сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.
Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн.чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння 1/3 насельніцтва і 1/2прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал.чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.
Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.
Літ.:
Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;
Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;
Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬ (польск. stal ад ням. Stahl),
дэфармавальны (коўкі) сплаў жалеза з вугляродам (ад 0,025 да 2,14%) і інш. элементамі; від жалезавугляродзістых сплаваў; найважнейшы прадукт металургіі. Атрымліваюць гал.чынам з вадкага чыгуну, які выплаўляецца ў доменных печах, і стальнога лому ( гл.Металургічная прамысловасць, Чорная металургія). Асн. агрэгаты для вытв-сці С.: канвертары (у іх атрымліваюць канвертарную С.), мартэнаўскія печы (мартэнаўскую С.) і электрычныя печы (электрасталь).
У залежнасці ад тыпу футроўкі печаў адрозніваюць асноўную і кіслую С.; ад характару застывання металу ў зложніцы — спакойную, паўспакойную і кіпячую С.; ад хім. саставу — вугляродзістую сталь і легіраваную сталь. Паводле прызначэння С. падзяляюцца на канструкцыйныя (напр., высокатрывалая сталь), інструментальныя сталі, С. з асаблівымі фіз. і хім. ўласцівасцямі (кіслотаўстойлівая, нержавейная сталь, электратэхнічная сталь, гарачатрывалая і гарачаўстойлівая; гл. ў арт.Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы). Уласцівасці С. паляпшаюць легіраваннем. мадыфікаваннем і тэрмічнай апрацоўкай. Выкарыстоўваюць С. у літым і дэфармаваным выглядзе.
У стараж. часы С. рабілі аднаўленнем жалеза з руд драўняным вугалем у горнах (гл.Сырадутны працэс). Літую С. атрымлівалі тыгельнай плаўкай, якая давала высокую якасць, але была малапрадукцыйная. Плаўленнем у вогнетрывалых тыглях атрымлівалі, у прыватнасці, булат і яго разнавіднасць — дамаскую сталь. У 14 ст. ўзнік крычны перадзел, які заключаўся ў рафінаванні папярэдне атрыманага чыгуну ў т.зв. крычным горне. У канцы 18 ст. пачалі выкарыстоўваць пудлінгаванне, пры якім у полымных печах расплаўленнем чыгуну і перамешваннем яго з жалезістымі шлакамі атрымлівалі малавугляродзістае жалеза (цестападобны метал — крыцу). У 2-й пал. 19 ст. пудлінгаванне выцеснена больш дасканалымі і прадукцыйнымі спосабамі пераробкі чыгуну ў С. — бесемераўскім, тамасаўскім, мартэнаўскім і кіслародна-канвертарным працэсамі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць выплаўку С. ў эл. печах. У 20 ст. распрацаваны спосабы вытв-сці С., якія дазволілі атрымліваць асабліва чысты метал: вакуумная плаўка ў дугавых печах і індукцыйных печах, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, плаўка ў электронна-прамянёвых печах, плазменных печах (гл. Вакуумная металургія, Плазменная металургія). Структуру і ўласцівасці С. вывучаюць метафізіка і металазнаўства.
На Беларусі даследаванні С. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, у Бел.нац.тэхн. ун-це, інш.ВНУ і галіновых НДІ. Асн. вытворца С. (чорная пракату) — Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Вытв-сць С. ёсць таксама на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ і інш.
Літ.:
Дреге В. Сталь как конструкционный материал: Пер. с нем. М., 1967;
Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986, Физическое металловедение: Пер. с англ.Т. 1—3. 3 изд. М., 1987;
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985: Яго ж. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М, 1968;
Стальной слиток. Т. 1—3. Мн., 2000—01;
Мозберг Р.К. Материаловедение. 2 изд. М., 1991.
А.П.Ласкаўнёў, У.М.Сацут.
Да арт.Сталь. Дыяграма стану «жалеза—вуглярод»: вобласць з блакітным фонам адпавядае сталі, астатняя — чыгуну.Мікраструктуры сталей: 1 — C = 0,5%, структура Ф + ЦII; 2 — C = 0,15%, Ф + П; 3 — C = 0,35%, Ф + П; 4 — C = 0,8%, структура — пласціністы перліт П; 5 — C = 0,8%, структура — зярністы перліт П; 6 — C = 1,2%, П + ПII; C — вуглярод; Ф — ферыт; Ц — цэментыт; П — эўтэктоідная сумесь (павелічэнне × 500).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.Макіявелі, Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.
Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).
Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал.чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.
У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт.ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.
На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.
Літ.:
Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;
Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ Міхаіл Юр’евіч (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал.чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),
1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт.Літаратуразнаўства).
2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.
3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв.літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.
Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.Буало, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас.рэв. дэмакратаў (В.Бялінскага, М.Дабралюбава, М.Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.Весялоўскі, А.Патабня, С.Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.Тынянаў, Б.Эйхенбаум, В.Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.Жырмунскага, В.Вінаградава, Дз.Ліхачова, М.Храпчанкі, М.Гаспарава і інш.
На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.Чачот і пра нар. вершаскладанне І.Насовіч.
У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел.функцыян. П. папоўнілася працамі А.Вазнясенскага («Паэтыка М.Багдановіча», 1926), Я.Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.Акушкі, публікацыях А.Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.Грынчык, А.Кабаковіч, В.Рагойша, І.Ралько, В.Славецкі, В.Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.Шпакоўскі, А.Яскевіч), П. празаічных твораў (В.Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.Матрунёнак), стылю (М.Арочка, В.Бечык, Л.Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.Барташэвіч, Н.Гілевіч, А.Ліс, Л.Салавей, А.Фядосік. І.Цішчанка, М.Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.Гутараў, М.Лазарук, А.Ленсу, А.Майсейчык, М.Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.Макарэвіч, Рагойша).
Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.
Літ.:
Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;
Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;
Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;
Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;
Рагойша В.П. Паэтыка М.Танка. Мн., 1968;
Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;
Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А. Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;
Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;
Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛОГІЯ
Археал. раскопкі на Беларусі пачаліся ў 1-й чвэрці 19 ст. Курганы паміж Магілёвам і Рагачовам, пазней каля Навагрудка і Ліды даследаваў Т.Нарбут. З.Даленга-Хадакоўскі склаў «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», у якім сярод некалькіх тысяч археал. помнікаў каля 200 зафіксаваны на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У сярэдзіне 19 ст. Я.П.Тышкевіч вывучаў курганы на Міншчыне, у 1855 на аснове сабраных матэрыялаў ён стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археалагічную камісію. Яго брат К.П.Тышкевіч даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў тапаграфічныя планы, першы сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак. Археал. раскопкі праводзілі А.Г.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, Ф.В.Пакроўскі, В.А.Шукевіч, К.А.Гаворскі, І.І.Далгоў, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Р.Г.Ігнацьеў, Г.Х.Татур, М.П.Авенарыус, Ф.Л.Вярэнька, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На развіццё археал. даследаванняў на Беларусі істотна паўплываў 9-ы археал. з’езд, які праходзіў у Вільні ў 1893. Нягледзячы на пэўныя поспехі, тагачасныя археал. даследаванні на Беларусі мелі аднабаковы характар: вывучаўся амаль выключна адзін від помнікаў — курганы, характэрнай рысай археалогіі быў яе краязнаўчы характар.
Інтэнсіўныя археал. даследаванні пачаліся ў 1920-я г. У 1921 пры Наркамаце асветы БССР створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археал. помнікаў. Іх планамернае вывучэнне ў 1925 пачала гісторыка-археал. камісія Інстытута беларускай культуры, дзе ў 1927 адкрыта кафедра археалогіі. У 1929 яна пад назвай археал. камісіі ўвайшла ў склад Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1932 перайменавана ў секцыю археалогіі. Археал. даследаваннямі на Беларусі ў 1920—30-я г. кіраваў А.М.Ляўданскі. К.М.Палікарповіч выявіў і даследаваў стаянкі эпохі палеаліту (у Бердыжы. Падлужжы і Юравічах), мезаліту, неаліту і бронзавага веку. Значны ўклад у развіццё археалогіі Беларусі зрабілі С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, А.І.Сербаў, М.М.Улашчык, С.С.Шутаў і інш. Асобныя археал. даследаванні праводзіліся і на тэр.Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут найб. значныя вынікі пры раскопках атрымалі У.Антаневіч, У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, Я.Савіцкі, С.Крукоўскі, Ю.Ядкоўскі, З.Шміт, З.Дурчэўскі, М.Федароўскі, Р.Якімовіч і інш.Вял. страты панесла навука ў 1930-я г., калі былі рэпрэсіраваны і загінулі вядучыя бел. археолагі, у т. л. Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя.
У пасляваенны час археал. вывучэнне Беларусі праводзілі супрацоўнікі сектара археалогіі, створанага ў 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Бел. вучоныя ўстанавілі, што засяленне тэр. Беларусі пачалося з сярэдняга палеаліту, г.зн. 100—40 тыс.г. назад, выявілі каля 640 помнікаў каменнага і 670 бронзавага вякоў гал.чынам на Палессі, Пасожжы і Панямонні, дэталёва даследавалі 30 мезалітычных, 78 неалітычных помнікаў, 18 могільнікаў бронзавага веку ў Верхнім Падняпроўі; вылучылі археал. культуры: свідэрскую, грэнскую, сожскую, нёманскую, днепра-данецкую, верхнедняпроўскую, дзяснінскую, нарвенскую, грабеньчата-ямкавай керамікі; шнуравой керамікі і інш. (У.Дз.Будзько, Э.М.Зайкоўскі, У.Ф.Ісаенка, А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, М.М.Крывальцэвіч, У.П.Ксяндзоў, В.Я.Кудрашоў, В.Л.Ліпніцкая, М.М.Чарняўскі, І.М.Язэпенка і інш.).
У 1950—2000-я г. мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў ранняга жалезнага веку праводзілі В.Г.Белявец, Г.М.Бяліцкая, В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, Н.М.Дубіцкая, А.А.Егарэйчанка, А.У.Ільюцік, Ю.У.Каласоўскі, В.Б.Караткевіч, М.І.Лашанкоў, А.Р.Мітрафанаў, А.М.Мядзведзеў, П.М.Падгурскі, Л.Д.Побаль, В.І.Шадыра, К.П.Шут і інш. Выказваюцца розныя меркаванні пра засяленне тэр. Беларусі ў жалезным веку: на думку адных вучоных, на мяжы нашай эры тут фарміраваліся славяне, на думку другіх, да 6—8 ст.н.э. тут жылі балцкія плямёны.
Даследаванні бел. археолагаў у 1960—80-я г. далі магчымасць прасачыць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў — дрыгавічоў, полацкіх крывічоў, радзімічаў, якія сталі этнічнай асновай бел. народнасці. Бел. даследчыкі вывучалі гарады эпохі Кіеўскай Русі — Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск, Тураў, Друцк, Брэст, Ваўкавыск, Лукомль, Слуцк, Клецк, Заслаўе, Гродна, Гомель, Крычаў і інш. (Т.С.Бубенька, Ю.І.Драгун, Э.М.Загарульскі, Я.Г.Звяруга, Л.У.Калядзінскі, П.Ф.Лысенка, А.А.Макушнікаў, А.А.Мяцельскі, В.С.Пазднякоў, В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў і інш.); сельскія пасяленні і курганы (У.У.Багамольнікаў, А.А.Башкоў, А.В.Вайцяховіч, С.Дз.Дзярновіч, Л.У.Дучыц, А.В.Іоў, Т.М.Каробушкіна, А.В.Квяткоўская, В.І.Кошман, Г.В.Ласкавы, С.А.Піваварчык, А.М.Плавінскі, Я.Р.Рыер, Г.М.Семянчук). З сярэдзіны 1970-х г. пачалося спец.археал. вывучэнне матэрыяльнай культуры бел. гарадоў 14—18 ст. (Д.У.Дук, Ю.А.Заяц, В.М.Ляўко, В.Е.Собаль, С.В.Тарасаў, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк). Даследаваны археал. помнікі 14—18 ст., замкі, гарады і мястэчкі Езярышча, Ашмяны, Свіслач, Сураж, Смаляны, Стрэшын, Магілёў, Ліда, Лоск, Маладзечна, Дзісна, Глуск, Мір, Горы і інш. (Р.В.Баравы, Ш.І.Бекцінееў, Ю.М.Бохан, І.У.Ганецкая, В.Я.Зайцава, Н.І.Здановіч, М.В.Клімаў, А.К.Краўцэвіч, А.М.Кушнярэвіч, І.А.Марзалюк, П.А.Русаў, Г.А.Сагановіч, І.І.Сінчук, А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі, В.У.Шаблюк).
У 1980 на базе сектара археалогіі ў складзе Ін-та гісторыі АН Беларусі створаны аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 3 сектары пераўтвораны ў аддзелы: першабытнай археалогіі, сярэдневяковай археалогіі і археалогіі даследаванняў зон новабудоўляў; у 1991 створаны аддзел археалогіі жалезнага веку. Археал. помнікі Беларусі даследавалі таксама супрацоўнікі аддзела археал. даследаванняў НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», БДУ, Гомельскага, Гродзенскага і Магілёўскага ун-таў, Нац музея гісторыі і культуры Беларусі, Гродзенскага гісторыка-археал. музея, Ваўкавыскага ваенна-гіст. музея, Віцебскага, Брэсцкага, Гомельскага, Магілёўскага абл. краязнаўчых музеяў і інш.Археал. помнікі Беларусі розных перыядаў вывучалі супрацоўнікі Ін-та археалогіі Рас.АН (А.М.Абломскі, Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, М.М.Варонін, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, М.К.Каргер, У.Ю.Кухарэнка, М.А.Лапацін, М.У.Малеўская, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, З.М.Сяргеева, К.В.Паўлава, В.Б.Перхаўка, У.Я.Яроменка і інш.), кафедры археалогіі С.-Пецярбургскага ун-та (В.А.Булкін і інш.). В.В.Сядоў стварыў тэорыю субстратнага паходжання беларусаў у працэсе асіміляцыі балтаў славянамі, які пачаўся ў 7—8 ст.н.э. Дасягненні археолагаў у вывучэнні мінулага Беларусі абагульнены ў шматлікіх манаграфіях, а таксама ў калектыўных працах «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1—4, 1997—2001).
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ
Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г.эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал.эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала 1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦККПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. СаветСССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦККПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за 1/3прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.
Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал.эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.
Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.
Такім чынам, у 1990-я г.нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.
Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦККПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.
Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. СаветБССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.
З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел.нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел.сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.
У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.
19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦККПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.
Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.
Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел.нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед.ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч.навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.
У 2-й пал. 1980-х г.навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч.навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).
Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал.чынамААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.
Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССРААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).
Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л.ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.Чандра (1975), сакратар Міжнар.дэмакр. федэрацыі жанчын Х.Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.Новатны (1965), Югаславіі — І.Броз Ціта (1965), Герм.Дэмакр. Рэспублікі — В.Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.Герак (1975), Балгарыі — Т.Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.Пампіду (1973), ЗША — Р.Ніксан (1974), Фінляндыі — У.К.Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел.к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав.т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-васав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-васав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-васав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар.к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.
З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ.г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш.бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап.сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.
Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал.чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс.бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш.сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.
У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш.Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал.чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.
Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел.дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.
Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал.чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.
Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн.ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел.тэхнал.ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед.ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».
Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс.чал. за год.
З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш.сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.
Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.
Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн.руб., імпартавалі — на 61,6 млн.руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн.руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн.т калійных угнаенняў, 17,5 тыс.т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІАН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.
Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар.эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.
Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;
Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;
Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;
Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;
Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;
Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;
Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд.Мн., 2000;
Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.
І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), У.Я.Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука), Г.П.Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).
Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.Прэзідэнт Францыі Ж.Пампіду і Генеральны сакратар ЦККПСС Л.І.Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.Прэзідэнт ЗША Р.Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦККПБ П.М.Машэрава. Мінск. 1.7.1974.Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам улады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай уласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым урадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных удзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.:
Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;
Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.