каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр.нац.к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс.чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс.чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАНА́ЦКІ (Юрый Аліферавіч) (1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),
украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1937). У Вял.Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял.Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш.Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.
Тв.:
Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.
Літ.:
Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙО́РКІ (Yorks),
дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НГСКАЕ АДРАДЖЭ́ННЕ»,
уздым культуры ў Франкскай дзяржаве ў 2-й пал. 8—1-й пал. 9 ст., звязаны з узвышэннем, рэформамі першых Каралінгаў і ўзнікненнем імперыі Карла Вялікага. Цэнтралізацыя дзяржавы і кіраванне велізарнай імперыяй патрабавалі значнай колькасці адукаваных чыноўнікаў і духавенства. Адсюль клопат пра развіццё адукацыі і мастацтва, зварот да познаант. культуры. Пры каралеўскім двары, у цэнтрах буйных епархій і абацтваў ствараліся школы для дзяцей знаці, настаўнічаць у якіх запрашалі найб. адукаваных людзей. Узнавілася цікавасць да твораў стараж. аўтараў — Арыстоцеля, Баэцыя, Светонія, Ціта Лівія і інш. Створана новае пісьмо — каралінгскі мінускул, якое стала асновай сучаснага лац. алфавіта. Цэнтрам «К.а.» была «Акадэмія» — своеасаблівы гурток вучоных і паэтаў, створаны Карлам Вялікім пры сваім двары. Значнага развіцця дасягнулі гістарыяграфія, л-ра, архітэктура (у 768—814 пабудавана 27 сабораў, 232 манастыры, 65 палацавых ансамбляў, сярод якіх найб. адметная палацавая капэла ў Ахене), фрэскавы жывапіс, мазаіка, кніжная мініяцюра, ювелірнае мастацтва. Распад імперыі пры пераемніках Карла Вялікага, узмацненне феад. раздробленасці, рост натуральнай гаспадаркі прывялі да згасання «К.а.» як з’явы.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.«Каралінгскае адраджэнне». Лотар I. Мініяцюра «Евангелле Лотара». Каля 840.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖКА ((Žizka) Ян) (каля 1360, Троцнаў, Чэхія — 11.10.1424),
чэшскі нац. герой, палкаводзец перыяду гусіцкіх войнаў. З дробнай шляхты. У 1406—09 удзельнічаў у паўстанцкай вайне супраць паноў у Паўд. Чэхіі. З 1409 на службе ў польск. караля Ягайлы; прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410. У 1414 пры двары Вацлава IV. Адзін з кіраўнікоў паўстання жыхароў Новага Месца ў Празе 30.7.1419. Першыя перамогі атрымаў у пач. 1420 каля Некаміржа і Судамержа. Вызначыўся 14.7.1420 пры абароне Віткавай гары каля Прагі. Са снеж. 1420 першы гетман табарытаў. На Часлаўскім сейме 1.6.1421 выбраны ў ліку 20 правіцеляў Чэшскай зямлі. Выразнік інтарэсаў дробнай шляхты і мяшчан-гусітаў, падтрымліваў «Чатыры пражскія артыкулы». У ліп. 1421 пры аблозе замка Рабі Ж. страціў зрок. У час 3-га крыжовага паходу супраць гусіцкай Чэхіі ў 1422 разбіў ням. войска каля Кутна-Горы і Нямецкі-Броду. У пач. 1423 парваў з радыкальнымі табарытамі і заснаваў ва Усх. Чэхіі Малы Табар. 7.6.1424 разбіў войска пражан і паноў каля Малешава. Памёр ад чумы ў час аблогі г. Пршыбіслаў.
Літ.:
Ревзин Г.И. Ян Жижка. [М.], 1952;
Мацек Й. Табор в гуситском революционном движении: Пер. с чеш. Т. 2. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЦАЛА (Яўген Піліпавіч) (14.1.1937, с. Новажыватаў Вінніцкай вобл., Украіна — 5.7.1995),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1959). Друкаваўся з 1961. Аўтар зб-каў апавяданняў і навел «Людзі сярод людзей» (1962), «Яблыкі з восеньскага саду» (1964), «Выкупаная ў любісце» (1965), «Хусцінка шоўку зялёнага» (1966), «Пах кропу» (1969), лірыка-псіхал. аповесцей «Дзяўчаты на выданні» (1971), «Двое на свяце кахання» (1973), «З агню ўваскрэслыя» (1978), гумарыстычна-гратэскавага рамана-трылогіі «Пазычаны муж», «Прыватнае жыццё феномена», «Парад планет» (1982—84); зб-каў вершаў «Пісьмо зямлі» (1981), «Час і прастора» (1983), «Жывём на зары» (1984) і інш. Яго творы адзначаны мяккім лірызмам, тонкім моўным жывапісам, глыбокай народнасцю і філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. За кн. прозы «Арламі аранае» (1977), «Што мы ведаем пра любоў» (1979), «Паляванне з гончым сабакам» (1980) і цыкл «Апавяданні з Цярноўкі» (1981) Літ. прэмія Ю.Яноўскага 1982; за зб-кі «Сайёра» (1980) і «Праляцелі коні» (1984) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1985. За цыкл нарысаў-памфлетаў «Ментальнасць арды» (1994—95) прэмія імя І.Агіенкі 1996. На бел. мову асобныя творы Гуцалы пераклалі М.Дубянецкі, М.Лужанін, А.Мажэйка, М.Прашковіч, Л.Салавей, А.Чаркасаў, А.Шарахоўская, Б.Сачанка і інш.