ГЕ́РМАН (Аляксей Георгіевіч) (н. 20.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Сын Ю.П.Германа. Скончыў Ленінградскі дзярж. ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1960). Паставіў фільмы: «Праверка на дарогах» (1972, вып. 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987), «Дваццаць дзён без вайны» (1977, прэмія імя Ж.​Садуля, Францыя), «Мой сябра Іван Лапшын» (1982, вып. 1985, Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1986), «Хрусталёў, машыну!» (1991—97), дзе дакументавана дакладная перадача атмасферы мінулага часу стала маст. фундаментам філас. роздуму пра суадносіны асабістага і гістарычнага. Як акцёр здымаўся ў фільмах: «Раферці», «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» і інш.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ШАНЕК ((Geschonneck) Эрвін) (н. 27.12.1906, Берлін),

нямецкі акцёр. З пач. 1930-х г. у т-ры «Фольксбюнэ». У 1933 эмігрыраваў, жыў у Польшчы, СССР, Чэхаславакіі. У 1939—45 вязень гітлераўскіх канцлагераў. У 1945—49 у т-ры «Камершпіле» (Гамбург), з 1949 — у «Берлінер ансамблі». Сярод роляў: Маці, Палкавы свяшчэннік, Мяснік («Пан Пунціла і яго слуга Маці», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Маці» Б.​Брэхта). З 1932 здымаўся ў кіно: «Куле Вампе», «Капітан з Кёльна», «Людзі з крыламі», «Голы сярод ваўкоў», «Лорд з Александэрплац», «Чалавек з «Кап-Аркона». Нац. прэміі ГДР 1954, 1960, 1961.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРХА́НАЎ (Аслі Бадрыдзінавіч) (н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),

таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.​Саідмурадава і У.​Ісмаілава), Сафар («У агні» С.​Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.​Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.​Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),

чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.​Ірасека), Ранк («Нора» Г.​Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦІ́Р (Міхай) (Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),

малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). З 1957 у Малд. муз.-драм. т-ры імя В.​Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.​Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.​Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.​Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.​Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),

рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.​Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.

Літ.:

Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 3.1.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў школу-студыю МХАТа (1959), працуе ў т-ры імя Маякоўскага (Масква). Творчасць адметная майстэрствам псіхал. і сац. абмалёўкі персанажа. У рэпертуары драм., камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Звяздзінскі («Плады асветы» Л.​Талстога), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Ясон («Медэя» Эўрыпіда), Георгій Абашвілі, Давід («Каўказскі ’мелавы круг» Б.​Брэхта), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Жорж Піту («Смех лангусты» Дж.​Марэла). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Яшчэ раз пра каханне», «Праз церні да зорак», «Кветкі запозненыя», «Казка, расказаная ноччу», «Дзямідавы», «Вар’яцкі дзень інжынера Баркасава» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЯС ДЭ МЕНДО́СА ((Díaz de Mendoza) Фернанда) (7.7.1862, г. Мурсія, Іспанія — 20.10.1930),

іспанскі акцёр і тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у 1895 у Мадрыдзе. У 1896—1906 кіраўнік (з М.Герэра) трупы «Герэра—Мендоса». У 1929 арганізаваў у Буэнас-Айрэсе т-р «Сервантэс», які стаў правадніком ісп. тэатр. культуры ў краінах Лац. Амерыкі. Значную ўвагу аддаваў пастаноўкам п’ес класікаў нац. драматургіі (Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона, Тырса дэ Маліны, А.​Марэты) і тагачасных аўтараў (Х.​Эчэгарай-і-Эйсагірэ, Х.​Бенавентэ-і-Марцінеса, братоў С. і Х.​Альварэсаў Кінтэра), садзейнічаў фарміраванню творчасці шэрагу ісп. і аргенцінскіх акцёраў 20 ст.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.​Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.​Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.​Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Мікалай II («Змова» А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева).

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДЭР (Linder) Макс [сапр. Лёўель (Leuvielle) Габрыэль Максіміліян; 16.12.1883, Сен-Лубес, Францыя — 30.10.1925], французскі акцёр-комік. Вучыўся ў кансерваторыі ў Бардо. Выступаў у т-рах «Амбігю камік» і «Вар’етэ» ў Парыжы. З 1905 здымаўся ў кіно, з 1912 пастаноўшчык фільмаў. Творчасць Л. вызначыла пераход ад элементарнага камічнага дзеяння да стварэння камед. характэрнасці, быт. дакладнасці, тонкай іроніі. Лепшыя ролі ў фільмах «Макс і хінін», «Макс-тарэадор», «Чэмпіён па боксе», «Макс жэніцца», «Макс-гіпнатызёр» і інш. Скончыў самагубствам. У 1963 яго дачка выпусціла фільм «У кампаніі Макса Ліндэра», у які ўключаны лепшыя работы акцёра.

Літ.:

Трауберг Л. Мир наизнанку. М., 1984.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)