КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),
у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз.аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр.груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.
І.У.Чаквін (у этнаграфіі), А.Г.Лукашанец (у мовазнаўстве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКАБУДАЎНІ́ЧАЯ І ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з найважнейшых галін прамысловасці, якая займаецца станкабудаваннем і вытворчасцю інструментаў. Спецыялізуецца на выпуску металарэзных станкоў, дрэварэзальных станкоў, аўтаматычных ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі, абсталявання для кавальска-прэсавай вытворчасці, металарэзнага інструменту, дрэварэзальнага інструменту, кавальскага інструменту, аснасткі тэхналагічнай, абсталявання для ліцейнай вытворчасці, гідраапаратуры і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. Найбуйнейшыя з прадпрыемстваў станкабудавання: Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Мінскі завод аўтаматычных ліній, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод заточных станкоў, Аршанскі станкабудаўнічы завод, Гомельскі завод станочных вузлоў, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Заводы інстр. прам-сці: Мінскі інструментальны завод, Кобрынскі інструментальны завод «Сітама» (у складзе Бел.інстр.ВА), Аршанскі інструментальны завод, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі; міжгаліновых вытв-сцей: Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Гомельскі завод «Гідрапрывод», Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання. Працуюць таксама Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі завод станкапрылад, Пінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кавліцмаш» (выпускае ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне). Акрамя спецыялізаваных станкабудаваннем займаюцца інш. прадпрыемствы. Інструмент выпускаюць у сваіх інстр. цэхах большасць машына- і прыладабуд. з-даў. Металарэзнае абсталяванне, якое цяпер ствараецца, паводле прадукцыйнасці, дакладнасці, ступені аўтаматызацыі, сервісу і інш. паказчыкаў адпавядае ўзроўню замежных узораў. У апошнія гады створана аснова для пераходу на блочна-модульны прынцып праектавання і вытв-сці станкоў розных тэхнал.груп. Забяспечваецца павышэнне прадукцыйнасці, дакладнасці і гібкасці асн.груп металарэзнага абсталявання, ствараюцца новыя канструкцыі дапаможнага (магн. пліты, маніпулятары, спец. накапляльнікі) і кантрольна-вымяральнага абсталявання. 63 вытворцы розных форм уласнасці выпускаюць больш за 6300 тыпапамераў металарэзнага інструменту і звыш 2600 тыпапамераў абразіўнага (у т. л. на аснове звышцвёрдых матэрыялаў), што складае 58% інструментальнага сектара (29% прыпадае на вытв-сць штампаў і прыстасаванняў, 13% — на вытв-сць сродкаў вымярэння). Асн. кірункам дзейнасці інструментальнай падгаліны з’яўляецца павелічэнне ўзроўню імпартазамяшчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае свядомыя адносіны сац.груп або асобы да патрабаванняў грамадства, яго нормаў і каштоўнасцяў. У адпаведнасці са сферамі праяўлення адрозніваюць паліт. маральную, юрыдычную і інш. адказнасць; у залежнасці ад яе носьбіта — індывідуальную (асабістую) і калектыўную. У індывіда адказнасць фарміруецца як вынік яго здольнасці вызначаць свой спосаб існавання і паводзін. Перадумовай асабістай адказнасці ў філасофіі лічыцца адзінства чалавечай жыццядзейнасці і неабходнасці апасродкавання ўздзеяння свядомасцю і выбарам самога індывіда. Таму чалавек здольны самавызначацца ў адносінах да свайго сучаснага і мінулага жыцця, быць «аўтарам» сваіх дзеянняў і ўчынкаў, г. зн. браць адказнасць за іх на сябе; ён усталёўвае ў рэальнасці пэўны парадак маральнасці, свабоды і належнага існавання, якія не залежаць ад наяўных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка (загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы), у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч (1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял.кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп.арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар.парт.к-та створана 2-я падп.арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ Пётр Міхайлавіч (31.10.1895, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 15.10.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Д-рмед.н., праф. (1938). Беларус. Скончыў Кіеўскі мед.ін-т (1922). У 1918 удзельнічаў у студэнцкім узбр. паўстанні ў Кіеве. З 1933 дырэктар Кіеўскага НДІ педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі (у 1965—92 ін-т яго імя). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, вядучы хірург медсанбата, паранены трапіў у палон, уцёк. З 1942 працаваў у бальніцы г. Фастаў Кіеўскай вобл., адзін са стваральнікаў падп. арг-цыі і партыз.груп, урач партыз. атрада.
13.10.1943 у час бою схоплены гітлераўцамі, пасля катаванняў спалены жывым разам з інш. партызанамі-заложнікамі. На магіле Б. ў с. Тамашоўка Фастаўскага р-на помнік. Яго імем названа вуліца ў Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,
адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б.ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),
адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер.груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.Мак-Лафліна, Дж.Дзюка, Ж.Л.Панці, Ч.Корыя, Х.Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш.).