АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё),
арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬНА́ФТА»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі па нафтаздабычы і правядзенні геолага-пошукавых работ на нафту і газ. Створана ў 1966 у Гомелі. У 1970—80-я г. ў складзе «Беларуськалій» дзейнічала Бел. падраздзяленне буравых работ па прабіванні нафтавых свідравін у Зах. Сібіры. Першая прамысл. здабыча нафты пачалася ў 1965 на Рэчыцкім радовішчы нафты. У 1978 у эксплуатацыі было 20, у 1995 — 37 радовішчаў. За 1965—95 здабыта 100 млн.т нафты (перададзены Гомельскаму ўпраўленню нафтаправода «Дружба») і 4,84 млрд.м³ спадарожнага газу. Найб. ўзровень нафтаздабычы быў у 1975 — амаль 8 млн.т. У 1995 здабыта 1,9 млн.т нафты.
Да арт.«Беларусьнафта». Мантаж буравой вышкі на Рэчыцкім радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.
У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл.Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл.Аўтаваганні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЭ́РЫЯ (Vaucheria),
род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.
Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр.ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ (Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́Ч (Calvatia),
род базідыяльных грыбоў сям. дажджавіковых. 35 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 3 віды. Найб. вядомыя галавач мешкападобны (Calvatia utriformis) і гіганцкі (Calvatia gigantea). Глебавыя сапратрофы. Растуць асобнымі экзэмплярамі і групамі пераважна на лугах і пашах. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Пладовыя целы наземныя, розных памераў (ад 5 да 60 см), авальныя, шарападобныя, грушападобныя, плаўна пераходзяць да асновы ў баразнаватую ножку. У асобных відаў пладовае цела сядзячае. Мякаць белая з прыемным пахам і смакам, складаецца з камер, з узростам распыльваецца на споры і капіліцый. Маладыя грыбы ядомыя. Некаторыя віды маюць біялагічна актыўнае рэчыва кальвацын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДО́К (Scleranthus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі трапляюцца галадок аднагадовы (Scleranthus annuus), шматгадовы (Scleranthus perennis) і шматплодны (Scleranthus policarpos). Растуць у сухіх хваёвых барах, на ўзлесках, сухіх лугах, пустках, папарах, каля дарог і як пустазелле на палях.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі, прамастойнымі, прыўзнятымі ці распасцёртымі разгалінаванымі сцёбламі выш. (даўж.) да 20 см. Лісце супраціўнае, вузкалінейнае, амаль шылападобнае, накшталт шчацінак, без прылісткаў. Кветкі дробныя, непрыкметныя, без пялёсткаў, у густых паўпарасоніках. Чашачка з 5 вострых або тупых, па краі белаватых зубчыкаў. Плод — аднанасенная каробачка. Лек. і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙЗЕР (ісл. geysir ад geysa хлынуць),
крыніца, якая перыядычна выкідвае гарачую ваду і пару да выш. 20—40 м і больш. Пашыраны ў абласцях сучаснага ці нядаўняга вулканізму. Мае выгляд невял. конусаў, спадзістых паглыбленняў, катлавінак, ям з трубка- ці шчылінападобнымі каналамі. Адрозніваюць рэгулярныя гейзеры, працягласць цыкла якіх амаль пастаянная, і нерэгулярныя, са зменлівым цыклам. Існуюць у ЗША (найб. ў Йелаўстонскім нац. парку гейзер Стары Служака, выш. вывяржэння 42 м), Расіі (Даліна Гейзераў на Камчатцы, найб. Велікан, 40 м), Ісландыі, Канадзе, Новай Зеландыі, Японіі, Кітаі. Вадзяная пара і гарачая вада гейзера выкарыстоўваюцца для ацяплення будынкаў, цяпліц, на геатэрмальных электрастанцыях.
Гейзер Стары Служака ў Йелаўстонскім нацыянальным парку, ЗША.