АБРА́ЗІЯ (ад лац. abrasio саскрабанне),

разбурэнне хвалямі і прыбоем берагоў акіянаў, мораў, азёраў, вадасховішчаў. Інтэнсіўнасць залежыць ад сілы хвалевага ўздзеяння, геал. будовы і стромкасці берагоў, велічыні нахілу прылеглай зоны дна і інш. У выніку абразіі ўтвараюцца абразійныя ўступы (кліфы), хвалепрыбойныя нішы, падводныя абразійныя тэрасы (бенчы). Працягласць абразійных участкаў берагоў вадаёмаў Зямлі складае каля 400 тыс. км (51% агульнай даўжыні). У многіх месцах на прадухіленне абразіі выдаткоўваюцца значныя матэрыяльныя сродкі.

Да арт. Абразія. Абразійныя астравы і кекуры ў заліве Пятра Вялікага.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКІЯ СЛА́НЦАВЫЯ ГО́РЫ (Rheinisches Schiefergebirge). Гал. ч. ў Германіі (часткова ў Бельгіі, Люксембургу, Францыі) па абодвух берагах сярэдняга цячэння р. Рэйн. Даўж. каля 400 км, выш. да 880 м (г. Гросер-Фельдберг). Складзены пераважна са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў і вапнякоў. Плато, над якім на 300—400 м узвышаюцца крышт. масівы (Таўнус, Хунсрук, Айфель і інш.) і вулканічныя купалы. Расчлянёны далінамі рэк Рэйн, Мозель, Лан. Дубовыя, букавыя і хваёвыя лясы, балоты, пустэчы. Тэрасы рачных далін і ніжнія ўчасткі схілаў апрацаваны. Жывёлагадоўля. Каля паўн. падножжаў — Рурскі вугальны басейн.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.

Бальценіцкі парк. Схема планіроўкі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,83 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 760 м, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. да 18 м, параслі хмызняком, у верхняй ч. разараныя, усх. і зах. тэрасаваныя (выш. тэрасы 3—3,5 м). Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн нізкія, забалочаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Рожава, Бужа і Мізерышкі; выцякае р. Рака (злучае яго з воз. Дрывяты).

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),

максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс. г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).

М.​Я.​Камароўскі.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБУДУ́Р (Borobudur),

будыйскае свяцілішча, помнік інданезійскай архітэктуры і культуры сярэднявечча. На Пд в-ва Ява. Пабудаваны ў канцы 8 — пач. 9 ст. з каменных блокаў (андэзіту) на схілах узгорка ў выглядзе ступеньчатай 10-яруснай піраміды (выш. 31,5 м, даўж. ў аснове 123 м): дарога працэсій, 5 ніжніх квадратных і 3 верхнія круглыя тэрасы (са шматлікімі звонападобнымі ступамі — сховішчамі рэліквій), увянчаныя вял. ступай. У нішах тэрас і ажурных верхніх ступах — 504 статуі Буды і 1460 рэльефаў на тэмы з жыцця Буды. Барабудур з яго багаццем кампазіц. аспектаў, арх. гармоніяй скульпт. элементаў і арнаментальнага дэкору быў задуманы як грандыёзны сімвал Сусвету.

Літ.:

Forman B. Borobudur: Das buddistische Heiligtum. Prag, 1980.

Барабудур. Частка храмавага комплексу.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,

помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).

Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.

А.​М.​Кулагін.

Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.

На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах. ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс. км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял. — Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)