і фіксацыі, спалучэнне шкілетнай цягі і клеевай выцяжкі і інш. Падводная выцяжка (вертыкальная і гарызантальная) спалучае пастаянную выцяжку з уздзеяннем вады. Выкарыстоўваюць яе пры астэахандрозах пазваночніка.