РУБІ́ЛА,

прылада працы стараж. чалавека, якая выкарыстоўвалася ў эпоху ніжняга палеаліту (шэльская і ашэльская культуры). Выраблялася з каменю двухбаковай адбіўкай. Мела міндале- або коп’епадобную, часам авальную форму. Адзін канец Р. быў завостраны з зігзагападобнымі лёзамі па баках, другі — авальны, часта неапрацаваны. Памеры да 20 см. Падобнае на Р. вастрыё знойдзена на адным з самых стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі — Бердыжы.

Ашэльскае рубіла (900—100 тыс. г. назад).

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГСТЭРСКІ ФІЛЬМ,

катэгорыя фільмаў пра арганізаваную злачыннасць. Узнік у канцы 1920-х г., калі ў ЗША, у эпоху «сухога закону», узніклі мафіёзныя сіндыкаты і тайная вытв-сць алкаголю. Выдуманыя і рэальныя злачынцы рабіліся героямі. У 1960-я г. сфарміравалася тэндэнцыя дэміфалагізацыі, а потым і бязлітаснага аналізу мафіі як «дзяржавы ў дзяржаве». Узнікла разнавіднасць гангстэрскіх фільмаў — паліцэйскі фільм, дзе ў якасці гал. героя выступаў прадстаўнік закону, які змагаецца са злачыннасцю.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,

перыяды гісторыі Зямлі, калі значна расшыралася плошча сушы. Адбываліся ў 2-й пал. тэктанічных цыклаў, калі агульнае падняцце зямной кары ператварала ў сушу затопленыя морам часткі кантынентаў. Геакратычныя перыяды былі ў канцы сілурыйскага і на працягу значнай часткі дэвонскага перыядаў, у канцы каменнавугальнага, у пермскім і часткова ў трыясавым, у неагенавым і антрапагенавым перыядах, уключаючы сучасную эпоху, якая адносіцца да адной з найб. геакратычных. Гл. таксама Таласакратычныя перыяды.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,

строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШЭ́ ДЭ ПЕРТ ((Boucher de Perthes) Жак) (10.9.1788, г. Рэтэль, Францыя — 5.8.1868),

французскі археолаг. Адкрыў самую стараж. эпоху ў гісторыі чалавецтва — палеаліт. Сабраў вял. калекцыю палеалітычных прылад працы, сцвярджаў, што імі карысталіся людзі — сучаснікі маманта і інш. вымерлых жывёл. Думкі Бушэ дэ Перта супярэчылі поглядам тагачасных палеантолагаў. Толькі ў 1860-я г. дарвіністы ацанілі яго адкрыццё.

Тв.:

Antiquités celtiques et antédiluviennes. Vol. 1—3. Paris, 1847—64;

De l’homme antédiluvien. Paris, 1860.

т. 3, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л (ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАВЕ́РШ (ад акра... + верш),

верш, у якім рытмічная выразнасць дапаўняецца зрокавай: першыя літары радкоў (радзей склады або словы) утвараюць слова ці нават фразу (звычайна імя аўтара або адрасата). Развіўся з магічных тэкстаў і стаў папулярны ў эпоху сярэднявечча і барока. Першыя ва ўсх.-слав. паэзіі акваверш стварыў Ф.​Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522). У сучаснай паэзіі сустракаецца таксама акваверш з апошніх літар радкоў (тэлеверш) і сярэдніх (мезаверш), якія могуць утвараць больш складаныя фігуры.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́САЎ (Шухрат Саліхавіч) (н. 16.1.1931, г. Каканд),

узбекскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Узбекістана (1975), нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1954), Вышэйшыя рэж. курсы пры «Масфільме» (1958). Творчасці Абасава ўласціва ўменне раскрываць час і эпоху праз асобу героя. Найб. поўна гэта выявілася ў фільмах «Ты не сірата», «Абу Райхан Беруні» (за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1974), «Ташкент — горад хлебны», «Вогненныя дарогі» (16 серый, тэлевізійны). Сааўтар большасці сцэнарыяў сваіх фільмаў.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІЦА,

старажытнае металічнае ўпрыгожанне ў выглядзе паўмесяца. Выкарыстоўваліся як завушніцы, нагрудныя падвескі, дэталі галаўнога ўбору. Ва ўсх. славян былі пашыраны ў 8—9 ст. і ў эпоху Кіеўскай Русі. Л. адлівалі з бронзы ці свінцова-алавяністых сплаваў у каменных формах. Паверхню аздаблялі насечкамі, палоскамі несапраўднай зерні, эмаллю. На Беларусі трапляюцца пры раскопках большасці археал. помнікаў. Знойдзены ў Бярэсці, Ваўкавыску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Друцку, Заслаўі, Копысі, Мінску і інш. Ліцейныя формы выяўлены ў Віцебску і Гродне.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)