геалагічнае агаленне адкладаў лоеўскага міжстадыялу і муравінскага міжледавікоўя ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Збароў, на левым беразе р. Дняпро; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Магутнасць азёрна-старычных (супескі, алеўрыты, мергель) адкладаў 2,3 м, якія агаляюцца на працягу 30 м. Адклады залягаюць у паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца дэлювіяльнымі супескамі, змяшчаюць рэшткі выкапнёвых раслін (споры, пылок, насенне), сярод якіх выяўлены 75 відаў дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін (хвоя, елка, лістоўніца, бяроза, вярба, бразенія, наяда, ірдзесты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,
раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-растудз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г.Лондан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,
смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).
Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц.т-ва «Лесахімік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на ПдЗ Бураціі, у цэнтр.ч. хрыбта Хамар-Дабан (выш. да 2300 м) і на берагавых тэрасах воз. Байкал. Засн. ў 1969. Пл. 165,7 тыс.га (пад лесам больш за 117 тыс.га, вадаёмаў 1552 га, астатняя пл. пад бязлесымі высакагор’ямі — гальцамі). Расліннасць горна-таежнага прыроднага комплексу: елка, кедр, піхта, хвоя, лістоўніца; у далінах рэк бярозавыя і асінавыя лясы; у падгальцавым поясе зараснікі рададэндранаў і субальпійскія лугі. Жывёльны свет — 37 відаў млекакормячых (звычайныя собаль, буры мядзведзь, каланок, гарнастай, ізюбр, паўн. алень) і 260 відаў птушак (шматлікія глушцы, курапаткі, ястрабы, рабчык, кедраўка, сойка; з рэдкіх відаў — скапа, арлан-белахвост).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД-БА́ФАЛА (Wood Buffalo),
нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн.га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,
гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл.Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн.ч.Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс.га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч.тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.