ІБРАГІ́МАВА (Зоя Ізмайлаўна) (25.12.1914, г. Самара, Расія — 17 12.1992),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі. Д-р біял. н., праф. (1947). Скончыла Узбекскі ун-т (1936). У 1952—83 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па асаблівасцях будовы сярэдняга і ўнутранага вуха і іх кровазвароце. Прапанавала метад апрацоўкі прэпаратаў акрылавымі смоламі.

Тв.:

Гистохимические изменения перепончатого лабиринта после экстирпации верхних шейных симпатических узлов (разам з Р.​Р.​Бураком) // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБА́РАЎ (Джуманіяз) (н. 25.11.1930, кішлак Пулаты Кашкадар’інскай вобл., Узбекістан),

узбекскі паэт. Засл. дз. маст. Узбекістана (1980). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1952). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паэзіі «Я слаўлю Радзіму» (1953), «Подых вясны» (1956), «Рэха гор» (1961), «Сшытак дваццаці дзён» (1967), «Хвіліны натхнення» (1971) і інш. Вядомы як перакладчык і драматург. Пераклаў на ўзб. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Іпатава.

Тв.:

Рус. пер. — Родное тепло. Ташкент, 1982;

Убежденность. Ташкент, 1982.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУРА́ (Султан) (1910, кішлак Кагалтам Бухарскай вобл., Узбекістан — 14.11.1943),

узбекскі паэт. Удзельнік баёў за вызваленне Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны (пахаваны ў в. Казярогі Лоеўскага р-на). Скончыў Бухарскі пед. тэхнікум (1930). Друкаваўся з 1927. Аўтар паэт. зб-каў «Самаадданы» (1939), «Масква» (1941), у якіх апаэтызаваў родны край, дружбу, каханне, патрыятызм моладзі, гераізм бел. народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Астрэйка, С.​Ліхадзіеўскі, К.​Паўтаржыцкі, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Рождение истины. Ташкент, 1961.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКІМІ́ (Мухамад Амін-хаджа) (1.5.1851, г. Каканд, Узбекістан — 25.5.1903),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ Каканда, Бухары, Ташкента. Паэт. спадчына М. жанрава разнастайная (газелі, мухамас, рубаі і інш.), прасякнута сац. зместам. Пачынальнік новага жанру ў узб. л-ры — дарожных нататкаў. У вершаваным «Апісанні падарожжаў» паказаў багацце прыроды, а таксама сац. кантрасты ў краіне. Яго творы адметныя надзённасцю тэм, дакладнасцю характарыстык, выразнасцю маст. сродкаў, лаканізмам, музычнасцю мовы. Вершаваныя і празаічныя лісты М. да сяброў — пачатак эпісталярнага стылю ў нац. л-ры.

Тв.:

Рус пер. — Избранное. Ташкент, 1958.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ДАЎ (Шырын) (уста Шырын; 18.8.1880, г. Бухара, Узбекістан — 12.2.1957),

узбекскі нар. дойлід. Засл. дз. маст. Узбекістана. (1943). Ганаровы чл. АН Узбекістана (1943). Мастак-арнаменталіст, рэзчык па ганчы. Развіваў традыцыі ўзб. нар. арнаменту. Ствараў дэкар. кампазіцыі для аздаблення жылых дамоў Бухары (1895—1910-я г.) і палаца Сітараі-Махі-хаса каля Бухары (1912—14). Аўтар разнога дэкору Бухарскай залы Т-ра оперы і балета імя Наваі ў Ташкенце (1947) і інш. Рэстаўрыраваў арх. помнікі. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Ноткин И.И. Бухарская резьба по ганчу в работах усто Ширина Мурадова. Ташкент, 1961.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́МАЎ (Набі) (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),

узбекскі акцёр. Нар. арг. СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасць сцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.​Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.​Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШРАФІ́ (Мухтар Ашрафавіч) (11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),

узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.​Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1973.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́М (Хамід) (сапр. Гулямаў Хамід Убайдулаевіч; н. 25.4.1919, Ташкент),

узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1969). Нар. пісьменнік Узбекістана (1979). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1934. Аўтар зб-каў вершаў і паэм, кнігі балад «Кантыненты не спяць» (1960), раманаў гіст.-рэв., сац.-псіхал. тэматыкі «Светач» (кн. 1—2, 1958—61), «Галодны стэп» (1963), «Дарога да цябе» (1964), «Ташкентцы» (1967, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1974), «Бессмяротнасць» (1977, Дзярж. прэмія СССР 1980). Перакладаў на узб. мову асобныя творы У.​Шэкспіра, Лопэ дэ Вэга, А.​Пушкіна.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРТЭМІ́Р (сапр. Турсунаў Міртэмір Умарбекавіч; 10.6.1910, с. Ікан Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан — 23.1.1978),

узбекскі паэт. Нар. паэт Узбекістана (1971). Скончыў Пед. акадэмію ў Самаркандзе (1932). Друкаваўся з 1926. У зб-ках лірыкі «У абдымках промняў» (1928), «Усхваляванасць» (1931), «Камуна» (1932), «Новыя вершы» (1947), «За перавалам перавал» (1978) і інш. паэтызацыя сацыяліст. перамен у краіне, багацце духоўнага свету чалавека-творцы. Вершы адметныя ўсхваляванасцю інтанацый, экспрэсіўнасцю вобразаў, грамадз. пафасам. Пісаў для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на ўзб. мову. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1976.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФА́РАЎ (Назір) (9.1.1905, г. Джызак, Узбекістан — 1.4.1985),

узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1950). Нар. пісьменнік Узбекістана (1975). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў апавяд. і нарысаў «Землякі» (1958), «Залаты месяц» (1961), «Кропля крыві» (1967), аповесцей «Празорлівая дзяўчына» (1961), «Аб пражытым і перажытым» (1968, Дзярж. прэмія Узбекістана 1968), рамана «Наўруз» («Час белых буслоў», 1973) і інш., п’ес «Абуджэнне» (1938), «Золак Усходу» (1948), драмы «Школа жыцця» (1954), камедыі «Каму гора, каму смех» (1963) і інш. Адзін з аўтараў сцэнарыя фільма «Бура над Азіяй» (1965). На бел. мову раман «Дні праклёну і дні надзеі» (1982) пераклаў А.​Жук.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)