РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,
метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш. Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.
т. 14, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАЗМАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (ад спазма + грэч. lysis аслабленне),
лекавыя сродкі, якія прадухіляюць спазмы гладкай мускулатуры і сасудаў. Падзяляюцца на міятропныя (непасрэднае расслабленне гладкіх мышцаў) — ношпа, папаверын, дыбазол, эўфілін і інш. і нейратропныя (уздзеянне на розныя аддзелы нерв. сістэмы) — атрапін, скапаламін, спазмаліцін, бензагексоній, салбутамол. С.с. знімаюць болі, звязаныя са спазмамі гладкамышачных органаў брушной поласці (страўнік, кішэчнік, жоўце- і мочавывадныя шляхі, матка), паляпшаюць вентыляцыю лёгкіх пры спазме бронхаў, зніжаюць артэрыяльны ціск і паляпшаюць мясц. крывацёк (у мозгу, сэрцы, канечнасцях) у выніку расшырэння сасудаў.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫМУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ,
эндагенныя і экзагенныя рэчывы, што ўплываюць на рост і размнажэнне клетак. Эндагенныя С.р. — рэгулятары клетачнага цыкла, вызначаюць рост, рэгенерацыю, новаўтварэнні (пухліны) тканак або органаў. Іх уздзеянне адбываецца ў натуральных умовах і выклікаецца эксперыментальна. Да экзагенных фактараў адносяць сінт. прэпараты, рэчывы або фіз. агенты і інш. (гл. Канцэрагены). У жывёл і чалавека адрозніваюць гармоны, фактары росту, цытакіны (гл. Роставыя рэчывы); у раслін прыродныя — аўксіны, гіберыліны, цытакініны — і сінт. С.р. — індалілалейная або нафтылвоцатная к-та і інш. Гл. таксама Рэгулятары росту раслін.
т. 15, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАЛІ́ТЫКІ,
лекавыя сродкі, якія ўзаемадзейнічаюць з пэўнымі тыпамі адрэнарэцэптараў, зніжаюць або блакіруюць уздзеянне на іх медыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. Адрозніваюць α-адрэналітыкі (фанталамін, тралафен, празазін), якія расшыраюць крывяносныя сасуды, паляпшаюць крывяток у органах і тканках, зніжаюць артэрыяльны ціск, і β-адрэналітыкі (анапрылін, тразікор, кардан, атэналол), якія запавольваюць і аслабляюць работу сэрца, зніжаюць артэрыяльны ціск.
α-адрэналітыкі выкарыстоўваюць пры захворванні перыферычных сасудаў (эндартэрыітах, хваробе Рэйно, графічных парушэннях); β-адрэналітыкі — пры лячэнні ішэмічнай хваробы сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда), гіпертанічнай хваробе. Пры іх ужыванні ёсць небяспека спазмы бронхаў і звужвання перыферычных сасудаў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУХАТА́,
адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.
Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.
П.А.Цімашэнка.
т. 5, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),
1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).
2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.
т. 2, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БІКА,
праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г. амер. урачом К.Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.
Літ.:
Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́МУЛ у псіхалогіі,
уздзеянне, якое абумоўлівае дынаміку псіхічных станаў індывіда (рэакцыю). У псіхафізіялогіі, псіхафізіцы і фізіялогіі паняцце «С.» тоесна раздражненню. У біхевіярызме С. трактуецца механістычна: як змены асяроддзя, якія выклікаюць рухальныя адказы арганізма. Прадстаўнікі вюрцбургскай школы разглядалі С. як усведамленне індывідам мэты і задачы (О.Кюльпе, Н.Ах, К.Бюлер). Л.С.Выгоцкі вылучаў С.-аб’екты, на якія накіроўваецца дзеянне, і С.-сродкі, з дапамогай якіх гэта дзеянне ажыццяўляецца. У сац. псіхалогіі С. часам атаясамліваецца з матывам як унутр. ці знешнім імпульсам, што выклікае актыўнасць індывіда.
т. 15, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,
уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ Канстанцін Міхайлавіч (20.1.1886, г. Чухлама Кастрамской вобл., Расія — 13.5.1959),
савецкі фізіёлаг. Акад. АН СССР (1946) і АМН (1944). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Казанскі ун-т (1912). З 1921 у Ін-це эксперым. медыцыны, з 1950 дырэктар Ін-та фізіялогіі імя Паўлава АН СССР. Вучань І.П.Паўлава. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, хім. перадачы ўзбуджэння ў нерв. цэнтрах, інтэрацэпцыі. Даследаваў уздзеянне кары галаўнога мозга на ўнутр. органы. Дзярж. прэмія СССР 1946. Прэмія імя Паўлава АН СССР 1939.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—3. М., 1953—58;
Кортико-висцеральная патология. Л., 1960 (разам з І.Ц.Курцыным).
т. 3, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)