МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),

полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.

Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл. Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэс буд-ва М.п. фактычна спынена.

Мартэнаўская печ: 1 — рэгенератары; 2 — завалачныя вокны; 3 — сталевыпускная адтуліна; 4 — рабочая прастора; 5 — адтуліна для спуску шлаку; 6 — галоўкі; 7 — вертыкальныя каналы; 8 — шлакавік.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.

Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш. Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш. Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш. Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.

Г.Г.Паніч.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.

Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш. Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш. Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.

На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.

Г.Г.Паніч.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.

Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.

С.І.Сідор.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 10.1.1939. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2078 тыс. чал., гарадскога 76% (1996). Цэнтр — г. Запарожжа. Найб. гарады: Мелітопаль, Бярдзянск, Арэхаў, Прыморск.

Прырода. Большая ч. тэр. вобласці раўнінная, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. з ізаляванымі ўзгоркамі (выш. да 324 м, г. Магіла-Бельмак), на Пд Прычарнаморская нізіна, якая абмываецца Азоўскім м. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, буры вугаль, граніт, каалін, графіт. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 22—24 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—450 мм. Гал. рака — Дняпро з прытокам Конка; да бас. Азоўскага м. належаць рэкі: Малочная, Абіточная, Берда, Кахоўскае вадасх. На ўзбярэжжы Азоўскага м. шэраг ліманаў і салёных азёр. Глебы чарназёмныя, цёмна-каштанавыя, каштанавыя і саланцы. Стэпы разараныя, участкі драўнінна-хмызняковай расліннасці ўздоўж рэк. Філіял Укр. стэпавага запаведніка («Каменныя Магілы»).

Гаспадарка. З.в. — развіты прамысл. раён. Асн. галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат) і каляровая (вытв-сць алюмінію, тытану, магнію) металургія, маш.-буд. і металаапрацоўка (сілавыя трансфарматары, высакавольтная электраапаратура, кабель, электрапрыборы, легкавыя аўтамабілі, рухавікі, с.-г. машыны і агрэгаты), коксахім., хім. і нафтахім. (палімеры, сінт. смолы, тэхн. масла, шкловалакно, лакі і інш.). Лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая), харчасмакавая (маслабойна-тлушчавая, мукамольная, мясная, малочная, рыбная, кансервавая), камбікормавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Белазерскі жалезарудны раён). Днепрагэс, Запарожская ДРЭС, Запарожская АЭС. С.-г. ўгоддзі займаюць 2210 тыс. га, у т. л. пад ворывам 1893 тыс. га (1996). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень), кармавых, тэхнічных (сланечнік, соя, клешчавіна) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя. Пладаводства і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства. Значныя масівы арашальных зямель. Суднаходства па р. Дняпро. Марскі порт — г. Бярдзянск. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Валнаваха, Запарожжа—Бярдзянск, аўтадарогі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Марыупаль, Запарожжа—Днепрапятроўск. Курорты: Бярдзянск, Кірылаўка.

В.М.Сасноўскі.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.С.Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. 1249 тыс. чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г. Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.

Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч. прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар. маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс. га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс. га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.

Л.В.Лоўчая.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́ННЕ ў вытворчасці,

форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).

У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.

Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.

Літ.:

Экономика предприятия. Мн., 1997. С. 153—156.

М.Ю.Пасюк.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст.чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.П.Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру І у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.Л.Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)