БА́РЫЙ

(лац. Barium),

Ba, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78·103 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5·10-2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА І АГРАХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т (Навукова-даследчае дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі») Акадэміі аграрных навук.Засн. ў 1958 у Мінску на базе аддзела глебазнаўства і лабараторыі фізікахіміі глеб і радыеактыўных ізатопаў Бел. НДІ земляробства

(з 1927),

лабараторыі тарфяна-балотных глеб Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (з 1930) як Бел. НДІ глебазнаўства. У 1969—96 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне глебавага покрыва Беларусі і распрацоўка навук. асноў павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад воднай і ветравой эрозіі, забруджвання; распрацоўка сістэм выкарыстання мінер. макра- і мікраўгнаенняў пад с.-г. культуры; займаецца пытаннямі аграхім. абслугоўвання сельскай гаспадаркі і інш.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЫМО́ВІЧ Леў Андрэевіч

(25.2.1909, Масква — 1.3.1973),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АН СССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.

Тв.:

Избр. труды. М., 1978.

Літ.:

Академик Л.А.Арцимович: (Сб. статей). М., 1975.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАХІ́МІЯ

(ад гідра... + геахімія),

раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім. працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.

Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.

На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН і інш.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ Аляксандр Паўлавіч

(21.8.1895, С.-Пецярбург — 16.11.1975),

савецкі геахімік. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1943). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1975). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1924) і Ленінградскі ун-т. З 1947 дырэктар Ін-та геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вярнадскага АН СССР, адначасова з 1953 у Маскоўскім ун-це. З 1967 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па геа-, біягеа- і касмахіміі. Распрацаваў пытанні фарміравання зямных абалонак (зоннае плаўленне), хім. эвалюцыі Зямлі, геахіміі ізатопаў і інш. Замежны чл. многіх АН і ганаровы чл. Амер. і Франц. геал. т-ваў. Прэмія імя У.І.Леніна (1934), Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія 1949, 1951. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР (1973).

Тв.:

Геохимия редких и рассеянных химических элементов в почвах. 2 изд. М., 1957;

Введение в геохимию океана. М., 1967;

Химия планет // Наука и человечество. М., 1969.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́М

(лац. Wolframium),

W, хімічны элемент VI гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў180W (0,135%), ​182W (26,41%), ​183W (14,4%), ​184W (30,64%) і ​186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10​-4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл. Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл. Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.

І.В.Боднар.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНТА́Н

(лац. Lanthanum),

La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў139La (99,911%) і радыеактыўнага ​138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 10​11 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10​-3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.

Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м3. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНА́ДЫЙ

(лац. Vanadium),

V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: ​51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага ​50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.

Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.

Г.В.Боднар.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ (Curie) П’ер

(15.5.1859, Парыж — 19.4.1906),

французскі фізік; адзін з заснавальнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Чл. Парыжскай АН (1905). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), дзе і працаваў у 1878—83 і з 1904 (праф.), у 1883—1904 у Школе фізікі і хіміі. Навук. працы па фізіцы крышталёў, магнетызме і радыеактыўнасці. Разам з братам Полем Жанам К. адкрыў з’яву п’езаэлектрычнасці (1880), у 1884—95 выканаў шэраг даследаванняў па сіметрыі крышталёў і магнітных уласцівасцях рэчываў (гл. Кюры—Вейса закон, Кюры закон, Кюры пункт). З жонкай М.Складоўскай-Кюры адкрыў хім. элементы палоній і радый (1888), даследаваў уласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення. У іх гонар названы адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўская прэмія 1903 (разам з А.Бекерэлем).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М.; Л.,1966.

Літ.:

Кюри М. Пьер Кюри: Пер. з фр. М., 1968;

Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.

П.Кюры.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМ

(лац. Bromum),

Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў79Br (50,56%) і ​81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (​80Br, ​82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.Баларам (1826).

Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

Літ.:

Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, иода и их соединений. М., 1979.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)