АДЗА́ЛА (Odzala),

нацыянальны парк у Конга. Засн. ў 1935 (да 1940 запаведнік) у вярхоўях р. Мамбілі (прыток р. Ліквала). Пл. 110 тыс. га. Біясферны рэзерват. Захоўваюцца вільготны трапічны лес і саванна. У фауне звычайныя афрыканскі слон, буйвал, карлікавы буйвал, бонга, кустовая свіння, леапард, залаты кот і інш.

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́ЎСКАЕ,

нізіннае балота ў Беларусі, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Іванаўскіх р-нах Брэсцкай вобл., на вадазборы р. Ясельда. Пл. 22,9 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,1 м. Часткова асушанае, выкарыстоўваецца пад сенажаць, збожжавыя і кармавыя культуры; на неасушаных участках пераважаюць хмызнякі, асокі і разнатраўе.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА (Kosciusko),

гара ў Аўстралійскіх Альпах, самая высокая вяршыня Аўстраліі (2230 м). Складзена з крышт. парод. На вяршыні 5 месяцаў ляжыць снег. Ледавіковыя ландшафты, альпійская і субальпійская расліннасць, эўкаліптавыя лясы. Нац. парк (пл. 675 тыс. га, засн. ў 1944; уключае біясферны рэзерват). Названа ў гонар Т.Касцюшкі.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е,

гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс. га.

Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЭ́Я рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Касалянка (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 117 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Церахоўка, вусце за 2 км на ПнУ ад в. Прудок. Рэчышча каналізаванае. Каля в. Лебядзёўка плаціна і сажалка (пл. 27,3 га).

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЯЙ, Бояй (Bolyai) Янаш (15.12.1802, г. Клуж-Напока, Румынія — 27.1.1860), венгерскі матэматык, адзін са стваральнікаў нееўклідавай геаметрыі. Калі быў студэнтам Ваенна-інж. акадэміі ў Вене, займаўся доказам пастулата аб паралельных лініях. У 1832 выдаў «Апендыкс» як дадатак да 1-га т. падручніка матэматыкі свайго бацькі Ф.​Больяй.

Я.Больяй.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

возера ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на пойме р. Бярэзіна, на ПнУ ад Бабруйска. Пл. 0,5 км². Даўж. 4 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 4 м. Берагі возера пясчаныя, пад хмызняком, 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай з р. Бярэзіна.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАМЯ́Н (Іван Хрыстафоравіч) (20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.

І.Х.Баграмян.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРАЎ (Леанід Аляксандравіч) (22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз. чл. Акадэміі артыл. навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППАнам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)