гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс.ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»,
шматтомнае універсальнае энцыклапедычнае выданне для дзяцей. Выдадзена ў 1958—77 у Маскве выд-вам «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 3 выданні: 1-е ў 10 т. (1958—62), 2-е і 3-е ў 12 т. (1964—69 і 1971—77). Прынцып пабудовы ўсіх выданняў «Дз.э.» — тэматычна-алфавітны. Кожны том мае ўласную назву і складаецца з некалькіх раздзелаў (т. 1 — «Зямля», т. 2 — «Свет нябесных цел. Лікі і фігуры». т. 3 — «Рэчывы і энергія», т. 4 — «Расліны і жывёлы» і г.д.), вызначаецца навуковай дакладнасцю, даступнасцю выкладу матэрыялу, багата ілюстравана.
Сярод інш. энцыклапедычных даведнікаў для дзяцей вылучаюцца энцыклапедыя «Што такое. Хто такі» (т. 1—2, 1968, 2-е выд., г 1—3, 1975—78), а таксама даведнікі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена» (1979), «Энцыклапедычны слоўнік юнага астранома» (1980, 2-е выд. 1986), «Энцыклапедычны слоўнік юнага хіміка» (1982, 2-е выд. 1990), «Энцыклапедычны слоўнік юнага мастака» (1983), «Энцыклапедычны слоўнік юнага літаратуразнаўца» (1987) і інш. (для юных земляробаў, фізікаў, матэматыкаў, музыкантаў, біёлагаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс.чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв.сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел.рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.
сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл.Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч.г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус.нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.Гуцін, Я.Дзягцярык, В.Іваноў, М.Казінец, В.Карэтнікаў, Т.Мдывані, Л.Свердэль, Ф.Севасцьянаў, І.Хадоска, Г.Цэпава; яго ўзначальвалі Р.Грышаеў, І.Сушкевіч, Л.Школьнікаў, А.Шунтаў, Ю.Шпадарук, Э.Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.Янушкевіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынак б.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынак б. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
адзін з прадметаў агульнаадук. школы, накіраваны на падрыхтоўку школьнікаў да прац. дзейнасці. Асн. задача П.н. — набыццё вучнямі ведаў аб прадметах, сродках і працэсах працы, агульнатэхн. і спец. уменняў і навыкаў, неабходных для авалодання якой-н. прафесіяй.
Аргументы на карысць уключэння прац. дзейнасці ў навуч.-выхаваўчы працэс у адпаведнасці з узроставымі, фіз. і інтэлектуальнымі магчымасцямі дзяцей выказаны ў сацыяльна-пед. тэорыях 17—18 ст. (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо). І.Г.Песталоці разглядаў працу вучняў як важнейшы элемент развіццёвага навучання і пед. арганізаванага выхаваўчага асяроддзя. У сярэдзіне 19 ст. разгарнуўся шырокі рух настаўнікаў і выхавальнікаў за ўкараненне навуч. працы ў школах краін Зах. Еўропы і ЗША. Як навуч. прадмет пад назвай «Ручная праца» ўключана ў планы пач. школ і настаўніцкіх семінарый Фінляндыі (1866). У 2-й пал. 19 ст. таксама ўведзена ў агульнаадук. школах Францыі (1882), Вялікабрытаніі (1890), Італіі (1894), ЗША (1895) і інш.; у Рас. імперыі выкладалася з 1884. Пашырэнне атрымала сістэма П.н., створаная К.Ю.Цырулем. У СССР у 1937 П.н. ў агульнаадук. школе адменена, у 1954—56 адноўлена.
На Беларусі П.н. арганізуецца ў форме ўрокаў, практыкумаў, экскурсій, працоўнай (вытворчай) практыкі. Заняткі праводзяцца ў навуч. і навуч.-вытворчых умовах. У адпаведнасці з планамі сярэдняй агульнаадук. школы вядзецца распрацоўка зместу, форм і метадаў падрыхтоўкі вучняў да працы ў межах агульнаадук. галіны «Тэхналогія».
Літ.:
Казакевич В.М., Поляков В.А., Ставровский А.Е. Основы методики трудового обучения. М., 1983;
Атутов П.Р., Поляков В.А. Роль трудового обучения в политехническом образовании школьников. М., 1985, Школа и труд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс.ж. (1998).
У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.І.Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.
Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.Шагала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ (ад франц. grimer падмалёўваць твар),
мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад маст. асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.
Гісторыя грыму ў т-ры ўзыходзіць да стараж.нар. абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Нар. акцёры сярэдневякоўя (скамарохі, жанглёры і інш.) размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У 15—16 ст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Т-р класіцызму (17—18 ст.) стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рус. т-ры 19 ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыма-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.
У бел. т-ры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні грыму (Г.Глебаў, Б.Платонаў, С.Бірыла, У.Крыловіч, П.Малчанаў, А.Кістаў, А.Ільінскі). Значны ўклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі бел. мастакі-грымёры С.Школьнікаў, Р.Волкаў, А.Буднік, В.Навіцкая, С.Пінхасік, В.Міронава, Л.Звездачотава і інш. У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе карпатлівай работы грымёра-мастака. У бел. кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р.Храпуцкі, У.Дзяменцьеў, У.Белавусаў, А.Чартовіч і інш. У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.
Літ.:
Школьников С.П. Искусство грима. Мн., 1963.
Да арт.Грым. Б.В.Платонаў (злева). Ён жа ў ролі Эзопа ў спектаклі «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду. 1957. Грым Платонава пры ўдзеле А.Тонкага.Да арт.Грым. Г.П.Глебаў (злева). Ён жа ў ролі Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. 1939. Грым Глебава пры ўдзеле Р.Волкава.Да арт.Грым. У.М.Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б.Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,
састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.
На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец.навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш.мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.