БЕТ-ШЭА́Н,

старажытны горад у Паўн. Палесціне (сучасны Бейсан, Ізраіль). Стараж. паселішча ўзнікла ў 5—4-м тыс. да н.э. У 2—1-м тыс. да н.э. належаў ханаанеям, быў важным іх гандл. і культ. цэнтрам. Археал. раскопкамі выяўлены магутныя ўмацаванні, некалькі егіпецкіх храмаў, вял. колькасць пахаванняў, егіпецкіх рэчаў, выявы, пахавальныя маскі, падобныя на мікенскія. На пач. н.э. быў буйным цэнтрам вытворчасці і продажу тканін. З 2 ст. н.э. добра захаваўся рымскі амфітэатр.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТ-ШЭ́МЕШ,

старажытны горад у Паўд. Палесціне, на З ад Іерусаліма (сучасны Аін-Шэмш, Ізраіль). Узнік у 3-м тыс. да н.э. Упамінаецца ў егіпецкіх крыніцах з 18 ст. да н.э. (т.зв. тэксты праклёну). У выніку войнаў неаднаразова разбураны. Быў заняты ханаанеямі, філісцімлянамі, ізраільцянамі. Пасля захопу Вавілонам у 6 ст. да н.э. прыйшоў у заняпад. Археал. раскопкамі выяўлена абсталяванне для ліцця бронзы, шмат жал. вырабаў, пасудзін, прывезеных з Егіпта і раёна Эгейскага мора.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТЭГІ́ЧНЫЯ ЎЗБРАЕ́ННІ,

віды зброі і ваен. тэхнікі, а таксама сродкі кіравання і забеспячэння, прызначаныя для рашэння стратэг. задач у вайне. Падзяляюцца на наступальныя і абарончыя. Аснова наступальнага С.ў. — наземныя комплексы стратэг. балістычных ракет, атамныя ракетныя падводныя лодкі, стратэг. бамбардзіроўшчыкі і інш. Абарончае С.ў. — сродкі процікасм. і проціракетнай абароны, комплексы з проціракетамі, сродкі кіравання і інш. С.ў. валодаюць ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Кітай, Францыя. Асобныя іх кампаненты маюць таксама Украіна, Ізраіль і некат. інш. дзяржавы.

С.​М.​Абрамаў.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫВЕРЫЯ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Генісарэцкае возера, Бахр-Табарыя,

возера ў гіст. вобласці Палесціна, на тэр. Ізраіля (усх. ўзбярэжжа на мяжы Ізраіля і Сірыі). Размешчана ў паўн. ч. тэктанічнай упадзіны Гхор (Эль-Гор) на 212 м ніжэй узр. мора. Пл. 145 км². Глыб. да 48 м. Праз Т.в. цячэ р. Іардан. Суднаходства. Рэзерват Бет-Сайда (месца зімоўкі качак, гусей, ружовых фламінга). На зах. узбярэжжы г. Тыверыя (Ізраіль). У Бібліі (Новы запавет) Т.в. звязана з многімі падзеямі жыцця Ісуса Хрыста.

т. 16, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СКІН Ізраіль Саламонавіч (25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

І.С.Бескін.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЗКІ УСХО́Д,

назва тэрыторыі на З і ПдЗ Азіі і ПнУ Афрыкі. Да краін Блізкага Усходу адносяць Егіпет, Судан, Бахрэйн, Ізраіль, Іарданію, Ірак, Йемен, Катар, Кіпр, Кувейт, Ліван, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Саудаўскую Аравію, Сірыю, Турцыю, араб. дзяржаву Палесціну (пра кожную гл. асобны арт.). У замежнай (пераважна ў амер. і англ.) л-ры Блізкі Усход разам з Іранам і Афганістанам уключаецца ў паняцце Сярэдні Усход. У 19 — пач. 20 ст. ў паняцце Блізкі Усход уключалі ўсю тэр. Асманскай імперыі (Турцыі), у т. л. краіны Балканскага п-ва.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАІ́ЗМ, бехаізм,

рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).

І.​В.​Базіленка, А.​В.​Гурко.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФ ФЛА́ВІЙ (Josephus Flavius; яўр. Іосеф бен Матыт’яху; 37, Іерусалім, Ізраіль — пасля 100),

старажытнаяўрэйскі гісторык. У час іудзейскай вайны 66—73 военачальнік у Галілеі. Пасля паражэння каля крэпасці Іатапата (67) перайшоў на бок рымлян. У Рыме атрымаў правы грамадзяніна і прызначаны гістарыёграфам Флавіяў (узяў іх радавое імя). Аўтар твораў «Іудзейская вайна», «Іудзейскія старажытнасці», «Аб старажытнасці іудзейскага народа. Супраць Апіёна», «Жыццё», у якіх выкарыстоўваў і цытаваў шмат каштоўных крыніц і дакументаў, якія не дайшлі да нашага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Иудейская война. Мн., 1991;

Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТАНЬЯ́ХУ Беньямін (дакладней Нетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́Н (Ramon) Ілан (20.6.1954, г. Рамат-Ган, Ізраіль — 1.2.2003),

першы касманаўт Ізраіля. Палкоўнік ВПС. Бакалаўр навук па электроніцы і камп’ютэрнай тэхніцы. Скончыў лётную школу ВПС (1974), Тэль-Авіўскі ун-т (1987). У 1990—94 камандзір эскадрыллі, нач. упраўлення ў штабе ВПС Ізраіля. З 1998 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана (ЗША). 16.1—1.2.2003 здзейсніў (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Калумбія». Загінуў у выніку катастрофы пры вяртанні на Зямлю. У космасе правёў 15,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)