элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (ад грэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.