ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.

Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л. 1967.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛІ́НІ (Уладзімір Альбертавіч) (н. 18.9.1947, г. Медычына, Італія),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1970), Балонскі ун-т (1978, Італія). З 1979 у Віцебскім мед. ін-це (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі, функцыян. дыягностыцы, матэм. мадэліраванні.

Тв.:

О факторах, определяющих формирование реографической кривой (разам з АА.Навуменкам, С.М.Собалевым) // Физиология человека. 1987. Т. 13, № 6;

Влияние механических свойств аорты на точность определения сердечного выброса реографическим методом // Кардиология. 1990. № 1.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,

3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).

2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.

3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo di  Venezia),

заліў Адрыятычнага м., каля берагоў Італіі, Славеніі і Харватыі. Глыб. да 34 м. На ПнУ Венецыянскага заліва вылучаецца Трыесцкі заліў. Прылівы паўсутачныя (1,2 м). Парты: Венецыя, Трыест (Італія).

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЎТАБ’Я́НКІ»

(Autobianchi),

легкавыя аўтамабілі аднайм. фірмы (Італія). Выпускаюцца з 1955 (з 1967 у складзе канцэрна «ФІАТ»), з 1994 — аўтамабілі асабліва малога класа (рабочая ёмістасць рухавіка 0,9—1 л, магутнасць 34—54 кВт, максімальная скорасць 145—170 км/ гадз).

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,

сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НДЗІ ((Morandi) Джорджа) (20.7. 1890, г. Балоння, Італія — 18.6.1964),

італьянскі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Балонні (1907—13), выкладаў у ёй (1930—56). Майстар нацюрморта. У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана і кубізму («Кактус», 1917), метафізічнага жывапісу («Метафізічны нацюрморт», «Вялікі метафізічны нацюрморт», абодва 1918). Пазней выпрацаваў уласны стыль, які вызначаўся геаметрызмам форм і ліній, яснасцю і рытмічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, аскетызмам прыглушанай колеравай гамы, паэт.-сузіральным ладам, змяшэннем рэальнасці і ідэала мастака: «Ваза з кветкамі» (1924), «Краявід» (1925), «Ракавіны і ваза для садавіны» (1931), «Нацюрморт з кубкамі», «Нацюрморт» (абодва 1953) і інш. Ствараў афорты. Іл. гл. таксама да арт. Італія.

В.Я.Буйвал.

Дж.Марандзі. Нацюрморт. 1953.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НЕР (Brenner),

горны перавал паміж Эцтальскімі і Цылертальскімі Альпамі (Усх. Альпы) на мяжы Аўстрыі і Італіі. Выш. 1371 м. Адзін з найбольш нізкіх і зручных перавальных шляхоў цераз Альпы. Пад Брэнерам у тунэлях праходзяць чыгунка і аўтадарога Бальцана (Італія) — Інсбрук (Аўстрыя). Адкрыты круглы год.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЗІ́НІ ((Mazzini) Джузепе) (22.6.1805, г. Генуя, Італія — 10.3.1872),

дзеяч італьян. рэв. і нац.-вызв. руху, правадыр рэсп. крыла Рысарджымента. Юрыст. Скончыў ун-т у Генуі. З 1827 чл. т-ва карбанарыяў. У 1830 арыштаваны і высланы, знаходзіўся ў эміграцыі. Засн. тайную арг-цыю «Маладая Італія» (1831), мэтай якой было аб’яднанне Італіі на рэсп. пачатках, міжнар. рэв. арг-цыю «Маладая Еўропа» (1834) і «Інтэрнацыянальны саюз народаў» (1846). У час рэвалюцыі 1848—49 выдаваў у г. Мілан рэсп. газ. «L’Italia del Popolo» («Італія Народа»), змагаўся ў атрадзе Дж.Гарыбальдзі, узначальваў (сак.ліп. 1849) рэв. ўрад Рым. рэспублікі. У 1853 заснаваў рэсп. «Партыю дзеяння». Садзейнічаў вызв. паходу Гарыбальдзі на Пд Італіі (1860). У 1860-я г. М. і яго прыхільнікі імкнуліся ўцягнуць італьян. рабочых у патрыят. рух за далучэнне Венецыі да Італіі, прапагандавалі мірны шлях дасягнення сац. роўнасці (праз стварэнне рабочымі спажывецка-вытв. арг-цый), з 1867 узмацнілі агітацыю за ўстанаўленне рэсп. ладу. У 1870 пры спробе аказаць дапамогу рэсп. паўстанню на в-ве Сіцылія М. арыштаваны ўладамі і высланы з краіны. У 1872 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Кирова К.Э. Жизнь Джузеппе Мадзини (1805—1872). М., 1981.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)