манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл.Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),
самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм.ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл.Анероід). Змены атм.ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць рэчыва ўтвараць у сумесі з інш. рэчывамі (кампанентамі) растворы. Колькасна Р. рэчыва ў дадзеным растваральніку характарызуецца канцэнтрацыяй яго насычанага раствору, якую таксама наз. Р.
Добра раствараюцца адно ў адным рэчывы, падобныя паводле фіз. і хім. уласцівасцей (эмпірычнае правіла «падобнае раствараецца ў падобным»), таму ў палярных растваральніках (вада, этанол, вадкі аміяк) добра раствараюцца рэчывы, утвораныя палярнымі малекуламі і з іонным тыпам сувязі, у непалярных (бензол, серавуглярод) — непалярныя рэчывы. Р. дадзенага рэчыва залежыць ад т-ры і ціску адпаведна агульнаму прынцыпу зрушэння раўнавагі (гл.Ле Шатэлве — Браўна прынцып). Р. вадкіх і цвёрдых рэчываў практычна не залежыць ад ціску. Р. газаў у вадкасцях з ростам ціску павялічваецца, з ростам т-ры звычайна памяншаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10−3м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ПЕРАНО́С ПАВЕ́ТРАНЫХ МАС,
пераважаючы перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот. Абумоўлены мерыдыянальным паніжэннем т-ры і атм.ціску ад субтропікаў (дзе пераважаюць вобласці павышанага атм.ціску) да палярных шырот і адхіляючай дзейнасцю Карыяліса сілы. Зона гэтага пераносу вызначаецца інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю. З ім на тэр. Беларусі звязаны адлігі і выпадзенне ападкаў зімой, халоднае дажджлівае надвор’е летам. Гл. таксама Цыркуляцыя атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ,
адзінка ціску і напружання механічнага ў СІ. Абазначаецца Па. П. роўны ціску, выкліканаму сілай 1 Н, раўнамерна размеркаванай па нармальнай да яе паверхні плошчай 1 м²: 1 Па = 1 Н/м² = 1015 бар = 7,5∙1013мм рт. сл. = 0,102 мм вадз. сл. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі кілапаскаль і мегапаскаль: 1 кПа = 103 Па, 1 МПа = 106 Па. Названа імем Б.Паскаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́КІНГ (англ. cracking ад crack расшчапляць),
перапрацоўка нафты і яе фракцый для атрымання маторнага паліва, змазачных маслаў, сыравіны для хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. віды К.: тэрмічны і каталітычны.
Тэрмічны К. ажыццяўляецца пад уздзеяннем высокай т-ры (450—550 °C) і ціску 4—6 МПа; атрымліваюць бензінавыя і газойлевыя фракцыі, высокаараматызаваную нафтавую сыравіну для вытв-сці тэхн. вугляроду (сажы), α-алефінаў. Каталітычны К. ажыццяўляюць пры адначасовым уздзеянні высокай т-ры (450—500 °C), ціску да 0,4 МПа і ў прысутнасці каталізатара (алюмасілікатаў); атрымліваюць базавыя кампаненты высокаактанавых бензінаў, газойлі, вуглевадародныя газы. Для перапрацоўкі нафты з вял. колькасцю сярністых і смалістых рэчываў выкарыстоўваюць каталітычны К. пры 330—450 °C, ціску вадароду 5—30 МПа (т.зв.гідракрэкінг); атрымліваюць бензінавыя фракцыі, рэактыўнае і дызельнае паліва, нафтавыя маслы, вуглевадародныя газы і інш. Выкарыстоўваюць таксама электракрэкінг, які ідзе пры 1000—1300 °C, ціску 0,14 МПа (атрымліваюць этылен і ацэтылен дзеяннем ал. разраду ў метане); акісляльны піроліз (К. у прысутнасці кіслароду) і інш.
Літ.:
Технология переработки нефти и газа. Ч. 2. 3 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МАНО́МЕТР, дыфманометр,
прылада для вымярэння рознасці (перападу) ціску вадкіх і газападобных рэчываў, узроўню вадкасці, а таксама расходу вадкасці, пары, газу па перападзе ціску. Бываюць прамапаказвальныя, самапішучыя і бясшкальныя (з эл. або пнеўматычнай перадачай паказанняў); паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць вадкасныя (вымераны ціск ураўнаважваецца слупком вадкасці) і мех. (ціск ураўнаважваецца сіламі пругкасці мембраны, спружыны, сільфона). Асн.тэхн. характарыстыкі: перапад ціскаў і найб. статычны ціск, на які разлічана прылада. Гл. таксама Расхадамер.