ГЕЛІЁГРАФ (ад гелія... + ...граф),

1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л. з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.

2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.

Геліёграф шкляны.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫ КРАН,

камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.

В.​І.​Якаўчук.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ХВА,

1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.

2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).

3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛІП (англ. slip літар. — слізганне),

1) пад’ёмна-спускавое збудаванне для кіруемага механізаванага спуску суднаў на ваду (пад’ёму іх з вады) на суднавозных цялежках па рэйкавых пуцях, якія ўкладзены на нахіленай плоскасці. Падводная частка рэйкавых пуцей забяспечвае апусканне цялежак на глыбіню, дастатковую для пастаноўкі на іх (усплывання з іх) судна.

2) Падоўжны нахілены ўчастак верхняй палубы прамысл. судна, які паглыбляецца пад паверхню вады і абмяжоўваецца верт. бакавымі сценкамі. Служыць для пад’ёму з вады трала з уловам і інш. Пачынаецца ад ватэрлініі каля кармавога канца судна.

т. 15, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,

вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

Утварэнне айсберга.
Айсберг каля берагоў Грэнландыі.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЕ́ЛІЯ (Bonellia),

род марскіх беспазваночных жывёл тыпу эхіўрыд. Некалькі відаў. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядома Bonellia viridis. Пашыраная ў прыбярэжнай ч. Міжземнага м. і Атлантычнага ак., каля берагоў Еўропы.

Цела самкі Bonellia viridis (да 7 см) з доўгім, раздвоеным на канцы хобатам, які можа выцягвацца (да 1 м) і служыць для захопу грунту з ежай (расліннымі рэшткамі). Самец карлікавы, даўж. не болей як 1—3 мм, паразітуе ў палавых пратоках самкі — з’ява, адкрытая рус. вучоным А.​А.​Кавалеўскім (1870).

Банелія: 1 — самка (паменшаная ў 2 разы); 2 — самец (павялічаны ў 35 разоў).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЙМО́,

1) у выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве невял. закончаная кампазіцыя з самаст. сюжэтам, якая з’яўляецца ч. адзінай агульнай задумы твора. Служыць для найб. поўнага, шматбаковага ўвасаблення маст. ідэі твора. Звычайна змяшчаецца абапал або па перыметры асн. сюжэта. У іканапісе — часта жанравая сцэна з быт. і этнагр. дэталямі, недапушчальнымі ў асн. сюжэце, якую адмяжоўвае маляваная або рэльефная рамка, граф’я. Часам адлюстраванне ў К. заменена манаграмай.

2) Невялікі знак на вырабах (пераважна дэкар.-прыкладнога мастацтва), які абазначае месца яго вытворчасці, назву прадпрыемства і інш. Пашыраны ў вырабах маст. прам-сці (фарфор, фаянс і інш.).

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ДНІ МОСТ,

комплекс вузлоў ці асобны агрэгат, які размешчаны ў пярэдняй частцы аўтамабіля ці інш. трансп. сродкаў; успрымае праз падвеску (рысоры, спружыны і інш.) верт. нагрузку ад кузава (рамы) і перадае яе на колы, а акружную і бакавую нагрузкі ад іх на кузаў. Пры залежнай падвесцы колаў П.м. выконваецца ў выглядзе бэлькі і 2 шарнірна звязаных з ёю паваротных цапфаў. Пры незалежнай падвесцы асновай П.м. служыць нясучая папярэчына, да якой шарнірна мацуюцца верхні і ніжні хістальныя рычагі. У аўтамабіляў павышанай праходнасці разам з заднім мостам з’яўляецца вядучым (перадае вярчальны момант да кіравальных колаў).

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ТАР (англ. stator які стаіць нерухома, ад лац. sto стаю),

нерухомая частка ротарных машын. Канструкцыі С. — разнастайныя, залежаць ад віду машыны.

У эл. пераменнага току машынах С. звычайна складаецца з асяродка — магнітаправода з эл.-тэхн. сталі (магн. поле яго абмоткі ўзаемадзейнічае з магн. полем абмоткі ротара) і станіны. С. пастаяннага току машыны складаецца з ярма, замацаванага ў станіне, галоўных і дадатковых полюсаў, на якія накладзены абмоткі. У гідратурбінах С. — стальная кальцавая дэталь, якая служыць нясучай канструкцыяй (фундаментнай часткай) турбіны. С ёсць і ў іншых машынах (напр., вентылятарах, лінейных электрарухавіках, у якіх асяродак С. разгорнуты ў лінію).

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)