КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),
аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТУ́ЗІЙ ((Althusius) Іаган) (1557, Дзідэнсгаўзен, Паўн. Рэйн-Вестфалія, Германія — 12.8.1638),
нямецкі юрыст, тэарэтык права. Атрымаў адукацыю ў Базельскім ун-це. У 1586—1604 праф. права ў Гербарне. З 1604 бургамістр, з 1627 старшыня кальвінісцкай кансісторыі г. Эмдэн. У сваёй гал. працы «Палітыка...» (1603) адзін з першых абгрунтаваў тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Развіваў і сцвярджаў ідэю вяршэнства і неадчужальнасці нар. суверэнітэту, перад якім адказныя носьбіты дзярж. улады.
т. 1, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Гарольд Іванавіч) (н. 4.9.1938, Мінск),
бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961). У 1961—71 працаваў у органах унутр. спраў. З 1971 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ сістэмы МУС. З 1990 нач. кафедры крыміналістыкі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы крыміналістыкі. Аўтар прац «Асновы крыміналістычнай тэхнікі» (1981), па тактыцы выкарыстання спец. ведаў у раскрыцці і расследаванні злачынстваў, адзін з аўтараў дапаможніка «Крыміналістыка» (1996).
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Рыгор Аляксеевіч) (н. 13.2.1955, Мінск),
бел. вучоны-прававед. Д-р юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),
Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.
Літ.:
Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),
нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛАРТ, Голарт (Goulart) Жаао (Жуан; 1.3.1918, г. Сан-Боржа, Бразілія — 1976), бразільскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Адзін з кіраўнікоў (з 1954 старшыня) Браз. трабальісцкай партыі, падтрымліваў палітыку Ж.Варгаса. Дэп. Заканад. асамблеі штата Рыу-Гранды-ду-Сул (1946—50) і Нац. кангрэса (з 1950). Міністр працы, прам-сці і гандлю (1953—54). У 1955—60 і ў 1961 віцэ-прэзідэнт, у 1961—64 прэзідэнт Бразіліі. Адхілены ад улады ў выніку ваен. перавароту 1964, эмігрыраваў.
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎЗЕ (Файфель Ісакавіч) (15.4.1897, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.1.1990),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1965). Скончыў Харкаўскі ін-т нар. гаспадаркі (1921). У 1921—29 працаваў у Наркамаце юстыцыі і СНК БССР. З 1923 выкладаў у БДУ, Алма-ацінскім, Мінскім юрыд. ін-тах. У 1966—78 праф. БДУ. Даследаваў праблемы цывільнага і сямейнага права, гісторыю права БССР, кадыфікацыю права БССР.
Тв.:
: Да тэорыі гаспадарчага разліку. Мн., 1933;
Обязательственное право. Мн., 1968.
т. 5, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКА (Юрый Пятровіч) (н. 20.11.1936, Мінск),
бел. вучоны-юрыст, грамадскі дзеяч. Сын П.У.Броўкі. Д-р юрыд. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. З 1994 адначасова ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы ў галіне міжнар. права. Дырэктар Броўкі Петруся літаратурнага музея ў Мінску (з 1982).
Тв.:
Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Белорусская ССР — суверенный участник международного общения. Мн., 1974;
Белорусская ССР и прогрессивное развитие международного права. Мн., 1979.
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБКО́ЎСКІ ((Dąbkowski) Пшэмыслаў) (23.2.1877, г. Львоў, Украіна — 18.12.1950),
польскі юрыст, гісторык права. Чл. Кракаўскай АН. Праф. Львоўскага ун-та (1916). У 1925—39 выдаваў «Гістарычна-прававы дзённік» (т. 1—13) і «Гістарычна-прававы даведнік». Аўтар адзінай на сёння сістэматызаванай працы «Прыватнае польскае права» (т. 1—2, 1910—11), навук. прац па гісторыі польскага права, архівістыцы, сац.-эканам. гісторыі («Парука», 1904, «Заклад», 1905, «Спадчынная і набытая маёмасць у праве літоўскім», 1916, і інш).
т. 6, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)