АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГА́БЕ ((Mugabe) Роберт Габрыэль) (н. 21.2.1924, в. Кутама каля г. Харарэ, Зімбабве),
палітычны і грамадскі дзеяч Зімбабве. Скончыў ун-ты Форт-Хейр (Паўн.-Афр. Рэспубліка) і Лонданскі. У 1942—60 настаўнічаў у Паўд. Радэзіі, Гане і Замбіі. Адзін з заснавальнікаў Афр. нац. саюза Зімбабве (ЗАНУ, з 1984 ЗАНУ — Патрыят. фронт, ЗАНУ-ПФ). Ген. сакратар ЗАНУ (з 1963), 1-ы сакратар ЗАНУ-ПФ (з 1984). У 1964—74 арыштаваны ўладамі Паўд. Радэзіі. У 1980—87 прэм’ер-міністр, са студз. 1988 прэзідэнт Зімбабве.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН ((Kahn) Луіс) (20.2.1901, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 17.3.1974),
амерыканскі архітэктар. З 1915 у ЗША. Скончыў Пенсільванскі ун-т у Філадэльфіі (1924). Праф. Іельскага (1948—57) і Пенсільванскага (з 1957) ун-таў. Творчая манера набліжана да бруталізму. будынкі навук. лабараторый ў Філадэльфіі (1957—64), Сан-Дыега (Каліфорнія; 1959—66), адм. і навуч. комплексы ў гарадах Ахмадабад (Індыя; 1963—66) і Дака (Бангладэш; з 1964), музей мастацтва Кімбеля ў Форт-Уэрце (Тэхас; 1967—72) і інш. Распрацаваў ген. план г. Дака на 1962—74. Іл. гл. да арт. Бруталізм.
т. 7, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́АР ((Dewar) Джэймс) (20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),
англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).
т. 6, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРН (Severn),
1) рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 310 км (з эстуарыем 391 км), пл. бас. 21 тыс. км². Пачынаецца ў Кембрыйскіх гарах, цячэ пераважна па раўніне, упадае ў Брыстольскі зал. Атл. акіяна. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Тэмза, Трэнт, Мерсі. Суднаходная ад г. Стаўрпарт. На С. — гарады Шрусберы, Вустэр, Глостэр, у эстуарыі — Ньюпарт, Кардыф.
2) Рака ў Канадзе. Даўж. 981 км, пл. бас. 101 тыс. км². Вытокі на Лаўрэнційскім узв., перасякае шэраг азёр (Дыр, Санды і інш.), упадае ў Гудзонаў зал. Каля вусця г. Форт-Северн.
т. 14, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НДЖАМЕ́НА (N’Djamena),
горад, сталіца Чада, на правым беразе р. Шары, каля ўпадзення ў яе р. Лагоне. Адм. ц. прэфектуры Шары-Багірмі. 826 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (мясахаладабойня, вытв-сць алею, мукі, піва і інш.), абутковая, тэкст., будматэрыялаў. Гандаль жывёлай, бавоўнай. Нац. ун-т. Нац. музей.
Засн. ў 1900 французамі пад назвай Форт-Ламі як ваен. апорны пункт (ад імя кіраўніка экспедыцыі маёра А.Ф.Ж.Ламі). Да 1958 адм. цэнтр франц. калоніі Чад. У 1958—60 сталіца аўтаноміі ў складзе франц. Супольнасці, з 1960 — незалежнай Рэспублікі Чад. У 1973 перайменавана ў Н.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЙБЕРН, Кліберн (Cliburn) Харві Лаван (Ван; н. 12.7.1934, г. Шрыўпарт, ЗША), амерыканскі піяніст. Скончыў Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1954). Лірычная пранікнёнасць яго ігры спалучаецца з імклівым дынамізмам і маштабнасцю гучання. У рэпертуары творы П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, Ф.Ліста, І.Брамса, К.Дэбюсі, С.Барбера, Э.Грыга і інш. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя Э.Левентрыта ў Нью-Йорку (1954) і імя П.І.Чайкоўскага ў Маскве (1958). З 1962 у г. Форт-Уэрт (ЗША) праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў яго імя.
Літ.:
Чэйсинс А., Стайлз В. Легенда о Вэне Клайберне: Пер. с англ. М., 1959;
Хентова С.М. Ван Клайберн. 3 изд. М., 1966.
т. 8, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЗМ (франц. gallicisme ад лац. gallicus гальскі),
слова ці выраз, якія перайшлі ў бел. мову з французскай як запазычанні, у т. л. ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтаксічных ка́лек. Большасць галіцызмаў пранікла ў бел. мову праз рус. або польскую. Для старабел. перыяду характэрны франц. словы, якія замацаваліся ў выніку польскага лексічнага ўздзеяння. Яны адлюстраваліся ў пісьмовых помніках 2-й пал. 16—17 ст., калі польскі ўплыў на бел. мову быў найб. моцны (напр., «візіт», «канвой», «парфума», «пашпорт», «сервета»). Асабліва адчувальны франц. лексічны струмень у старабел. ваен. лексіцы: «бандолетъ», «дракгун», «карабин», «мушкет», «пистолет», «форт» і інш. Большасць старых галіцызмаў захавалася да нашага часу. У пач. 18 ст. лексемы франц. паходжання траплялі ў бел. мову праз пасрэдніцтва рускай («гринадер», «сержант»).
А.М.Булыка.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Мікалай Мікалаевіч) (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),
рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.Горкага, А.Талстога і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1968;
Северная Аврора. М., 1986.
т. 11, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)