ПАДСТАРО́СТА,

намеснік старосты ў ВКЛ у 16—18 ст., прызначаўся асабіста старостам. Часта спалучаў сваю пасаду з пасадай гараднічага ці стольніка. Фактычны кіраўнік замкавага суда. У час паспалітага рушэння павінен быў заставацца ў замку (як і войскі), яму падпарадкоўваліся ўсе жыхары замка. У гэты час П. належала таксама ўся суд. ўлада ў горадзе.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЦКАЯ БІ́ТВА 1526.

Адбылася 29 жн. на правым беразе Дуная каля г. Мохач (Венгрыя) паміж тур. арміяй султана Сулеймана I Кануні (100 тыс. чал. і 300 гармат) і дваранскім войскам венг.-чэш. караля Лаяша II (25 тыс. чал. і 80 гармат). Скончылася разгромам войск Лаяша (загінуў пры адступленні). Пасля М.б. значная частка Венг. каралеўства захоплена Асманскай імперыяй; у Чэхіі ўмацавалася ўлада Габсбургаў.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВО́ГА ПАРА́ДКУ ПА́РТЫЯ,

партыя буйных прадпрымальнікаў і землеўладальнікаў у Расіі ў 1905—07. Узнікла ў кастр. 1905. Праграма (ліст. 1905): увядзенне «прававога парадку» (канстытуцыі), «адзінства і непадзельнасць» Рас. імперыі, «моцная дзярж. ўлада», умацаванне аўтарытэту манархіі, скасаванне абшчыннага землеўладання ў вёсцы, забарона забастовак пры паляпшэнні жыцця рабочых і «магчымым скарачэнні рабочага дня». У 1906—07 распалася: частка далучылася да акцябрыстаў, частка да манархістаў.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУВІ́Н (Bouvines),

населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),

сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́ЗІІ І НЬЯСАЛЕ́НДА ФЕДЭРА́ЦЫЯ (Federation of Rhodesia and Nyasalend),

адм.-паліт. ўтварэнне ў 1953—63, створана Вялікабрытаніяй у выніку аб’яднання яе афр. калоній: Радэзіі Паўднёвай, Радэзіі Паўночнай і Ньясаленда. Мела ўнутр. самакіраванне, але ўлада амаль цалкам належала еўрап. каланістам пераважна з Паўд. Радэзіі (каля 3% насельніцтва). Афр. насельніцтва выступала супраць федэрацыі, у выніку з яе выйшлі Ньясаленд (1962) і Паўн. Радэзія (1963). Фармальна скасавана 31.12.1963.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮТЫ́ЗМ, абсалютная манархія,

форма дзярж. кіравання, калі дзярж. ўлада неабмежавана належыць адной асобе. Пры абсалютызме, які прыйшоў на змену саслоўнай манархіі, дасягаецца найвыш. ступень цэнтралізацыі з разгалінаваным бюракратычным апаратам, пастаяннай арміяй і паліцыяй. Абсалютызм дасягнуў росквіту ў краінах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. У Расіі існаваў у 18—пал. 20 ст. (гл. Самадзяржаўе). Абсалютызм тармазіў далейшае развіццё капіталіст. адносін. Ліквідаваны ў большасці краін бурж. рэвалюцыямі, у Расіі — Лют. рэвалюцыяй 1917.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАГАТА́ЙСКІ (ЧАГАТА́ЙСКІ) УЛУ́С,

спадчыннае ўладанне манг. ханаў з роду Джагатая. Вылучыўся з Мангольскай імперыі ў 1224, уключаў сярэднеазіяцкія землі (Маверанахр, Сямірэчча і Кашгар). Пасля Курултая 1251 і ўступлення на прастол Мункэ большасць дарослых прадстаўнікоў дынастыі Джагатаяў была закатавана. У 1260-я г. ўнук Джагатая Алгу аднавіў ва улусе ўладу Джагатаяў. У 1340-я г. улус фактычна распаўся на шэраг феад. уладанняў. Пасля ўтварэння дзяржавы Цімура ўлада Джагатаяў спынілася.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖО́Ў-ГО, Маньчжурская дзяржава,

марыянетачная дзяржава ў 1932—45, створаная японцамі пасля захопу імі ў 1931 Маньчжурыі. Сталіца — г. Чанчунь. Вярх. правіцель (рэгент, з 1934 імператар) М. — апошні прадстаўнік дынастыі Цын — Пу І. Фармальна лічылася незалежнай дзяржавай, фактычна была калоніяй Японіі, уся рэальная ўлада належала яп. адміністрацыі і камандаванню Квантунскай арміі. Ліквідавана ў жн. 1945 у выніку Маньчжурскай аперацыі Чырв. Арміі, тэр. з 1946 зноў у складзе Кітая.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)