«ДАРО́ЖКА»,

бел. нар. масавы танец, блізкі да карагода. Выяўлены ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. У аснове харэаграфічнай кампазіцыі прамыя лініі з перастраеннямі. Памер 2-дольны, тэмп умераны. Сцэнічны варыянт створаны ў канцы 1940-х г. балетмайстрам Я.​Хацілоўскім (паст. самадз. танц. ансамблем у Смаргоні).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНГЕ́РКА»,

гарадскі бытавы танец. Створаны ў канцы 19 ст. ў Расіі на аснове венг. нар. танца чардаш, у хуткім часе атрымаў вял. пашырэнне. На Беларусі напачатку ўваходзіў у гарадскі, потым у сял. побыт. Выконваецца парамі, характэрная фігура — «венгерскі ключ». Муз. Памер 24, 44. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЛУБЕ́Ц»,

«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАЧО́К»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? // Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДСЯВА́НКА»,

бел. нар. жартоўны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. на тэр. Чэрвеньскага і Бярэзінскага р-наў Мінскай вобл. Найчасцей П. танцуюць па аднаму. Пагойдваннем рук і тулава выканаўца імітуе прасейванне мукі праз сіта. Камічны характар танца падкрэсліваюць жартоўныя прыпеўкі юнакоў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСТУШО́К»,

старадаўні бел. нар. танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.​Серыкавым.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРАПЁЛАЧКА»,

бел. нар. веснавы карагод-гульня. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны, выконваецца жанчынамі пад аднайменную песню, імітуе яе тэкст. Вядомы ў запісе пач. 19 ст., у наш час зафіксаваны на Гомельшчыне. Балетмайстар Л.​Алексютовіч стварыла сцэн. варыянт «П.» — парны танец, які апавяе прыгажосць і шчырасць узаемаадносін дзяўчыны і юнака.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВУ́ТАЧКА», «Утачка-лябёдачка»,

бел. нар. гульнёвы танец-карагод. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Зафіксаваны ў 19 ст. на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і інш. Выконваўся пад песню («Вутачка шэра, лябёдачка бела...»). Вылучаецца разнастайнасцю харэаграфічнага малюнка і фігур: выканаўцы імітуюць рухі і звычкі качак. Харэаграфічна апрацаваны танец увайшоў у рэпертуар прафес. і самадз. калектываў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)