ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Ісакавіч (28.1.1895, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Працаваў на лесапільных з-дах Барысава і Рэчыцы. З 1915 у арміі, пасля ранення з 1918 на радзіме. Удзельнічаў ва ўстанаўленні сав. улады на Барысаўшчыне. Са снеж. 1918 старшыня Лошніцкіх валасных выканкома і рэўкома. У час польскай акупацыі кіраваў партыз. групамі на Барысаўшчыне. У 1920 старшыня Барысаўскай пав. РСІ, са снеж. — Барысаўскага пав. выканкома. У 1921 узначальваў камісію па барацьбе з бандытызмам, спекуляцыяй і дэзерцірствам. У снеж. 1922 як чл. паўнамоцнай дэлегацыі БССР падпісаў Дэкларацыю аб утварэнні СССР. З мая 1924 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, з крас. 1925 нарком унутр. спраў БССР. У 1926—27 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР. З мая 1927 сакратар ЦВК БССР, адначасова старшыня Нац. камісіі пры ЦВК БССР, на гады дзейнасці якой на чале з Х. прыпаў пік праводзімай у рэспубліцы палітыкі беларусізацыі. У 1928 узначаліў урадавую Камісію па рэарганізацыі Ін-та бел. культуры ў Бел. АН. З лют. 1931 нарком фінансаў БССР. У 1935—37 сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыі СССР 1936, узначальваў Камісію па амністыі і сав. грамадзянстве. Быў рэдактарам час. «Революция и национальности», чл. рэдакцыйнага савета Вял. сав. атласа свету. Выступаў у друку па пытаннях сав. будаўніцтва. Чл. ЦВК БССР у 1920—37 і яго Прэзідыума ў 1925—36. Чл. ЦВК СССР у 1922—24, 1925—37 і яго Прэзідыума ў 1927—35. Чл. Кантрольнай Камісіі ЦБ КП(б)Б у 1920—21, ЦБ КП(б)Б у 1922—24. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—34. 25.7.1937 арыштаваны ў Маскве, этапіраваны ў Мінск. Неабгрунтавана абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і кіраўніцтве ёй (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле») і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​А.​Бандарэнка.

т. 16, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДЗЕ́Д Мікалай Мацвеевіч (21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​Ф.​Шумейка.

М.М.Галадзед.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМПА́РТЫІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс у Маскве 25.11—7.12.1930. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў група інж.-тэхн. інтэлігенцыі з 8 чал. (сярод іх вучоны-цеплатэхнік Л.​К.​Рамзін) абвінавачвалася ў стварэнні антысав. падпольнай арг-цыі (т.зв. Прампартыі) і ажыццяўленні ў 1925—30 шкодніцтва ў прам-сці і на транспарце. 5 чал., у т. л. Рамзін, прыгавораны да расстрэлу (заменены Прэзідыумам ЦВК на 10 гадоў пазбаўлення волі), 3 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. У лют. 1936 ЦВК СССР памілаваў некат. асуджаных. У канцы 1980-х г. усе падсудныя рэабілітаваны.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых,

сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 4—9.5.1925 у Мінску. Прысутнічала 525 дэлегатаў з рашаючым і 191 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.​А.​Адамовіч); аб развіцці сельскай гаспадаркі (Дз.​Ф.​Прышчэпаў); аб стане прам-сці ў БССР (А.​Я.​Калнін); аб сав. буд-ве (А.​І.​Хацкевіч); аб выкананні бюджэту 1924/25 і бюджэце на 1925/26 (Ф.​А.​Браўковіч); аб Чырв. Арміі (М.​М.​Тухачэўскі); аб медыцыне на вёсцы (М.​І.​Барсукоў); выбары ЦВК БССР, чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад БССР і дэлегатаў на Усесаюзны з’езд Саветаў. З’езд ухваліў паліт. лінію ўрада Беларусі, адзначыў станоўчыя вынікі ўзбуйнення БССР, рост прам-сці, дасягненні ўрада ў арганізацыі дапамогі сялянству. Цэнтр. пытаннем на з’ездзе было абмеркаванне далейшых шляхоў развіцця сельскай гаспадаркі. У якасці першачарговай пастаўлена задача агульнага ўздыму сял. гаспадаркі, росту яе таварнасці і інтэнсіўнасці. З’езд пацвердзіў ранейшы курс на дапамогу бядняцкім гаспадаркам. Дэлегаты падтрымалі палітыку беларусізацыі, але адзначалі недахоп беларускамоўнай л-ры, настаўнікаў бел. мовы, спецыялістаў-беларусаў з вышэйшай адукацыяй. Было разгледжана становішча бел. насельніцтва ў Зах. Беларусі. З’езд выбраў ЦВК БССР з 154 чл. і 49 канд., 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР, 47 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам на ПІ Усесаюзны з’езд Саветаў.

Літ.:

Стенографический отчет VII Всебелорусского съезда Советов. Мн., 1925;

Резолюции VII Всебелорусского съезда Советов БССР. Мн., 1925.

І.​Г.​Яцкеаіч.

т. 14, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К Максім Антонавіч (1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл. ЦВК Узбекістана (1925), ЦВК БССР (1927). У Вял. Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НА Антон Васілевіч (16.1.1885, г. Веліж, Расія — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1902 працаваў тэлеграфістам. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. Ваен. камісар Ігуменскага, Мінскага пав., ваен. камендант Мінска, гомельскі губ. ваен. камісар. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга. Ваенком 2-й стралк. і 7-й кав. дывізій, нам. наркома, нарком па ваен. справах БССР. З 1925 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, старшыня ЦК Асаавіяхіма БССР. Чл. ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК БССР у 1920—21, 1924—37, канд. у чл. ЦВК СССР у 1925—29.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКРЭ́Т «АБ АБ’ЯДНА́ННІ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК: РАСІ́І, УКРАІ́НЫ, ЛА́ТВІІ, ЛІТВЫ́, БЕЛАРУ́СІ ДЛЯ БАРАЦЬБЫ́ З СУСВЕ́ТНЫМ ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМАМ».

Прыняты па ініцыятыве ЦК РКП(б) і прапановах ЦВК Украіны, Савета абароны Літвы і Беларусі, урада Сав. Латвіі 1.6.1919 на пасяджэнні ВЦВК РСФСР з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Беларусі, Латвіі і Літвы. Прызнаў за неабходнае са згоды ЦВК і СНК сав. рэспублік правесці аб’яднанне ваен. арг-цыі і ваен. камандавання, саветаў нар. гаспадаркі, чыг. ўпраўлення і гаспадаркі, фінансаў, камісарыятаў працы сав. рэспублік. Аформіў ваенна-паліт. саюз рэспублік, які дзейнічаў у гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі, быў этапам на шляху ўтварэння СССР.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.

Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.

Выбраў ЦВК БССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР абраны А.​Р.​Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — М.​М.​Галадзед.

М.​П.​Касцюк.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАКУ́Н Міхаіл Восіпавіч (1893, в. Нідзяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 27.4.1943),

бел. парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў курсы марксізму-ленінізму пры ЦК ВКП(б) (1931). Са студз. 1917 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі, чл. выканкома Выбаргскага райсавета ў Петраградзе. З 1918 на гасп., з 1924 на парт. рабоце. Са студз. 1935 упаўнаважаны Наркамата харч. прам-сці СССР пры СНК БССР, з чэрв. 1935 1-ы сакратар Гомельскага гаркома КП(б)Б. З 7.7 па 13.11.1937 Старшыня ЦВК БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1935—37, чл. Бюро ЦК у чэрв. — кастр. 1937. Чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1937. 25.10.1937 пленум ЦК КП(б)Б вывеў С. з чл. Бюро і чл. ЦК КП(б)Б, зняў з пасады Старшыні ЦВК БССР, і ён прыцягнуты да крымін. адказнасці за «антысав. дзейнасць». 27—29.5.1940 Ваен. калегія Вярх. суда СССР вынесла яму апраўдальны прыгавор, аднак пленум Вярх. суда СССР 29.7.1943 адмяніў яго, а справа спынена ў сувязі са смерцю С. Рэабілітаваны ў 1954.

Я.​С.​Фалей.

т. 15, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)