БАСКА́К (цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),

назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЮДА́Г (цюрк. Мядзведзь-гара),

гара-лакаліт і мыс на Паўд. беразе Крыма на Украіне. Замыкае з У Гурзуфскую бухту. Даўж. каля 3 км, выш. да 572 м. На стромкіх схілах разрэджаная ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Каля паўд.-зах. падножжа размешчаны міжнар. дзіцяча-юнацкі аздараўленчы лагер Артэк.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГА́Ц (арм.),

Алагёз (цюрк.), найвышэйшая вяршыня Армянскага нагор’я, у Арменіі. Выш. 4090 м. Патухлы вулкан, кратэр якога стаў ледавіковым цыркам. Складзены з лаваў і туфаў. Ёсць невял. ледавікі. На схілах стэпы з нагорнымі ксерафітамі. Горныя пашы. Па паўд. схіле Бюраканская астрафіз. абсерваторыя; рэшткі сярэдневяковай крэпасці Анберд.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВУ́Л (цюрк. стража),

узброенае падраздзяленне для аховы і абароны баявых сцягоў, ваен. і дзярж. аб’ектаў, аддання вайсковых ушанаванняў і інш. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь К. падзяляюцца на гарнізонныя і ўнутраныя, бываюць пастаянныя або часовыя, правілы арганізацыі нясення каравульнай службы рэгламентуюцца Часовым статутам гарнізоннай і каравульнай службаў.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНЧУ́К (цюрк.),

1) доўгае дрэўка з шаром ці вастрыём на верхнім канцы, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі. Сімвал улады ў тур. пашэй, у 16—18 ст. таксама польск., літ., укр. гетманаў і атаманаў рус. казацкага войска.

2) Ударны музычны інструмент, упрыгожаны дэкаратыўнымі конскімі хвастамі, у некаторых вайсковых аркестрах.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙМА́К,

1) у манг. і цюрк. народаў першапачаткова вялікая ці малая група роднасных сем’яў, якія вялі сваё паходжанне ад аднаго продка і качавалі на адной тэрыторыі; пазней (у манголаў) буйны феад. ўдзел, ханства.

2) Адм.-тэр. адзінка (раён) у Бураціі і на Алтаі.

3) Асн. адм.-тэр. адзінка Манголіі.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГА́Н (цюрк.),

тытул кіраўніка дзяржавы ў цюркамоўных народаў у старажытнасці і сярэдневякоўі. Упершыню тэрмін «К.» згадваецца ў кіт. летапісах пад 312. Напачатку тытул К. замацаваўся за ўладарамі жужаняў, з сярэдзіны 6 ст. — за правіцелямі Цюркскага каганата, пазней перайшоў да авараў, печанегаў, хазараў і інш. У канцы 7 — пач. 9 ст. ўжываўся таксама разам з тытулам князь ва ўсх. славян (на Русі да канца 12 ст.). У Манг. імперыі з 13 ст. так называлі імператара.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)