КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
т. 10, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл. Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.
На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл. таксама Вадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.
Р.У.Васілюк.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.
Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.
А.П.Чарнякова.
т. 9, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.
Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА «Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл. Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Пад с.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім. прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.
Літ.:
Технология калийных удобрений. 2 изд Мн., 1978.
Х.А.Александровіч.
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл. Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл. Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл. Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
І.В.Боднар.
т. 7, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.
Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.
А.П.Чарнякова.
т. 7, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).
Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.
А.П.Чарнякова.
т. 11, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ЛІЗ (ад гідра... + ...ліз),
рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.
Пры гідролізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl−+HOH=NH4OH+Cl−+H+) ці шчолачную (CH3COO−+Na++HOH=CH3COOH+Na++OH−) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.
Т.П.Цэдрык.
т. 5, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.
Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл. Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш. Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.
А.П.Чарнякова.
т. 7, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)