ЯДРО́ А́ТАМНАЕ,

цэнтральная частка атама, у якой сканцэнтравана 99,95% яго масы. Я.а. складаецца з Z пратонаў і N нейтронаў, характарызуецца надзвычай высокай шчыльнасцю р ~10​17 кг/м³. Лінейныя памеры яго вызначаюцца радыусам R = (1,2 ÷ 1,4)∙A​1/3∙10​−15 м (у дзесяткі тысяч разоў меншыя за памеры самога атама), дзе A = Z + N — масавы лік. Я.а. абазначаюць сімвалам хім. элемента з указаннем масавага ліку злева ўверсе, напр. ​40Ca. Падзяляюцца на стабільныя і радыеактыўныя (гл. Радыеактыўныя элементы). Я.а. — адзін з асн. аб’ектаў даследаванняў ядзернай фізікі і ядзернай спектраскапіі.

Асн. характарыстыка Я.а. — дадатны эл. зарад Ze (е — элементарны зарад) і месца Я.а. ў перыяд. сістэме элементаў Мендзялеева вызначаюцца лікам Z пратонаў у ядры. Змена эл. зараду Я.а. заўсёды выклікае ператварэнне аднаго хім. элемента ў другі. Нуклоны ў Я.а. звязаны магутнымі блізкадзеючымі сіламі, якія наз. ядзернымі сіламі; паміж пратонамі, акрамя таго, дзейнічаюць кулонаўскія сілы адштурхоўвання (гл. Кулона закон). Устойлівасць Я.а. характарызуецца энергіяй сувязі. Сярэдняя энергія сувязі нуклона ў Я.а. ε = E/A для большасці ядраў каля 8 Мэв. Я.а. з аднолькавымі Ζ і рознымі N наз. ізатопамі; з аднолькавымі N і рознымі Z — ізатонамі, з аднолькавымі A і рознымі Z — ізабарамі. Ад суадносін колькасцей пратонаў і нейтронаў у Я.а. залежаць стабільнасць ядра, тып радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць), спін ядра, эл. квадрупольны і магн. дыпольны моманты (характарызуюць размеркаванне ў ядры адпаведна зараду і магн. моманту) і інш. ўласцівасці. Найб. устойлівыя і пашыраныя ў прыродзе Я.а. з цотнымі лікамі Z і N, т.зв. цотна-цотныя Я.а., найменш устойлівыя няцотна-няцотныя. Найб. трывалыя Я.а., у складзе якіх 2, 8, 20, 50 ці 82 пратоны або нейтроны, ці 126 нейтронаў. Пералічаныя значэнні Z і N наз. «магічнымі» лікамі, а Я.а. з такімі Z і N «магічнымі» ядрамі. Энергія сувязі пратона ці нейтрона ў «магічных» Я.а. на 10—20% большая, чым у звычайных. Для апісання сукупнасці эксперым. уласцівасцей Я.а. сучасная тэорыя шырока выкарыстоўвае ядзерныя мадэлі, якія з’яўляюцца мадыфікацыямі класічных абалонкавай і абагульненай мадэлей.

Літ.:

Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1971—77;

Соловьев В.Г. Теория атомного ядра: Ядерные модели. М., 1981.

Э.​А.​Рудак.

т. 18, кн. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОРФ (ням. Torf),

гаручы карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення. З’яўляецца шматкампанентнай, поліфракцыйнай паўкалоідна-высокамалекулярнай сістэмай, у складзе якой розныя класы арган. і мінер. злучэнняў.

Хім. састаў Т. вызначаецца ўмовамі генезісу, асаблівасцямі раслін-торфаўтваральнікаў і ступенню іх распаду. Яго элементарны састаў (на арганічную масу): вуглярод 50—60%, вадарод 5—7%, кісларод 26—45%, азот 0,9—3,6%, сера 0,1—5,9%. У кампанентным складзе арган. масы водарастваральных рэчываў 1—5%, бітумаў 2—17%, злучэнняў, якія лёгка гідралізуюцца, 20—40%, цэлюлозы 4—10%, гумінавых кіслот 10—50%, лігніну 5—20%. Попельнасць у памеры 50% на сухое рэчыва ўмоўна лічаць мяжой паміж Т. і тарфяной глебай. Паводле ступені распаду расл. тканак адрозніваюць Т. слаба- (да 20% рэчыва страціла клетачную структуру), сярэдне- (20—35%) і моцнараскладзены (больш за 35%). Цеплата згарання Т. 19,1—27,6 МДж/кг (4500—6500 ккал/кг). Вільгацеўтрыманне ў натуральным заляганні 88—96%, порыстасць да 96—97%, высокі каэфіцыент сціскальнасці. Тэкстура аднародная, зрэдку слаістая; структура валакністая або пластычная. Колер жоўты, буры да чорнага. У сухім стане мае малую шчыльнасць (да 300 кг/м³), нізкі каэфіцыент цеплаправоднасці і высокую газапаглынальную здольнасць. У залежнасці ад складу раслін-торфаўтваральнікаў і ўмоў торфаўтварэння вылучаюць тыпы Т. — нізінны (попельнасць 1—18%, кіслотнасць pH > 5,1, азоту 2,8%), пераходны (попельнасць 1,2—15,9%, кіслотнасць pH 2,8—5,9, азоту да 2%) і вярховы (попельнасць 0,7—15,4%, кіслотнасць pH 2,8—3,6, азоту да 1,5%; гл. Вярховае балота, Нізіннае балота, Пераходнае балота); падтыпы — лясны, лесабагнавы, багнавы; групы і віды.

На Беларусі асн. віды Т.: асакова-гіпнавы, асакова-сфагнавы нізінны і пераходны, драўнінна-сфагнавы пераходны, драўнінны нізінны, комплексны вярховы, сфагнавы нізінны і пераходны, трысняговы нізінны, хваёва-падвейны, шэйхцэрыевы вярховы, нізінны і пераходны, фускум-торф. Узрост 4—12 тыс. гадоў (трапляецца больш стараж. эпох). Утварае тарфяныя паклады. Разведана 9191 радовішча агульнай пл. каля 2,4 млн. га; да пачатку распрацоўкі запасы складалі больш за 5,7 млрд. т; геал. запасы, што засталіся, 4,3 млрд. т, у т. л. тыя, што здабываюцца, 0,21 млрд. т (2002). Выкарыстоўваецца як паліва, для вытв-сці арган. і арганамінер. угнаенняў, роставых рэчываў, біястымулятараў і меліярантаў, кармавых дражджэй і вугляводных дамешкаў, фільтраў, сарбентаў і фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў для быт. хіміі і паліграфіі, на подсціл жывёле і інш. Многія тарфяныя радовішчы вярховага тыпу абвешчаны заказнікамі, запаведнікамі, рэзерватамі бітумінознай і гідролізнай сыравіны. Значная плошча тарфяных радовішчаў асушана і выкарыстоўваецца ў якасці меліяраваных глеб. Вывучаюць Т. у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі, НДІ меліярацыі і лугаводства, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш. н.-д. установах. Гл. таксама Балотазнаўства, Балотныя адклады, Тарфяная прамысловасць, Торфалячэнне і інш.

Літ.:

Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;

Пидопличко А.П. Торфяные месторождения Белоруссии. Мн., 1961;

Тановицкий И.Г. Рациональное использование торфяных месторождений и охрана окружающей среды. Мн., 1980.

І.​І.​Ліштван.

Торф.

т. 15, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),

часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.

Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10​−27 да 4∙10​−25 кг. Памеры ядра (парадку 10​−14—10​−15 м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10​−10 м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай En = −hcR Z2 n2 , дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону Ei−Ek=hν. Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n​2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл. Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз. ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі gn=2n2. Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

Літ.:

Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;

Борн М. Атомная физика. М., 1970;

Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.

М.​А.​Ельяшэвіч.

Да арт. Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.
Да арт. Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫ́СТЫКА (ням. Statistik ад лац. status стан),

1) від грамадскай дзейнасці, скіраванай на атрыманне, апрацоўку і аналіз інфармацыі, якая характарызуе колькасныя заканамернасці жыцця грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці (тэхн.-эканам., сац.-эканам., сац.-паліт. з’явы, культура).

2) Галіна грамадскай навукі, якая вывучае і сістэматызуе паказчыкі найб. тыповых масавых эканам., сац., паліт. з’яў і працэсаў, іх змены з цягам часу, надаючы ім лічбавае выражэнне.

Пачатак стат. практыкі адносіцца да часоў узнікнення дзяржавы. Элементарны ўлік зямель і насельніцтва вёўся ўжо ў стараж. Кітаі, Індыі, Егіпце, Грэцыі, Рыме, дзе перыядычна праводзілі перапісы насельніцтва і зямельных угоддзяў. З 16 ст. ў Францыі пачала складвацца гандлёвая С., у Англіі выдаваліся афіц. прэйскуранты і апісанні асобных дзяржаў з мноствам стат. звестак. У Зах. Еўропе пашырылася дэмаграфічная С. У Расіі стат. звесткі змяшчалі ў пісцовых кнігах, матэрыялах рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 створаны стат. к-т (перайменаваны ў 1859 у Цэнтр. стат. к-т) і стат. к-ты ў губернях. У ВКЛ праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага (першы попіс адбыўся ў 1528), вяліся інвентары маёнткаў і тарыфаў падымнага падатку (гл. Падымнае). У 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ. Збору стат. матэрыялаў спрыяла ўведзеная на Беларусі земская статыстыка. Заснавальнікам стат. навукі лічыцца англ. вучоны-эканаміст У.​Пеці, які ў працы «Палітычная арыфметыка» (1683) вызначыў С. як апісальную навуку. Сістэм. выкарыстанне матэм. метадаў пры апрацоўцы стат. звестак увёў бельг. вучоны А.​Кетле, які арганізаваў 1-ы міжнар. стат. кангрэс (1853). У Расіі навук. С. з’явілася ў 1770-я г. ў выглядзе «дзяржавазнаўства», прыхільнікі якога гал. задачай лічылі комплекснае апісанне дзяржаў (М.​М.​Шчарбатаў). Уклад у С. зрабілі К.​Ф.​Герман (1767—1838), Ю.​Э.​Янсан (1835—1893), Д.​П.​Жураўскі, А.​Ч.​Чупроў (1842—1908) і інш. У 1820—40-я г. выдадзены першыя стат. табліцы аб стане гарадоў, некалькі зборнікаў стат. звестак па Рас. імперыі. Губ. стат. к-ты выдавалі памятныя кніжкі і агляды губерняў, у якіх змяшчалі сабраную рознымі ведамствамі і апрацаваную С. прам-сці, землеўладання, с.-г., дэмагр., мед., адукацыі, судовую, пра склад і рух насельніцтва, стан гандлю, шляхоў зносін, сродкаў сувязі і інш. Памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пачалі выходзіць з 1860, Магілёўскай — з 1861; агляды — Магілёўскай губ. з 1878, Гродзенскай — з 1879, Віцебскай і Мінскай — з 1881. Першай стат. установай у БССР было Цэнтр. стат. бюро (з 1920), рэарганізаванае ў 1924 у Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ) БССР.

З утварэннем Рэспублікі Беларусь сістэма дзярж. С. перабудавана. Удасканальваюцца метады збору інфармацыі і вядзення колькаснага аналізу грамадскіх працэсаў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі; пашыраецца супрацоўніцтва з замежнымі стат. органамі, з Еўрастатам, Сусв. банкам, Міжнар. валютным фондам і інш. У 1992 прынята спец. праграма пераходу на міжнар. сістэму С. і ўліку. У 1994 створана Мін-ва С. і аналізу Рэспублікі Беларусь. Працуюць абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, ва ўсіх раёнах і буйных гарадах — аддзелы дзярж. С., якія дзейнічаюць на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (1997). У 1998 створана Бел. стат. асацыяцыя, якая аб’ядноўвае спецыялістаў, занятых у С., і ставіць за мэту папулярызацыю стат. ведаў, пашырэнне прафес. міжнар. сувязей. Кадры ў галіне С. рыхтуюць у БДУ і Бел. дзярж. эканам. ун-це.

Своеасаблівае становішча С. ў сістэме навук вызначае яе арган. сувязь з навук. дысцыплінамі, якія вывучаюць асн. заканамернасці і якасныя асаблівасці розных з’яў і працэсаў у жыцці грамадства (эканам. тэорыя, гісторыя, сацыялогія, матэматыка і інш.). Больш вядома С. як галіна практычнай дзейнасці. Практычная С. складаецца з агульнай тэорыі С., макраэканам. С. і С. галін эканомікі. Агульная тэорыя С. раскрывае метадалагічныя асновы арганізацыі назіранняў за масавымі з’явамі і працэсамі, сукупнасць метадаў апрацоўкі стат. звестак. Мнагамерны стат. аналіз (МСА) дазваляе апрацоўваць звесткі, якія характарызуюцца мноствам адзнак. Макраэканамічная С. — метадалагічны інструментарый для макраўзроўневага адлюстравання і аналізу эканомікі. Цэнтральнае месца ў ёй займае сістэма нацыянальных рахункаў. С. галін эканомікі — метадалагічны інструментарый і сістэма арганізац. мерапрыемстваў, які забяспечваюць збор, апрацоўку і звядзенне інфармацыі па галінах эканомікі (прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту і інш.). Адрозніваюць таксама віды С., якія інтэгруюць паказчыкі розных галін (сац., працы, знешняга гандлю, матэрыяльных рэсурсаў і інш.). Асобнае месца займае С. дамашняй гаспадаркі і дэмаграфічная.

С. насельніцтва (дэмаграфічная) даследуе працэсы натуральнага і мех. руху насельніцтва. Вывучае яго колькасць і склад паводле полу, узросту, сямейных адносін, нацыянальнасці, адукацыі, размяшчэнне на тэр. краіны і яго міграцыю; аналізуе фактары дэмаграфічных працэсаў (нараджальнасць, смяротнасць, шлюбы і разводы, працягласць жыцця і інш.). Найб. дакладныя і падрабязныя звесткі пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі дае ўсеагульны перапіс насельніцтва. У прамежках паміж перапісамі крыніцамі стат. звестак з’яўляюцца бягучыя рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, дамавыя кнігі і інш.

С. працы даследуе наяўнасць, склад і выкарыстанне прац. рэсурсаў, у т. л. колькасны склад рабочых і служачых, арганізацыю выкарыстання рабочага часу, узровень і дынаміку аплаты працы, прадукцыйнасць працы, баланс прац. рэсурсаў і вартасць рабочай сілы.

С. ўзроўню жыцця насельніцтва і сацыяльнай сферы даследуе жыццёвы ўзровень народа і параўноўвае яго з інш. краінамі. Яна фарміруецца на аснове аналізу паказчыкаў жыл.-камунальнай гаспадаркі, сац. абароны, аховы здароўя, грамадскага харчавання, гандлю, транспарту, сувязі, культуры, адукацыі, навукі і інш. Сістэма паказчыкаў уключае велічыню даходаў і спажыванне на душу насельніцтва прадуктаў харчавання (і іх структуру) і непрадуктовых тавараў, паслуг сувязі, транспарту, устаноў аховы здароўя, культуры, грамадскага харчавання і гандлю, умовы жылля, працы і зарплаты, выкарыстанне вольнага часу і інш. Традыц. стат. даныя дапаўняюцца звесткамі спец. сацыялагічных абследаванняў, ацэнкамі экспертаў.

С. прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя вывучае велічыню, склад і выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і аналізуе стан аховы навакольнага асяроддзя (атм. паветра, водныя, зямельныя, лясныя рэсурсы, жывёльны і раслінны свет). Уключае паказчыкі геалогіі і разведкі нетраў, лясной і воднай гаспадаркі, прыродаахоўнай дзейнасці розных галін эканомікі. Выкарыстоўваецца пры распрацоўцы дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні кампанентаў навакольнага асяроддзя, для кантролю за выкананнем гэтых мерапрыемстваў і пры планаванні буд-ва новых вытв. аб’ектаў (гл. таксама Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова прыроды, Ахова раслін), а таксама пры распрацоўцы Сістэмы эколага-эканам. ўліку (СЭЭУ), якая дазваляе на міжнар. узроўні ацэньваць эканам. эфект узаемаадносін грамадства і навакольнага асяроддзя.

С. нацыянальнага багацця даследуе і вядзе ўлік матэрыяльных і нематэрыяльных актываў, якімі валодае краіна і яе замежныя рэзідэнты. Адрозніваюць: вырабленыя нефін. актывы (асн. і абаротныя сродкі, каштоўнасці, маёмасць насельніцтва і інш.); нявырабленыя нефін. актывы (зямля, нетры, натуральныя біял., водныя рэсурсы і інш.); фін. актывы (манетарнае золата, грашовая наяўнасць, дэпазіты, акцыі і інш. каштоўныя паперы, спец. правы запазычання). Сістэма паказчыкаў: аб’ём і кампанентны склад нац. багацця, выкарыстанне і яго эфектыўнасць, працэс узнаўлення. Асн. палажэнні па класіфікацыі і ўліку нац. багацця змяшчае ў сабе сістэма нац. рахункаў.

С. прамысловасці даследуе працэсы і з’явы па галінах і рэгіёнах (аб’ём, структура і якасць вырабленай прадукцыі, яе рэалізацыя, запасы, рытмічнасць вытв-сці і інш.; фін. вынікі вытв. і камерцыйнай дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў; умовы вытв. дзейнасці, у т. л. наяўнасць і выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў, аплата працы і яе прадукцыйнасць, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі і інш.

С. сельскай гаспадаркі вывучае працэсы і з’явы ў с.-г. вытв-сці. Дае магчымасць рабіць вывады пра стан і развіццё галіны, пра мэтазгоднасць існуючага размеркавання вытв-сці с.-г. прадукцыі па тэрыторыях і гаспадарках, ацэньваць узровень канцэнтрацыі і спецыялізацыі с.-г. вытв-сці, выяўляць рэзервы павышэння яе эфектыўнасці. Адыгрывае важную ролю пры вызначэнні харчовай і сыравіннай бяспекі краіны. Уключае С.: зямельнага фонду, раслінаводства, жывёлагадоўлі, с.-г. прадукцыі, нарыхтовак, мат.-тэхн. базы, а таксама адпаведныя раздзелы С. працы і фін. дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў. Асн. крыніцы яе звестак — справаздачы калгасаў, саўгасаў, акц. т-ваў, фермерскіх гаспадарак, выбарачныя назіранні за падсобнымі гаспадаркамі насельніцтва, аднаразовыя ўлікі (склад працаўнікоў па адукацыі, перапісы ўгоддзяў, пасяўных плошчаў, жывёлы, асн. сродкаў і інш.).

С. будаўніцтва вывучае працэсы і з’явы, звязаныя з ажыццяўленнем капітальных укладанняў для ўзнаўлення асн. фондаў і з вытв. дзейнасцю буд-ва. Уключае С.: капітальных укладанняў, дзейнасці буд. і праектна-пошукавых арг-цый. Сістэма паказчыкаў: аб’ёмы інвестыцый, іх склад і крыніцы, увод у дзеянне асн. фондаў і вытв. магутнасцей, аб’ём незавершанага буд-ва, буд.-мантажных работ, праектна-пошукавых работ і інш. Разам са справаздачнасцю крыніцамі звестак з’яўляюцца перапісы, аднаразовыя ўлікі і абследаванні.

С. транспарту вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў гэтай галіне. Адрозніваюць грузавыя і пасажырскія перавозкі, работу розных відаў транспарту (аўтамаб., чыг., гар. эл., рачны, паветраны, трубаправодны). Да спецыфічных яе паказчыкаў адносяцца: аб’ём перавозак, эксплуатацыя транспарту, стан парка трансп. сродкаў, працягласць і стан шляхоў зносін і інш.

С. сувязі вывучае працэсы развіцця сетак сувязі і эксплуатацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў паштовай, тэлеграфнай, тэлефоннай сувязі, радыёвяшчання і тэлебачання. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца: развіццё і размяшчэнне сеткі ўсіх відаў сувязі (стацыянарныя прадпрыемствы, лінейныя збудаванні, пункты), якасць абслугоўвання (хуткасць і надзейнасць дастаўкі інфармацыі) і інш.

С. гандлю вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў сферы тавараабарачэння: таварна-грашовы абмен, тавараабарот, узровень і рух рознічных цэн, якасць гандл. абслугоўвання, развіццё і размяшчэнне сеткі гандл. прадпрыемстваў і інш. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца таварныя запасы і іх абарачальнасць. Аналіз дынамікі цэн спажывецкіх тавараў дае магчымасць рабіць вывад пра ўзровень інфляцыі. Збор звестак вядзецца ў двух кірунках: справаздачнасць буйных гандл. прадпрыемстваў і выбарачнае назіранне за сярэднімі, дробнымі і рынкамі.

С. фінансаў вывучае з’явы і працэсы ў сферы фінансава-грашовага абарачэння і крэдыту. Адлюстроўвае наяўнасць фін. рэсурсаў, іх рух і дзейнасць фін.-крэдытных устаноў. Уключае С.: грашовага абарачэння, дзярж. фінансаў, фінансаў прадпрыемстваў, страхавання, падаткаў і падатковай сістэмы, каштоўных папер і фондавых біржаў, банкаўскую, крэдыту. Дазваляе распрацоўваць балансы фін. рэсурсаў, вылічваць бягучыя і будучыя крэдытныя стаўкі, плацежаздольнасць прадпрыемстваў і ўстаноў, падатковых даходаў, валютнай ліквіднасці і інш.

С. знешняга гандлю вывучае аб’ёмы, структуру і дынаміку знешняга гандлю, яго геагр. размеркаванне, склад тавараў, долю краіны ў сусв. тавараабароце, а таксама ролю знешняга гандлю ў эканоміцы краіны. Вядзе ўлік імпарту, экспарту і транзіту ў вартасных і колькасных выражэннях. Асн. крыніцы звестак — справаздачы прадпрыемстваў-экспарцёраў і мытных устаноў.

Літ.:

Миллс Ф. Статистические методы: Пер. с англ. М., 1958;

Казаченок А.Г., Черванев Д.Л. История развития государственной статистики в БССР. Мн., 1969;

Всемирная история экономической мысли. Т. 1—6. М., 1987—97;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994;

Елисеева И.И., Костеева Т.В., Хоменко Л.Н. Международная статистика. Мн., 1995;

Статистика: нац. счета, показатели и методы анализа. Мн., 1995;

Историческая информатика. Мн., 1998.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)