ЛА́ЧЭНС ((Lutyens) Эдвін Лэндсір) (29.3.1869, Лондан — 1.1.1944),

англійскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтва ў Лондане (1885—87). Прэзідэнт Лонданскай АМ (з 1938). У творчасці звяртаўся да нац. арх. традыцый, адрадзіў традыц. тып англ. сядзібнага дома, прыўнёс у яго элементы сучаснага камфорту (дом Дынеры-гардэнс у Сонінгу, 1901). Стварыў імпазантны афіц. стыль адм. і дзелавых будынкаў (палац віцэ-караля, цяпер Раштрапаці Бхаван, г. Нью-Дэлі, Індыя, 1913—30). Працаваў у галіне горадабудаўніцтва (планіроўка г. Нью-Дэлі, з 1912, цяпер у межах Дэлі). Аўтар манументаў на ўшанаванне памяці ахвяр 1-й сусв. вайны («Кенатаф» у Лондане, 1919—20).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІЁН (кельцкае Albion),

старажытная назва Брытанскіх астравоў (без Ірландыі). Упершыню ўпамінаецца ў творах стараж.-грэч. пісьменнікаў 6 ст. да н.э. Ужываецца і цяпер як сінонім назвы Англіі.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1-й пал. 17 ст. — 1-й пал. 20 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), знаходзіўся на яго паўд.-ўсх. баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (цяпер Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (цяпер Энгельса) і Юр’еўскай (цяпер Ракаўская). Комплекс уключаў будынкі касцёла, кляштара і гасп. пабудовы. Засн. ў 1605 па фундацыі С.​Слушкі. У 1615 мінскі ваявода П.​Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёла і кляштара. Пабудаваны ў стылі барока; у пач. і 2-й пал. 18 ст. рэканструяваны. Касцёл св. Томаша Аквінскага (закладзены ў 1622) — прамавугольная ў плане 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 2 капліцамі ў паўд.-зах. частках бакавых нефаў. Бязвежавы гал. фасад быў падзелены пілястрамі на 2 часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невял. вежачкай, бакавыя — вял. сіметрычнымі на высокіх 8-гранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёла расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавым жывапісам, у ім было 13 разных драўляных і стукавых алтароў. Да прэсбітэрыя касцёла прымыкаў 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара. У паўн.-зах. частцы комплексу былі сад і драўляныя гасп. пабудовы (2 флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з 2-вежавай 3-яруснай брамай-званіцай. У 1832 кляштар закрыты, у 1840-я г. перабудаваны пад каталіцкую семінарыю, пасля 1869 у ім размяшчаліся казармы. У 1950 разбураны. Захаваліся падмуркі, крыпта, частка сцен (пасля археал. даследаванняў закансерваваны).

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Малюнак.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),

у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс. да н.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст. да н.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 да н.э., гл. Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 да н.э. Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 да н.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 да н.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 да н.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст. н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст. тэр. Н. захапілі арабы.

т. 11, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1895—1905 у в. Калодзішчы (цяпер пас. Калодзішчы ў Мінскім р-не). Вырабляла розныя лесаматэрыялы. На фабрыцы дзейнічаў паравы рухавік. У 1900 працавала 30 чалавек.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНІЦКАЯ ЖАЛЕЗААПРАЦО́ЎЧАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1797 у в. Сітніца Мазырскага пав. (цяпер у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл). Працавала больш за 50 чал., выраблена 500 пар метал. сашнікоў для сох.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́Н (франц. baron),

у Зах. Еўропе ў сярэднія вякі непасрэдны васал караля, пазней радавы дваранскі тытул (жан. баранэса). У Англіі (захаваўся і цяпер) тытул знаці, па рангу ніжэйшы за тытул віконта.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЗНАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1866—67 у маёнтку Гнезна Ваўкавыскага пав. (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1867 працавалі 62 чал., выраблена сукнаў на 60,1 тыс. руб.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАШЭ́ВІЦКАЯ ЖАЛЕЗААПРАЦО́ЎЧАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1796 у мяст. Мікашэвічы Мазырскага пав. (цяпер рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл.). Працавала каля 50 чал., выпусціла 500 пар жал. сашнікоў для сох.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНІ́ЦКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1901—13 у мяст. Буйнічы Магілёўскага пав. (цяпер вёска ў Магілёўскім р-не). У 1908—13 быў паравы рухавік (40 к.с.). Працавала 100 рабочых (1913).

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)