АРГЕНЦІ́НА (Argentina),

Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх. ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн. км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ. Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).

Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).

Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55° паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр. ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх. ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб. нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс. чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст. тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп. калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят. т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч. Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл. Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд. дол. (1992), 3,4 тыс. дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.

Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч. прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд. кВтгадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.

Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн. га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн. с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.

Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс. км, 55 тыс. км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс. км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс. чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс. чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс. чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс. чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс. чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс. чал.) і берагавой аховы (9 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс. чал. (1987).

Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч. г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч. г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн. экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.

Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг. рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.

Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).

Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.

Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст. Прафес. муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш. Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.

Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст. вял. значэнне для развіцця нац. т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап. т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац. т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац. ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.

Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г. найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.

Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс. чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш. усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс. чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел. культ.-асв. т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел. культ. т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс. чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел. нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс. чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел. нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс. чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.

Літ.:

Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;

Культура Аргентины. М., 1977;

Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Х.-К.Папок (літаратура), А.А.Гарахавік (музыка), Л.М.Зайцава (кіно), Т.А.Папоўская (беларусы ў Аргенціне).

Герб і сцяг Аргенціны.
Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.
Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.
Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.
Аргенціна. Горад Кордава.
Да арт. Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.
Да арт. Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.
Да арт. Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ Старажытная, Элада (грэч. Hellas), цывілізацыя, дзяржаўнасць і культура на тэрыторыі паўд. ч. Балканскага п-ва, астравоў Эгейскага м., зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія і інш. зямель у 2—1-м тыс. да н.э. (ад узнікнення першых грэч. гарадоў-дзяржаў да рым. заваявання ў 2 ст. да н.э.).

Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю Грэцыі на 2 вял. эпохі: мікенскую (крыта-мікенскую) палацавую цывілізацыю і ант. полісную цывілізацыю, а таксама на больш дробныя перыяды. У 1-ю эпоху (30—12 ст. да н.э.), якая прыпадае на бронзавы век, дагрэчаскае насельніцтва (пеласгі) выцеснена ўласна грэчаскім (ахейцы), сфарміраваліся крыта-мікенская культура з цэнтрам у Кносе, раннекласавае грамадства на чале з басілеямі, узніклі мараплаванне і пісьменства (гл. Крыцкае пісьмо). Канцом гэтай эпохі сталі Траянская вайна і перасяленне ў Грэцыю дарыйцаў. У прамежкавыя перыяды — субмікенскі (1125—1025 да н.э.) і гамераўскі (11—9 ст. да н.э., вядомы пераважна паводле эпасу Гамера, наз. таксама «цёмныя вякі») — адбыўся пераход да жал. веку, склаліся патрыярхальнае рабства і раннія полісы як асобая форма земляробскай абшчыны. Эпоха ант. поліснай цывілізацыі пачалася з архаічнага перыяду (8—6 ст. да н.э.), які па часе супаў з шырокай тэр. экспансіяй грэкаў (т.зв. вял. каланізацыя, з сярэдзіны 8 ст. да н.э.). У архаічны перыяд грэч. грамадства развівалася найб. інтэнсіўна. Адбылося станаўленне класічнага рабства і полісаў як гарадоў-дзяржаў, фарміраванне сістэмы грашовага абарачэння і рынку, мелі месца распрацоўка канцэпцый суверэнітэту народа і дэмакр. формы праўлення, гал. этычных нормаў і прынцыпаў маралі, эстэт. ідэалаў, зараджэнне асн. феноменаў ант. культуры — філасофіі і навукі, гал. жанраў л-ры, т-ра, ордэрнай архітэктуры, спорту. Каланізацыю, выкліканую пераважна недахопам с.-г. зямель (з-за гэтага ў полісах нярэдка адбываліся грамадз. войны і гвалтоўны перадзел зямлі) і імкненнем грэкаў устанавіць свой кантроль над гандл. шляхамі, першымі пачалі астраўныя гарады Халкіда і Эрэтрыя, потым Карынф, Мегары, малаазійскія гарады (асабліва Мілет) і інш. Каланізацыя развівалася ў 3 асн. кірунках: зах. (Сіцылія, Паўд. Італія, Паўд. Францыя, усх. ўзбярэжжа Іспаніі), паўн. (фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага м., раён праліваў з Міжземнага ў Чорнае м. і ўзбярэжжа апошняга) і паўд.-ўсх. (узбярэжжа Паўн. Афрыкі і краіны Леванта). У ходзе яе заснаваны ант. калоніі, у т. л. Сіракузы, Тарэнт, Візантый, Гаргіпія, Ольвія, Пантыкапей, Фанагорыя, Херсанес Таўрыйскі, Тыра; актывізаваўся грэч. марскі гандаль; рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі як самаст. галіна вытв-сці. Каланізацыя не поўнасцю спыніла сац. канфлікты, што ў 7—6 ст. да н.э. прывяло да зараджэння ў многіх грэч. гарадах, у т. л. Стараж. Афінах, ранняй формы тыраніі (у ліку першых тыранаў былі Пісістрат і Палікрат). Класічны перыяд (мяжа 6 і 5 ст. — 388 да н.э.) быў часам эканам., паліт. і культ. росквіту Грэцыі. Яго гал. знешнепаліт. падзеі — грэка-персідскія войны, Пелапанеская вайна, Карынфская вайна. Унутрыпаліт. развіццё было звязана з рэформамі Салона і Клісфена ў Афінах, законамі Лікурга ў Спарце і характарызавалася саперніцтвам у полісах дэмакр. і алігархічных (гл. Алігархія) сіл (найб. росквіту дэмакратыя дасягнула ў Афінах пры Перыкле), утварэннем дзяржаў федэратыўнага тыпу (найб. вядомыя Фесалія і Беотыя), паступовым узвышэннем Стараж. Македоніі. На пач. апошняга перыяду элінізму (канец 4 — апошнія дзесяцігоддзі 1 ст. да н.э.) крызіс класічных полісаў стаў прычынай усх. паходу (334—323 да н.э.) Аляксандра Македонскага. У ходзе грэка-македонскіх заваяванняў узнікла вял. імперыя, якая ахапіла Балканскі п-аў, астравы Эгейскага м., М. Азію, Егіпет, усю Пярэднюю Азію, паўд. раёны Сярэдняй Азіі і ч. Цэнтр. Азіі да ніжняга цячэння Інда. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) створаная ім імперыя ў выніку адсутнасці цесных унутр. сувязей і паўвекавых міжусобіц яго палкаводцаў (дыядохаў) распалася на шэраг эліністычных дзяржаў (Македонія, Грэка-Бактрыйскае царства, манархіі Селеўкідаў, Пталамеяў і інш.). Саперніцтва ўнутры Грэцыі паміж Македоніяй, Ахейскім саюзам і Эталійскім саюзам прывяло да аслаблення магутнасці краіны і ўмяшання ў яе справы Стараж. Рыма (з 197 да н.э.). Пасля роспуску рымлянамі Эталійскага (148 да н.э.) і Ахейскага (146 да н.э.) саюзаў Грэцыя фактычна страціла незалежнасць (канчаткова ў 27 да н.э. ў сувязі з ператварэннем Грэцыі ў рым. правінцыю Ахая).

Выхаванне і адукацыя. У Стараж. Грэцыі выхаванне разумелася як непарыўнае адзінства «гімнастычнага» і «мусічнага» (ад слова муза), як развіццё фіз. і разумовае адначасова. Сінтэзам гэтых элементаў павінна была стаць класічная раўнавага цела і духу, ідэал калакагатыі — гармоніі ў чалавеку прыгажосці і дабра. Пачатае з канкрэтнага ўяўлення аб прыгожым трэніраваным целе юнака «высакароднага паходжання», з цягам часу паняцце калакагатыі дасягнула вышыні абстракцыі, стала выражэннем грамадз. і этычных каштоўнасцей ант. грамадства, увасобленых у гарманічна развітой асобе.

У Стараж. Грэцыі сфарміраваліся 2 асн. тыпы выхавання: спартанскі і афінскі. У Спарце выхаванне фіз. развівалася за кошт выхавання інтэлектуальнага і эстэтычнага. У 7-гадовым узросце хлопчык пераходзіў пад апеку дзяржавы. Уключаны ў адзін з атрадаў (ілаў), пасля 4-гадовай падрыхтоўкі ён мог прыступіць да больш сур’ёзных заняткаў, якія завяршаў у 20-гадовым узросце ў якасці ірэна — сталага юнака. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі ад 7 да 14 гадоў) і эфебы (юнакі ад 14 да 20 гадоў). Ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў спартанцы праходзілі ваен. службу. Іх інтэлектуальная падрыхтоўка абмяжоўвалася ўменнем чытаць і пісаць, веданнем некалькіх ваен. і рэліг. песень, а таксама асобнымі звесткамі аб традыцыях, гісторыі, рэлігіі і абрадах Спарты. Загартоўка была суровая: развіццё ўпартасці і вынослівасці, здольнасці пераносіць нястачу, голад, холад, боль, выхаванне гатоўнасці да паходаў, валодання зброяй. Выхаванне дзяўчынак мала адрознівалася ад выхавання хлопчыкаў. На першым месцы былі фіз. сіла і вынослівасць дзяўчынак, будучых маці грамадзян-воінаў. Яны займаліся нароўні з хлопчыкамі гімнастыкай, бегам, кідалі дыск, дужаліся, а таксама вучыліся спевам і танцам. Гал. мэтай такой сістэмы было выхаванне людзей развітых фізічна, храбрых і дысцыплінаваных. Арганізацыя выхавання ў Спарце прыпісваецца Лікургу і апісана Плутархам у «Жыцці Лікурга».

У Афінах ідэалам выхавання было фарміраванне чалавека ўсебакова адукаванага. Ідэя калакагатыі рэалізоўвалася праз фіз. і мусічнае, або інтэлектуальнае, маральнае і эстэт. выхаванне. Мусічным выхаваннем хлопчыкаў ва ўзросце 7—14 гадоў займаліся прыватныя настаўнікі — граматысты і кіфарысты. Граматыст вучыў дзяцей чытанню і пісьму, даваў ім асн. паняцці пра лічэнне. Потым яны пераходзілі да вывучэння стараж. пісьменнікаў (Гамер, Эзоп), чыталі паэмы Гесіёда, вершы заканадаўца Салона, творы Феакрыта, развучвалі гімны ў гонар багоў. Кіфарыст даваў хлопчыкам навыкі ігры на ліры ці кіфары. Пад кіраўніцтвам педатрыба ў палестрах 15—16-гадовыя хлопчыкі спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданнях кап’я і дыска. Выхаванне інтэлектуальнае і фіз. працягвалася ў гімнасіях, якія ў эліністычную эпоху былі асн. тыпам публічнай сярэдняй школы. Заканчэннем выхаваўчага цыкла была 2-гадовая ваен. і грамадз. падрыхтоўка ў дзярж. эфебіях, створаных пасля 338 да н.э. Дзяўчынкі з усіх сац. слаёў атрымлівалі хатняе выхаванне. Тып афінскага выхавання перамог у эліністычным свеце і пазней адыграў значную ролю ў развіцці еўрап. педагогікі. У Афінах сфарміраваўся таксама тып вышэйшай школы, пачатак якой далі філас. школы і ў першую чаргу Акадэмія платонаўская.

Міфалогія і рэлігія. Стараж.-грэч. міфалогія прайшла ў сваім развіцці доўгі шлях, успрыняўшы некат. паданні народаў Стараж. Усходу (пераважна хетаў і фінікійцаў). З Усходу ў стараж.-грэч. пантэон трапілі асобныя божаствы і героі. Першапачаткова (перыяд матрыярхату) яна характарызавалася стыхійнымі, пачварнымі формамі, мела рысы хтанізму (ад грэч. chthōn зямля, якая, паводле міфалагічных уяўленняў, нараджала ўсе гэтыя пачвары). У першабытную эпоху ў міфалагічных рэліг. уяўленнях стараж. грэкаў вял. значэнне мелі татэмістычныя, фетышысцкія і анімістычныя ўяўленні аб неаддзельнасці духоўнай сутнасці ад іх саміх (бог Зеўс уяўляўся арлом, лебедзем, маланкай, Афіна — савой ці змяёй). У перыяд матрыярхату яшчэ не існавала вызначанай іерархіі багоў: мноства мясц. багоў шанавалася ў асобных абшчынах і не мела ўсеагульнага значэння. Паступовае афармленне алімпійскай міфалогіі адбывалася ў перыяд патрыярхату. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-грэч. міфалогія дасягнула свайго росквіту, канчаткова склаўся алімпійскі пантэон багоў, якія жылі на гары Алімп і падпарадкоўваліся ўладзе аднаго бога — Зеўса. Для алімпійскай міфалогіі характэрны яскрава выяўлены антрапамарфізм (багоў уяўлялі ў чалавечым абліччы, ад простых людзей яны адрозніваліся бяссмерцем і магутнасцю, але былі падобныя да іх сваімі паводзінамі, думкамі і пачуццямі). Замест б. паданняў аб пачварах з’явіліся міфы пра герояў (Геракл, Тэсей), якія змагаюцца з гэтымі пачварамі і перамагаюць іх. З разлажэннем абшчынна-радавых адносін, зараджэннем навук. ведаў наіўны міфалагічны антрапамарфізм знікае. У стараж.-грэч. паэтаў Гесіёда і Піндара Зеўс ператвараецца ў вобраз, які ўвасабляе прынцып сусв. справядлівасці; у Эсхіла Зеўс паказаны ў выглядзе сусв. дэспата, чалавеканенавісніка, прадстаўніка сляпых і неразумных сіл. У межах рабаўладальніцкай фармацыі міфалогія прайшла перыяд класікі, калі яна была носьбітам і выразнікам поліснай ідэалогіі, і эліністычна-рым. перыяд, калі яна ператварылася ў літ. і маст. прыём, у алегорыю або метафару. Побач з міфалогіяй развівалася і фарміравалася стараж.-грэч. рэлігія — вера ў звышнатуральную сілу багоў, замацаваная сістэмай культаў і абрадаў. Разам з афіц. дзярж. рэлігіяй у Стараж. Грэцыі былі пашыраны богаслужэнні, адкрытыя толькі для пасвячоных — містэрыі (у гонар Дэметры, Дыяніса і інш.).

Філасофія. Стараж.-грэч. філас. думка, якая дала пачатак еўрап. філасофіі, узнікла ў Іаніі — цэнтры грэч. культуры 7—6 ст. да н.э. У адным з найб. развітых яе полісаў — Мілеце, сфарміравалася натурфіласофія. Заснавальнік мілецкай школы (6 ст. да н.э.) Фалес, які лічыцца бацькам еўрап. філас. думкі, першы спрабаваў адказаць на пытанне, што з’яўляецца нязменнай першаасновай усяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё зноў вяртаецца. На яго думку, такой прасубстанцыяй з’яўляецца вада. Фалес не пакінуў пасля сябе ніводнага пісьмовага твора, а яго погляды (як і іншых дасакратыкаў) пераказаў Арыстоцель. Вучань Фалеса Анаксімандр упершыню выклаў свае погляды пісьмова ў творы «Аб прыродзе». У невял. урыўку, які захаваўся, ёсць квінтэсенцыя яго поглядаў: праматэрыяй усяго існага з’яўляецца «апейрон» (бясконцае). Анаксімен лічыў, што прасубстанцыяй было паветра, бо яно бязмежнае і ажыўляе свет, як душа (дух) ажыўляе жывыя арганізмы. Геракліт Эфескі сутнасць быцця бачыў у безупынных зменах, што адбываюцца паводле ўсеагульнага закону (логаса), у адзінстве і вечнай барацьбе процілегласцей. Дыяметральна іншых поглядаў прытрымліваўся заснавальнік элейскай школы (6—5 ст. да н.э.) Парменід, які выказаў ідэю адзінага нязменнага, нерухомага і непадзельнага быцця, пазнавальнага толькі шляхам дэдукцыі, незалежна ад вопыту і пачуццяў. Погляды свайго настаўніка абараняў Зянон, які, стоячы на пазіцыях адзінства і нязменнасці быцця, адзначаў супярэчнасці ў паняццях мноства, змянення і руху. Ён удасканаліў мастацтва вядзення спрэчак і лічыцца стваральнікам дыялектыкі, што знайшла шмат паслядоўнікаў сярод сафістаў (Горгій). Спробу прымірыць тэорыю нязменнага і незнішчальнага быцця элейцаў з заснаванай на вопыце карцінай зменлівай рэчаіснасці Геракліта зрабілі Эмпедокл і Анаксагор. Найб. дасканалай сістэмай, якая тлумачыла паходжанне і будову свету, у той час была атамістыка (Леўкіп, Дэмакрыт). Паводле атамістаў, свет складаецца з маленькіх непадзельных часцінак (атамаў), якія адрозніваюцца толькі формай і памерамі. Гэтым і абумоўліваецца розніца з’яў. Піфагарэйскі саюз, заснаваны Піфагорам (6 ст. да н.э.), меў характар рэліг. брацтва, якое імкнулася да ўдасканальвання сваіх членаў. Прадметам іх зацікаўлення былі астраномія, музыка і асабліва матэматыка. Першаасновай усяго існага для піфагарэйцаў быў лік і лікавыя адносіны. З дапамогай матэм. дэдукцыі яны прыйшлі да высновы, што Зямля мае форму шара. Новая карціна свету, пазначаная рысамі матэм. дакладнасці, зрабіла вял. ўплыў на Платона і стала адным з важнейшых элементаў яго філасофіі. Буйнейшымі прадстаўнікамі піфагарэізму на мяжы 5 і 4 ст. да н.э., былі Філалай, Архіт, Эўдокс. У канцы 1 ст. да н.э. піфагарэізм адрадзіўся як рэліг.-містычная сістэма і вядомы пад назвай неапіфагарэізм. У 5 ст. да н.э. ў Грэцыі дзейнічалі прафес. настаўнікі «мудрасці» — сафісты. Яны не стварылі асобнай філас. школы, але, вандруючы па гарадах і папулярызуючы філасофію, рыторыку, граматыку і стылістыку, грамадскія навукі, зрабілі вял. ўплыў на інтэлектуальнае і культ. жыццё Грэцыі. Выдатнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Фрасімах.

Новы перыяд стараж.-грэч. філасофіі пачаўся з Сакрата (5 ст. да н.э.), які перанёс свае даследаванні ў сферу маральнасці, імкнучыся знайсці ўсеагульнае і безумоўнае веданне не ў знешнім, а ў самім сабе. Яго паслядоўнікі заснавалі шэраг філас. школ: мегарская школа (Эўклід, Эўбулід, Алексін, Дыядор Крон) і эліда-эрытрэйская (Федон) развілі фармальную дыялектыку Сакрата, школы кінікаў (Антысфен) і кірэнаікаў (Арыстып) займаліся этычнымі праблемамі. Найвыдатнейшым вучнем Сакрата быў Платон, заснавальнік філас. школы, вядомай як Акадэмія платонаўская. Яго вучэнне — сінтэз усіх дасакратаўскіх філас. кірункаў. Арыстоцель, які на працягу 20 гадоў быў вучнем Платона, пасля яго смерці заснаваў уласную школу (Лікей). Гэта быў узорны даследчы інстытут, які сабраў лепшых вучоных ва ўсіх галінах ведаў. Вынікі іх даследаванняў паслужылі Арыстоцелю асновай для пабудовы філас. сістэмы, якая ахоплівала ўсё кола тагачасных ведаў аб прыродзе і грамадстве. У 4—3 ст. да н.э. сярод філас. школ найб. ўплыў мелі стаіцызм (заснавальнік Зянон), школа Эпікура і скептыцызм (заснавальнік Пірон). Вучэнне стоікаў і Эпікура адметнае пераважна ўвагай да праблем этыкі. Скептыцызм выступаў супраць усіх кірункаў, якія абвяшчалі магчымасць поўнага і аб’ектыўнага пазнання, і быў працягам вучэння сафістаў, асабліва Пратагора. Філас. сістэму, якая спрабавала прымірыць рэліг. думку Усходу з грэч. філасофіяй, стварыў Філон Александрыйскі (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Апошняй выдатнай філас. сістэмай старажытнасці быў неаплатанізм (3—6 ст. н.э., Плацін, Парфірый, Ямвліх, Прокл). У ім ідэалізм дасягнуў вышэйшай ступені свайго развіцця. Неаплатанізм значна паўплываў на хрысц. філосафаў (Арыген, Клімент Александрыйскі, Аўгусцін) і ням. ідэалістаў (Ф.Шэлінг, Г.Гегель).

Прыродазнаўчыя навукі. Да канца 4 ст. да н.э. прыродазнаўчыя, паліт. і філас. погляды ў Грэцыі складалі адну непадзельную навуку; амаль усе філосафы былі прыродазнаўцамі. Радзімай першых вучоных Стараж. Грэцыі была Малаазійская Іанія, цесна звязаная з культурай стараж.-ўсх. свету, якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё ўсёй стараж.-грэч. навукі. Першыя геам. ўяўленні, выкарыстанне цыркуля, прадказанне сонечных зацьменняў, рэкамендацыі мараплаўцам арыентавацца па Малой (а не Вялікай) Мядзведзіцы звязаны з Фалесам і яго школай (7—6 ст. да н.э.), назіранні над жывёльным светам — з Анаксімандрам, які склаў і самую стараж. карту айкумены, зрабіў схему нябеснага скляпення для арыентавання па зорках. Думкі пра існаванне, апрача «вогненных» нябесных свяціл, «цёмных цел зямлістай якасці» (планет), належаць Анаксімену. Пачатак развіцця тэорыі лікаў, метадаў дакладнага вызначэння матэм. паняццяў і строгіх лагічных доказаў звязаны з Піфагорам і яго школай (6 ст. да н.э.). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. значнага развіцця дасягнула стэрэаметрыя: Анаксагор і Дэмакрыт заклалі асновы тэорыі перспектывы. Вял. значэнне мела адкрыццё ў гэты перыяд ірацыянальных лікаў, а таксама фармулёўка задач аб квадратуры круга, падваенні куба і трысекцыі вугла. На мяжы 5 і 4 ст. да н.э. Леўкіп і Дэмакрыт сфармулявалі асновы атамістыкі. Адна з самых стараж. мед. школ створана на мяжы 6 і 5 ст. да н.э. Алкмеонам, які першы пачаў праводзіць анатаміраванне жывёл і выявіў, што мозг з’яўляецца цэнтрам нерв. дзейнасці. Гіпакрат абагульніў практычны вопыт лячэння хворых, распрацаваў асновы дыягностыкі, склаў апісанне і метады лячэння многіх хвароб. У 4 ст. да н.э. Арыстоцель пабудаваў сістэму ўсіх вядомых на той час навук і прапанаваў іх класіфікацыю. У перыяд элінізму прыродазнаўчыя навукі паступова аддзяліліся ад філасофіі. Астраномія і звязаныя з ёй матэматыка і механіка далей развіты ў працах Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта, Гіпарха, Пталамея і інш.

Геаграфія. Першымі даследчыкамі Міжземнага м. і навакольных тэр. былі крыцяне (прадстаўнікі мінойскай культуры, 3-е — пач. 2-га тыс, да н.э.) і ахейцы (мікенская культура, 2-е тыс. да н.э.). У працэсе развіцця гандлю і ў час ваен. паходаў яны даследавалі ўзбярэжжа Балканскага п-ва і ўсх. ч. Міжземнага м., многія раёны Зах. Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. Самымі стараж. геагр. творамі былі перыплы (апісанні марскіх плаванняў уздоўж берагоў) і перыэгесы (апісанні плаванняў і сухапутных падарожжаў з пазначэннем адлегласцей паміж прамежкавымі пунктамі) у вершаванай форме для больш лёгкага запамінання. Падобнымі былі і апісанні падарожжаў багоў, герояў і інш. міфічных асоб, пра якіх расказвалася ў міфах і эпічных паэмах. Гамераўскі эпас разам з казачнымі падрабязнасцямі марскіх падарожжаў змяшчае апісанні як рэальных мясцовасцей (напр., в-ва Крыт), так і паўлегендарных і легендарных. Рэальныя межы гамераўскіх геагр. уяўленняў відаць са звестак пра раёны Афрыкі (да паўд. межаў Сахары), зах. ч. сучаснай Індыі, Паўн. Прычарнамор’е. Многія раёны Прычарнамор’я і Зах. Азіі ўпершыню апісаны ў цыкле міфаў пра арганаўтаў. Пазней з рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаў на берагах Эгейскага м. грэкі ў пошуках новых зямель і гандл. партнёраў пачалі т.зв. вялікую каланізацыю. Яны асвоілі ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага м., сабралі дакладныя звесткі пра больш далёкія землі (Пірэнейскі п-аў, Вялікабрытанія, зах. ўзбярэжжа Еўропы, тэр. на Пн ад Чорнага м., унутр. раёны Паўн. Афрыкі і інш.). Вельмі пашырыўся іх кругагляд у выніку паходаў Аляксандра Македонскага.

Паводле меркаванняў грэч. Географаў 7—6 ст. да н.э., Зямля ўяўляла сабой плоскі цыліндр (дыск), які плавае ў Сусветным акіяне. Частка плоскай верхняй паверхні гэтага цыліндра — айкумена з цэнтрам у Грэцыі («пуп» Зямлі» — камень «амфалос» у Дэльфах). Першую карту айкумены стварыў Анаксімандр (канец 7—6 ст. да н.э.). У цэнтры гэтай карты — Міжземнае м., айкумена падзелена на 2 роўныя часткі — Еўропу і Азію. У Гекатэя Мілецкага (6—5 ст. да н.э.) адзначана трэцяя ч. свету — Лівія (Афрыка). Лічылася, што рэкі Істр (Дунай) і Ніл цякуць паралельна ў шыротным напрамку, першая праз Еўропу, другая праз Лівію, абедзве ад берагоў Атлантычнага ак. У 6 ст. да н.э. ў піфагарэйцаў узніклі ўяўленні пра шарападобнасць Зямлі. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) ужо ставіў пытанне пра вымярэнне даўжыні зямнога мерыдыяна. Дыкеарх (на мяжы 4—3 ст. да н.э.) вызначыў даўжыню мерыдыяна ў 300 тыс. стадый, а ў канцы 3 ст. да н.э. Эратасфен у выніку параўнальна дакладных вымярэнняў пакараціў яе да 252 тыс. стадый (39 690 км супраць фактычнай даўж. 40 007 км). Калі ў даўготным напрамку на рубяжы 6—5 ст. да н.э. вядомая айкумена працягвалася ад Гібралтара да Індыі, то ў шыротным яна была вядома яшчэ мала. У 3 ст. да н.э. паўн. краем айкумены лічыўся в-аў Туле, які грэкі размяшчалі на Пн ад Альбіёна (Вялікабрытаніі), каля Палярнага круга. Далей гэтага вострава, па звестках Піфея з Масаліі, які ўпершыню плаваў у морах, што абмываюць Паўн.-Зах. Еўропу (4 ст. да н.э.), пранікнуць было немагчыма. Самым паўд. пунктам айкумены і пры Страбоне (першыя гады н.э.) лічыўся паўд. край Чырвонага м. Піфей вызначаў шырату вывучаных ім пунктаў адноснай працягласцю дня ў перыяд летняга сонцастаяння. Пазней гэты спосаб геагр. арыентацыі дазволіў Эратасфену правесці праз вызначаныя пункты даўготныя і мерыдыянальныя лініі, а Гіпарху (2 ст. да н.э.) падзяліць зямны шар на 360 градусаў, прыняўшы за даўжыню аднаго градуса 700 стадый (110,25 км супраць сапраўднай велічыні 111,1 км) і назваўшы гэтую велічыню «кліматам». Пталамей (2 ст. н.э.) нанёс на градусную сетку ўсе вядомыя геагр. аб’екты. Ваен. экспансія і развіццё гандл. сувязей ранняй Рымскай імперыі садзейнічалі таму, што на карце Пталамея стала магчымым паказаць абрысы а-воў Вялікабрытанія і Ірландыя, раёнаў Афрыкі да шыраты воз. Чад, в-ва Цэйлон у Індыйскім ак., а таксама плямёны сераў і сінаў (стараж. кітайцы) на У. На карце Пталамея, хоць і з недакладнасцямі, упершыню паказана тэр. паміж Чорным і Балтыйскім морамі, у т. л. і тэр. сучаснай Беларусі. Геаграфія Пталамея была вяршыняй і абагульненнем ведаў стараж. грэкаў у галіне геаграфіі. Вял. ўклад у геагр. апісанне многіх краін Еўропы, Азіі і Афрыкі зрабілі грэч. гісторыкі Герадот і Фукідыд.

Гістарычная навука. Першымі творамі гіст. зместу былі працы іанійскіх лагаграфаў, найб. вядомыя з якіх Гекатэй Мілецкі (на мяжы 6—5 ст. да н.э.; аўтар твораў «Кругасветныя падарожжы», «Генеалогія»), Ферэкід (2-я пал. 5 ст. да н.э.; аўтар твора ў 10 кнігах, вядомага пад назвамі «Гісторыя», «Генеалогія», «Мінулае Атыкі») і Геланік з Мітылены (5 ст. да н.э.). Падзеям грэка-перс. войнаў прысвечана «Гісторыя» Герадота (485—425 да н.э.), дзе выкарыстаны багаты міфа-генеалагічны, гісторыка-этнагр. і гісторыка-быт. матэрыял. Высокай ступенню аб’ектыўнасці вылучаецца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідыда (каля 460 — каля 393 да н.э.), які надаваў вял. значэнне практычнай праверцы паведамленняў, што траплялі ў яго распараджэнне. Паслядоўнікамі Герадота і Фукідыда былі: Ктэсій (мяжа 5—4 ст. да н.э., яго тв. «Persika» і «Indika», прысвечаныя гісторыі і геаграфіі Асірыі, Вавілона, Персіі і Індыі, вядомы толькі ва ўрыўках); Ксенафонт (каля 430 — каля 355 да н.э., аўтар «Грэчаскай гісторыі», ваен.-гіст. мемуараў «Анабасіс»); Эфор (4 ст. да н.э.» аўтар першай «Усеагульнай гісторыі Грэцыі» і заснавальнік т.зв. рытарычнага кірунку ў грэч. гістарыяграфіі).

Працы Тымея (каля 345 — каля 250 да н.э.), прысвечаныя гісторыі Сіцыліі і Паўд. Італіі, напісаны з выкарыстаннем вял. фактычнага гісторыка-этнагр. матэрыялу і вядомы толькі ў фрагментах. Звесткі пра дзярж. лад грэч. полісаў 4 ст. да н.э. ёсць ў творах Платона («Дзяржава», «Законы») і Арыстоцеля («Афінская палітыя»). Гісторыя Грэцыі, Македоніі, М.Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемнай сувязі ў перыяд з 221 да 144 да н.э. выкладзена Палібіем (каля 200—118 да н.э.) у яго «Усеагульнай гісторыі» ў 40 кнігах. Імкнучыся крытычна прааналізаваць прычыны і ход гіст. падзей, ён значна паўплываў на развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі. Працягам працы Палібія была «Гісторыя» Пасідонія ў 52 кнігах (каля 135 — каля 50 да н.э.), якая ахоплівала падзеі 145—82 да н.э. і зрабіла вял. ўплыў на рымскіх гісторыкаў (Салюстый, Тацыт). У перыяд рым. панавання гістарыяграфію развівалі Дыядор Сіцылійскі (каля 80 — каля 20 да н.э.; «Гістарычная бібліятэка» ў 40 кн.), Дыянісій Галікарнаскі (60—5 да н.э.; «Рымскія старажытнасці» ў 20 кн.), Плутарх (каля 50 — каля 120 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»), Арыян (каля 95—175 н.э.; гіст. трактаты пра Індыю, жыццё і паходы Аляксандра Македонскага), Паўсаній (каля 118—180 н.э.; «Апісанне Элады» ў 10 кн.), Дыён Касій (каля 155—235 н.э., «Рымская гісторыя» ў 80 кн.) і інш.

Літаратура Стараж. Грэцыі — найстаражытнейшая з л-р Еўропы. Разам са стараж.-рым. яна складае ант. л-ру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культ. арэалам Б. Усходу. Яна зрабіла вял. ўплыў на развіццё больш позніх л-р і сусв. мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літ. родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрап. л-рамі з захаваннем грэч. назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.). Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэч. міфалогіі, якая была асн. матэрыялам стараж.-грэч. л-ры на працягу ўсяго яе развіцця.

Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са стараж. часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна наз. гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э. Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э. гал. месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыят. тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў в-аў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Паліт. тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі хар. лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі грэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа. Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэч. л-ры. Духоўным запатрабаванням дэмакр. поліса найб. адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай маст. дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вял. ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э. Высокага маст. ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыт, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі паліт. пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вял. дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самаст. галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вял. ўплыў на эстэт. тэорыю і драматург. практыку Адраджэння і класіцызму.

Л-ра эліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і паліт. праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-быт. і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей. Пачынаючы з 3 ст. да н.э. л-ра развівалася пераважна ў новых культ. цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусв. цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэт. дзейнасць з філал. заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Радоскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у л-ру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (сатыр. сцэнак) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літ. афармленне набыла навела з гіст. і быт. зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай. У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага (гл. Грэчаская мова). Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рым. імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар ант. сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэч. л-ры перайшлі ў хрысціянскую. З 4—5 ст. н.э. развівалася візант. л-ра (гл. ў арт. Візантыя).

Л-ра Стараж. Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа маст. творчасці і філас.-эстэт. адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі стараж. бел. л-ры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэт. прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф.Скарыны і М.Гусоўскага. С.Кашуцкі і С.Будны цытавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялогу апіраўся А.Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэч. міфалогіі і л-ры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М.Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной л-ры на Беларусі ўваходзілі гіст. раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою» (гл. «Троя»), З грэч. мовы перакладалі Б.Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды»), Ю.Дрэйзін («Антыгона» Сафокла), Л.Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла), А.Клышка («Дафніс і Хлоя» Лонга).

Тэатр. Паходзіць ад культавых земляробчых гульняў у часы ўрачыстасцей у імя бога Дыяніса. Дыфірамбы і фалічныя песні, што выконваліся на святы, мелі элементы дыялогу і тэатр. дзеяння і, паводле Арыстоцеля, далі пачатак трагедыі і камедыі. Т-р займаў важнае месца ў грамадскім жыцці грэкаў. Спектаклі наладжвалі архонты, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Выдаткі на ўтрыманне і навучанне хору, які быў неад’емнай часткай спектакляў, ускладаліся на багатых грамадзян Афінаў — харэгаў. Паказы рабіліся на вольным паветры. Будынак складаўся з 3 асн. частак: архестры (круглая пляцоўка, на якой выступалі хор і акцёры), скены (месца, дзе пераапраналіся і адкуль выходзілі акцёры) і тэатрона (месцы для гледачоў, размешчаныя на схілах узгоркаў). Самы стараж. з вядомых тэатр. будынкаў — т-р Дыяніса ў Афінах (6—4 ст. да н.э.). Жаночыя ролі ў прадстаўленнях выконвалі мужчыны ў масках. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. паэт Феспід вылучыў з хору асобнага выканаўцу — акцёра (пратаганіста). Грамадскае, паліт. і духоўнае жыццё народа знайшло адбітак у творчасці драматургаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, якія стварылі т-р вял. ідэй і дасканалай маст. формы. Апрача трагедый і камедый ставіліся сатыраўскія драмы — вясёлыя п’есы міфалагічнага зместу, дзе хор складаўся са спадарожнікаў Дыяніса — сатыраў. У эпоху элінізму трагедыя заняпала, стараж. ант. камедыя перастала існаваць. Сюжэты новай ант. камедыі, вядомым прадстаўніком якой быў Менандр, звязаны пераважна з быт. адносінамі і асабістымі перажываннямі. Стабілізавалася колькасць вобразаў-масак. Паявіліся акцёры-прафесіяналы, акцёрскія т-вы, членамі якіх былі вольнанароджаныя мужчыны. З 5 ст. да н.э. ў Грэцыі паказвалі невял. быт. і парадыйна-сатыр. імправізацыйныя сцэнкі — мімы. Сярод выканаўцаў былі і жанчыны, маскі адсутнічалі. У эліністычную эпоху пашыраным быў і пантамім — мімічны танец на міфалагічны сюжэт. У паўд. Італіі і ў Сіцыліі ў 4—3 ст. да н.э. выконваліся фліякі — невял. камедыйныя сцэнкі з абавязковым выкарыстаннем маскі. Тэатр. культура Стараж. Грэцыі зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. тэатр. мастацтва.

Музыка. Першыя сведчанні пра песенна-танц. і інстр. мастацтва Стараж. Грэцыі адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У 8—5 ст. да н.э. старагрэч. музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і маст. («мусічных») гульняў. У 7—6 ст. да н.э. найб. развілася хар. і сольная лірычная песня, а таксама інстр. музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў). Ант. музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужч. харавыя унісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэч. і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады. Стараж. грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва Стараж. Грэцыі вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрап. і сусв. мастацтва. Маст. помнікі захаваліся на тэр. ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэч. паліт. і культ. ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у М.Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў. Гісторыя мастацтва ўласна Стараж. Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля 23 ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маліі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкар. стыль. Угамераўскі перыяд (11—8 ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асн. тып жылога дома — мегарон. Да 7 ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль. У перыяд архаікі (7—6 ст. да н.э.) фарміраваліся полісы з характэрнай урбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандл. цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. Храмы будавалі з дрэва, з пач. 6 ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны 6 ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптэр (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш. Склалася класічная сістэма арх. ордэра. Ствараліся выразны, гарманічны арх. вобраз, суразмерныя чалавеку арх. маштабы. Пабудовы дарычнага ордэра: храмы Геры ў Алімпіі (канец 7 — пач. 6 ст. да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. 6 ст. да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. 6 ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордэра: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва 6 ст. да н.э.), малыя храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі. Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі. Фарміраваліся асн. тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратэр і інш. У 7 ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе размалёўку вызначаў расл. матыў. У вазапісе Карынфа (канец 7—6 ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Андакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтва гліптыкі.

У эпоху класікі (5—3-я чвэрць 4 ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй): прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар’іравалася ордэрная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўл. мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. 5 ст. да н.э. (Міран). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі паліт. і культ. цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — арх.-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найб. поўна і паслядоўна маст. прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. З пач. 4 ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (т-р у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец 5—2-я пал. 4 ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драм. напружанасць, Леахараакад. халоднасць. У 2-й пал. 4 ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю. У перыяд элінізму (канец 4—1 ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культ. уплываў Стараж. Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), арх. ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніке Самафракійская, канец 4 ст. да н.э.). Найб. важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манум. скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Колас радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).

Літ.:

Античная Греция: Проблемы развития полиса. Т. 1—2. М., 1983;

Античная цивилизация. М., 1973;

Античность и Византия. М., 1975;

Древние цивилизации. М., 1989;

Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ. М., 1975;

Историография античной истории. М., 1980;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1890—93;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989;

Боннар А. Греческая цивилизация: Пер. с фр. М., 1995;

Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э. М., 1966;

Яе ж. Греческое общество второго тысячелетия до н.э. и его культура. М., 1976;

Яе ж. Из истории греческой интеллигенции эллинистического времени. М., 1983;

Яйленко В.П. Архаическая Греция и Ближний Восток. М., 1990;

Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982;

Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. [М.], 1992;

Walbank F.W. The Hellenistic World. London, 1981;

Snodgrass A. La Grèce archaïque. Le temps des apprentissages. Paris, 1985;

Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. М. 1992;

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—93;

Зелинский Ф.Ф. Древнегреческая религия. Киев, 1993;

Яго ж. Религия эллинизма. Томск, 1996;

Лосев А.Ф. Античная мифология в ее историческом развитии. М., 1957;

Nilsson M.P. Geschichte der griechischen Religion. 2 Aufl. Bd. 1—2. München, 1955—61;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. 2 изд. М., 1986;

Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;

Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;

Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр. М., 1988;

Томсон Дж. Исследования по истории древнегреческого общества: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1958—59;

Мамардашвили М. Лекции по античной философии. М., 1997;

Guthrie W. A history of Greek philosophy. Vol. 1—3. Cambridge, 1962—69;

Дильс Г. Античная техника: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Эллинистическая техника: Сб. ст. М.; Л., 1948;

Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;

Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;

Вандер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959;

Идельсон Н.И. Этюды по истории небесной механики. М., 1975;

Томсон Дж. История древней географии: Пер. с англ. М., 1953;

Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;

Torer H.F. A history of Ancient Geography. New York, 1964;

Jacoby F. Griechische Historiker. Stuttgart, 1956;

Bury J.B. Ancient Greek historians. New York, 1958;

История греческой литературы. Т. 1—3. М.; Л.,1946—60;

Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988;

Фрейденберг О.М. Миф и литература древности. М., 1978;

Поэтика древнегреческой литературы. М., 1981;

Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;

Варнеке Б.В. История античного театра. М.; Л., 1940;

Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;

Flichinger R.C. The Greek theater and its drama. 4 ed. Chicago, 1960: Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;

Виппер Б.Р. Искусство Древней Греции. М., 1972;

Колпинский Ю.Д. Великое наследие античной Эллады и его значение для современности. 2 изд. М., 1988;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984;

Кобылина М.М. Антическая скульптура VII—V вв. до н.э. М., 1953;

Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966.

У.Я.Калаткоў (гісторыя), Н.К.Мазоўка (выхаванне і адукацыя, філасофія, гістарычная навука), І.Я.Афнагель (геаграфія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), Г.С.Глушчанка (музыка), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДА (Canada),

дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн. ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс. км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).

Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт. Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.

Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на ЗВял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр. выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн -35 °C, на Пд цэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л. Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн. га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд. м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс. чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс. чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".

Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л.2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р. Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн. чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. К насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р. Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс. англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт. калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш. паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан. паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт. Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн. чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.

1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш. брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак. Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен. прам-сць; за 1939—45 прамысл. вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс. чал. бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл. ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб. прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.

Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд. дол. ЗША, 24,4 тыс. дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс. т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд. м³, вугалю — 72,7 млн. т, жал. руды — каля 35 млн. т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш. Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд. кВт·гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сць трансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім. прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн. т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн. т, у т. л. газетнай — 10 млн. т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн. т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн. м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн. прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р. Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗ Брыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн. га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн. га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн. т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн. т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн. т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн. с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р. Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m​3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн. т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс. км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс. км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р. Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс. км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд. дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд. дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд. дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал. гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн. дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс. чал., рэзерву больш за 28 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс. чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс. чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж. навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУУн-т прав. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-т прав. Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац. навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац. н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальекая газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш. Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт. час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.

Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэп, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст. англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Мапро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Эгвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклср, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.

На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.

Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер. арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліяг-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін. арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц. арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап. маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.

У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап. маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.

Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз. навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз. ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап. муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш. Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар. муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес. т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец. тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г. асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац. тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац. тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).

Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер. рэж. Р.Флаэрці і англ. рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акг пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкгу, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».

Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр. нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус. правасл. царквы, Рус. прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв. эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел. нац. к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел. Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан. т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт. Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел. рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак. бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел. нар. мастацтва. Бел. самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел. нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел. літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац. этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.

Літ.:

Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;

Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;

Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;

Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;

Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;

Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;

Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;

Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ. М., 1990;

The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;

Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;

Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;

The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;

Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.

З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).

Герб і сцяг Канады.
Да арт. Канада. Тыповы краявід у прэрыях.
Да арт. Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.
Да арт. Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.
Да арт. Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.
Да арт. Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.
Да арт. Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.
Да арт. Канада. Нацыянальны парк Банф.

т. 7, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)