гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ,
прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.
Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл.Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗМАЦНЕ́ННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫХ ВАГА́ННЯЎ,
павелічэнне інтэнсіўнасці эл.ваганняў пры захаванні іх формы (частотнага спектра, фазавых суадносін і інш.). Ажыццяўляецца з дапамогай электронных узмацняльнікаў за кошт энергіі дапаможнай (кіравальнай) крыніцы пастаяннага току ці энергіі інш.эл. ваганняў.
Адбываецца пры ўздзеянні зыходных ваганняў на крыніцу сілкавання праз электравакуумную ці паўправадніковую прыладу (электронную лямпу, транзістар, тунэльны дыёд, варыконд, мікрасхему і інш.). Узмацненне ваганняў з частатой, блізкай да нуля, ажыццяўляецца ўзмацняльнікамі пастаяннага току, якія бываюць прамога ўзмацнення і з пераўтварэннем частаты (уваходны сігнал пераўтвараецца ў нізка- ці высокачастотны з амплітудай, прапарцыянальнай велічыні зыходнага сігналу). Узмацненне сігналаў больш высокіх частот робіцца ўзмацняльнікамі нізкай (гукавой), высокай і звышвысокай частаты.
Схема ўзмацнення электрычных ваганняў: 1 — крыніца сігналу; 2 — узмацняльнік; 3 — крыніца сілкавання; 4 — нагрузка; ei — крыніца ваганняў, якія ўзмацняюцца, з унутраным супраціўленнем Ri; Rн — супраціўленне нагрузкі; I1Uув, P1 — ток, напружанне і магутнасць на ўваходзе ўзмацняльніка; I2, Uвых, P2 — на выхадзе ўзмацняльніка; P0 — магутнасць крыніцы сілкавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),
прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т. л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.
Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.
Літ.:
Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;
Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.
Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для раскладання эл.-магн. выпрамяненняў (ваганняў) у спектр, яго рэгістрацыі і даследавання, а таксама для правядзення спектральнага аналізу.
С.п. бываюць: залежна ад дыспергавальнага элемента — прызмавыя і з дыфракцыйнай рашоткай; ад віду аптычнай сістэмы — лінзавыя і люстраныя; ад рабочай часткі спектра — для ультрафіялетавага выпрамянення, бачнага (святла) і інфрачырвонага выпрамянення; ад спосабу рэгістрацыі спектра — з візуальнай (спектраскопы), фатаграфічнай (спектрографы) і фотаэл. (спектрометры, спектрафатометры) рэгістрацыяй. С.п. ў радыёспектраскапіі (радыёспектраскопы) працуюць з радыёвыпрамяненнем у галіне міліметровых і сантыметровых хваль. С.п. з выхадной шчылінай, якая вылучае вузкі спектральны інтэрвал, наз.монахраматарамі. Аптычныя С.п. характарызуюцца: вуглавой і лінейнай дысперсіяй (вызначаюць памеры спектра); раздзяляльнай здольнасцю (вызначае найменшую адлегласць паміж 2 спектральнымі лініямі, якія ўспрымаюцца раздзельна), святласілай (характарызуе долю светлавой энергіі, якая даходзіць да прыёмніка выпрамянення). Найб. раздзяляльная здольнасць у інтэрферэнцыйных С.п. (эталон Фабры-Перо, пласцінка Люмера-Герке, эталон Майкельсана і інш.); з-за невялікай вобласці дысперсіі яны выкарыстоўваюцца звычайна ў спалучэнні з прызмавымі і дыфракцыйнымі монахраматарамі. С.п. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы рэчыва, вызначэння спектральных характарыстык выпраменьвальнікаў і аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць з выпрамяненнем, даследавання спектраў свячэння зорак, дыстанцыйнай дыягностыкі аб’ектаў навакольнага асяроддзя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАЧЫРВО́НАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел спектраскапіі, які займаецца атрыманнем, даследаваннем і выкарыстаннем спектраў вылучэння, паглынання і адбіцця ў інфрачырвонай вобласці спектра (гл.Інфрачырвонае выпрамяненне). Паводле сістэм, што вывучаюцца, І.с. адносіцца да малекулярнай спектраскапіі; паводле станаў, пераходы паміж якімі выклікаюць лініі і палосы інфрачырвонага спектра, — да вагальнай і вярчальнай спектраскапіі. Вывучае ў асн. малекулярныя спектры, бо ў інфрачырв. вобласці размешчана большасць вагальных і вярчальных спектраў малекул.
Найб. пашыраны даследаванні інфрачырв спектраў паглынання, якія ўзнікаюць з прычыны паглынання інфрачырв. выпрамянення пры праходжанні яго праз рэчыва. Колькасную сувязь паміж інтэнсіўнасцю выпрамянення, якое падае на рэчыва, прайшло праз яго, і велічынямі, што характарызуюць паглынальнае рэчыва, дае Бугера—Ламберта—Бэра закон. На практыцы звычайна інфрачырв. спектр паглынання паказваюць графічна ў выглядзе залежнасці ад частаты (або даўжыні хвалі) шэрагу велічынь, якія характарызуюць паглынальнае рэчыва (каэф. прапускання, паглынання, аптычная шчыльнасць і інш.). Асн. характарыстыкі спектраў інфрачырв. паглынання: колькасць палос паглынання ў спектры, іх становішча (размяшчэнне), шырыня і форма, велічыня паглынання Яны вызначаюцца структурай і хім. саставам паглынальнага рэчыва, залежаць ад яго агрэгатнага стану, т-ры, ціску і інш. Характарызуюцца высокай выбіральнасцю і адчувальнасцю да розных хім. і структурных пераўтварэнняў рэчываў, саставу іх сумесей. Метады І.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння структуры малекул, іх хім. саставу, для якаснага і колькаснага аналізу хім. груп і сувязей, сумесей розных рэчываў і матэрыялаў, біял. аб’ектаў і інш. (гл.Спектры аптычныя).
У Беларусі даследаванні па І.с. вядуцца з 1954—55 у БДУ і Нац.АН (Б.І.Сцяпанаў, М.А.Барысевіч, Р.Г.Жбанкоў, К.М.Салаўёў, Дз.С.Умрэйка, В.Р.Верашчагін і інш.). Асн. кірункі: вывучэнне вугляводаў (у т. л. цэлюлозы), іх фіз. і хім. мадыфікацый, іонных і іонарадыкальных злучэнняў, парфірынаў, каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, пары арган. малекул, рассеяння інфрачырв. выпрамянення дысперснымі сістэмамі.
Літ.:
Кросс А. Введение в практическую инфракрасную спектроскопию: Пер. с англ.М., 1961;
Малышев В.И. Введение в экспериментальную спектроскопию. М., 1979;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972.
Р.Г.Жбанкоў.
Да арт.Інфрачырвоная спектраскапія. Схема аднапрамянёвага ІЧ-спектрометра: К — крыніца неперарыўнага ІЧ-выпрамянення; Л1 і Л2 — люстэркі асвятляльніка і кандэнсатара; С — кювета з рэчывам, якое даследуецца; М — монахраматар; П — прыёмнік выпрамянення; У — узмацняльнік; В — вымяральная або рэгістравальная прылада.