КААПЕРАТЫ́ЎНЫЯ БА́НКІ,
спецыяльныя пазыкова-фін. ін-ты, якія ствараюцца таваравытворцамі на долевых пачатках для задавальнення ўзаемных патрэбнасцей у крэдыце і інш. банкаўскіх паслугах. Гл. таксама Банк.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА РЫ́НКУ,
комплекс арг-цый, устаноў, інстытутаў, якія садзейнічаюць нармальнаму, бесперапыннаму функцыянаванню рынку, выконваюць пасрэдніцкія функцыі, вырашаюць дапаможныя задачы таварна-грашовага абарачэння паміж суб’ектамі гаспадарання. забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў, прац. сілы ў рыначнай гаспадарцы. Вылучаюць базісны і надбудовачны ўзроўні І.р. Да базіснага ўзроўню адносяць сістэму гандл., фін.-эканам. арг-цый і ўстаноў (банкі, біржы, фін., страхавыя, лізінгавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсіённыя фонды і інш.). Надбудовачны ўзровень уключае рэгулятыўны механізм, інфарм. і тэхн. забеспячэнне (заканадаўства, інфарм. тэхналогіі, камунікацыі). У Рэспубліцы Беларусь працэс станаўлення новай І.р. характарызуецца актыўным развіццём элементаў фін. рынку. У 1997 дзейнічала 28 камерцыйных банкаў, каля 50 лізінгавых і больш за 60 страхавых кампаній, 22 спецыялізаваныя інвестыцыйныя фонды і інш. Фарміруецца монабіржавая сістэма фондавага рынку, развіваецца інфарм.-кансультатыўная і дэпазітарная сістэмы, дзейнічаюць фондавая, міжбанкаўская, валютная, трансп. біржы. Рыначныя адносіны ў сферы таварнага абарачэння рэгулююцца на таварных біржах. У 1997 на Беларусі дзейнічала 5 таварна-сыравінных біржаў, 774 брокерскія канторы і незалежныя брокеры.
А.Б.Дорына.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІКВІ́ДЫ,
залішнія або непатрэбныя прадпрыемству таварна-матэрыяльныя каштоўнасці і гатовыя вырабы, якія цяжка рэалізаваць. Наяўнасць Н. замаруджвае абарачальнасць абаротных сродкаў, пагаршае фін. стан аб’ектаў гаспадарання. Гл. таксама Ліквіднасць.
т. 11, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНЫ РАЗЛІ́К,
метад вядзення гаспадаркі шляхам сувымярэння ў грашовай форме затрат і вынікаў гасп. дзейнасці. Асн. мэта — атрыманне максімуму прыбытку пры мінім. затратах. У адрозненне ад гаспадарчага разліку К.р. прадугледжвае абавязковае атрыманне прыбытку і рэнтабельнасці, дастатковай для далейшага гаспадарання. Пры К.р. суб’екты гаспадарання маюць права размяркоўваць атрыманую выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), фарміраваць і выкарыстоўваць вытв. фонды, самастойна знаходзіць крыніцы пашырэння вытв-сці, выпускаць акцыі, аблігацыі і інш. Суб’екты фін. адносін нясуць эканам. адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі, спажыўцамі, дзяржавай, банкамі; фін. адносіны прадпрыемстваў вызвалены ад дробнай рэгламентацыі з боку дзяржавы.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІГА́ЦЫЯ (ад лац. obligatio абавязацельства),
каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКЕ́Р ((Necker) Жак) (30.9.1732, Жэнева — 9.4.1804),
французскі дзярж. дзеяч, фінансіст. Бацька франц. пісьменніцы А.Л. Ж. дэ Сталь. З 1747 у Парыжы, працаваў у банку, разбагацеў з дапамогай умелых фін. аперацый. Аўтар твораў па эканам. пытаннях, накіраваных супраць сістэмы поглядаў фізіякратаў. Абгрунтаваў неабходнасць дзярж. рэгулявання хлебнага гандлю. З 1776 дырэктар каралеўскай казны, у 1777—81, 1788—90 (з перапынкамі) міністр фінансаў. Імкнуўся пераадолець фін. крызіс дзяржавы частковымі рэформамі (абмежаванне выдаткаў двара, некат. пераўтварэнні ў сістэме збору падаткаў, кантроль над расходаваннем дзярж. сродкаў і інш.). Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы Ген. штатаў 1789 і наданні 3-му саслоўю двайнога прадстаўніцтва. З 1790 у адстаўцы.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕДЖМЕНТ (англ. management кіраванне),
дзейнасць па рацыянальнай арг-цыі і кіраванні вытв-сцю, якая ажыццяўляецца наёмнымі і прафес. работнікамі — менеджэрамі. Распрацоўкай навук. асноў М. ў канцы 19 — пач. 20 ст. займаліся вучоныя розных краін (Адамецкі, А.А.Багданаў, М.Вебер, Г.Эмерсан і інш.). Уведзеная амер. інж. Ф.Тэйларам рацыяналізацыя працы і вытв-сці зрабіла пераварот у арганізацыі і кіраванні, спрыяла значнаму павышэнню эфектыўнасці вытв-сці. М. прадугледжвае: уменне дакладна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтным становішчам спраў у фірме і знешніх умовах яе функцыянавання; блізкасць да спажыўца і канкурэнцыю за яго; улік навацый і іх практычнае выкарыстанне; рацыянальнае выкарыстанне вытв., прац. і фін. рэсурсаў; імкненне да атрымання макс. выніку пры мінімізацыі сукупных затрат; спалучэнне свабоды і жорсткага кантролю. Вылучаюць 5 функцый М.: маркетынгавае планаванне, арг-цыя, распарадчая дзейнасць, каардынацыя (узгадненне), кантроль. Маркетынгавае планаванне прадугледжвае распрацоўку доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновых вытв.планаў, фін. плана, які ўключае каштарысы даходаў і расходаў, затрат часу і матэрыялаў, капітальных расходаў, касавы бюджэт і балансавы каштарыс. Арганізац.-кіраўніцкая функцыя М. прадугледжвае стварэнне аптымальнай структуры прадпрыемства, дзе дасягаецца ўзаемадзеянне ўсіх элементаў сістэмы, здольнае ахапіць усе віды работ і падраздзяленні розных узроўняў. Існуюць розныя віды арганізац. структур: лінейная (у невял. фірмах з аднароднай і нескладанай прадукцыяй); лінейна-штабная (утварэнне спец. службаў-штабоў для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў); дывізійная (пабудаваная па відах прадукту, рынках або групах спажыўцоў) і матрычная (у фірмах, прадукцыя якіх мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, і фірмах, што займаюцца даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі). Распарадчая функцыя характэрна для органаў кіравання фірмы або карпарацыі, якія будуюцца паводле прынцыпу піраміды (аднаступеньчатая, шматступеньчатая). Каардынацыйная функцыя ўключае забеспячэнне зладжанай работы вытв. калектыву, эфектыўнае выкарыстанне вытв. і фін. рэсурсаў, выкарыстанне аператыўнай інфармацыі для ўстанаўлення дакладнага ўзаемадзеяння паміж элементамі сістэмы. Кантрольная функцыя прадугледжвае вызначэнне дакладных стандартаў дзейнасці арг-цыі (праектаў), вызначэнне адпаведнасці рэальнай дзейнасці ўстаноўленым стандартам, выяўленне адхіленняў ад прынятых планаў і стандартаў і карэкціроўкі дзеянняў. Важнае месца ў М. займаюць праблемы кіравання працай, што арганізуецца на прынцыпах яе падзелу, спецыялізацыі работнікаў, выкарыстання эканам. форм стымуляцыі працы. Паспяховае функцыянаванне прадпрыемства ў многім залежыць ад добрай арганізацыі фін. сферы і грашовага абарачэння, аптымізацыі фін. патокаў і структуры капіталу, дэталёвага аналізу розных паказчыкаў фін.-гасп. дзейнасці фірм, кампаній і карпарацый.
Літ.:
Богданов А.А. Тектология: Всеобщая организационная наука. Т. 1—2. М., 1989;
Виханский О.С., Наумов АИ. Менеджмент. 2 изд. М., 1996;
Давыденко Л.Н. Предпринимательство без границ. Мн., 1999.
Л.М.Давыдзенка.
т. 10, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСУ́Р, аль-Мансур Абу Джафар Абдалах ібн Мухамед (707—775), халіф [754—775] з дынастыі Абасідаў. Ажыццявіў у Халіфаце шэраг адм.-фін. рэформ, спрыяў развіццю гандлю і рамяства. У 762 заснаваў г. Багдад, які стаў сталіцай Халіфата.
т. 10, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),
пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Пятровіч) (23.11.1892 — 15.1.1942),
рускі літаратуразнавец і фалькларыст. Даследаваў рус. і ўкр. казкі. У аснову «Паказальніка казачных сюжэтаў» (1929) паклаў паказальнік казачных тыпаў фін. вучонага А.Аарнэ. Пазней адмовіўся ад фармаліст. метадаў даследавання фальклору і выступіў з крытыкай канцэпцыі фін. школы. У працах «Фальклор і літаратура» (1936), «Фальклор у паэзіі Някрасава» (1936), «Творы Пушкіна ў фальклоры» (1937) і інш. разглядаў узаемадзеянне л-ры і фальклору. Яго паказальнік казачных сюжэтаў выкарыстаў Л.Бараг у паказальніку «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978).
Літ.:
Астахова А.М. Н.П.Андреев в история советской фольклористики 20—30-х годов // Очерки истории русской этнографии, фольклористики и антропологии. М., Вып. 5.
І.У.Саламевіч.
т. 1, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)