ЛЫШЧЭ́НЯ (Захар Рыгоравіч) (1917, в. Пласток Любанскага р-на Мінскай вобл. — 8.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну з вер. 1941 на 1-м Укр. фронце. Камандзір аддзялення разведкі старшына Л. вызначыўся 8.2.1945 ва Усх. Прусіі: у час разведкі ў тыле ворага з напарнікам захапілі ў палон 2 афіцэраў з важнымі дакументамі; трапіўшы ў акружэнне, Л. прыкрываў адыход напарніка з дакументамі, цяжка паранены захоплены ў палон і закатаваны. На радзіме помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЬКО́Ў (Міхаіл Ягоравіч) (6.2.1926, в. Дубінка Магілёўскага р-на — 9.7.1966),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з ліп. 1944 на 2-м і 3-м Бел. франтах. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Р. вызначыўся ў сак. і маі 1945 у баях на тэр.Усх. Прусіі; пры авалоданні нас. пунктам Радаў, у час высадкі сав. дэсанта цераз заліў Фрышэс-Хаф, цяжка паранены працягваў бой. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СА ЗАКО́Н,
асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́НАЎ (Яўген Іванавіч) (20.8.1919, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Крымскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах — сяржант, камандзір стралк. аддзялення. Вызначыўся ў баях за р. Одэр. 27.1.1945 аддзяленне К. першае фарсіравала раку, у баі за расшырэнне плацдарма знішчыла каля 100 гітлераўцаў. Цяжка паранены К. не пакінуў поля бою. 28.1.1945 асабістым прыкладам падняў воінаў у атаку. Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІНЕЎРЫ́Т (ад полі... + грэч. neuron жыла, нерв),
множнае запаленне перыферычных нерваў. Узнікае ад інфекцый, асабліва вірусных, інтаксікацый (алкаголь, ртуць, свінец), парушэння абмену рэчываў (напр., пры дыябеце цукровым) і інш. П. з пашкоджаннем нерв. карэньчыкаў наз.полірадыкуланеўрытам. Прыкметы: адчуванне поўзання мурашак па скуры, аняменне дыстальных аддзелаў рук і ног, боль, ацёк, схудненне, парэзы і паралічы; мышцы канечнасцей памяншаюцца ў памерах (атрафіруюцца), няўстойлівая паходка, цяжка ўтрымліваць рэчы ў руках. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычыны хваробы, тэрапія, масаж, фізія- і курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач.чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в. Ухвала Крупскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Brown) Джон) (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),
адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл.Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.