КАПЕЛЬМА́ЙСТАР (ням. Kapellmeister ад Kapelle тут хор, аркестр + Meister майстар, кіраўнік),

у 16—18 ст. кіраўнік хар. ці інстр. капэлы, у 19 ст. дырыжор сімф., тэатр. аркестра. На Беларусі ў 19 ст. быў вядомы К. духавой і інстр. музыкі І.Дабравольскі.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.

2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ННАЯ ГАРА́,

месца масавай загубы мірнага насельніцтва ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. У маі—чэрв. 1942 гітлераўцы выкапалі тут 8 вялізных ям і абнеслі іх калючым дротам. Сюды па спец. пабудаванай чыг. ветцы яны дастаўлялі эшалоны з насельніцтвам, пераважна жанчынамі, дзецьмі, старымі, з Драгічына, Іванава, Гарадца, Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы-Картузскай. Людзей прымушалі распранацца, гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да ліст. 1942 тут загублена больш за 50 тыс. чал. Каб замесці сляды злачынстваў, у сак. 1944 гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы; потым фашысты расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя работы. На месцы загубы ахвяр фашызму пастаўлены помнік і створаны мемарыял. Урочышча Бронная Гара ўвекавечана ў мемар. комплексе «Хатынь».

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕСТ (грэч. Phaistos),

старажытны горад на Пд в-ва Крыт, буйны цэнтр крыта-мікенскай культуры. У эпоху неаліту і ранняй бронзы Ф. — невял. паселішча. Каля 2200 да н. э. тут узведзены манументальны царскі палац, які мае шмат агульнага з палацам Кноса; адметны 3 брукаванымі дварамі, свяцілішчамі і т.зв. тэатральнай пляцоўкай з прыступкамі-лавамі для 500 гледачоў. Пасля землетрасення (сярэдзіна 18 ст. да н.э.) палац цалкам перабудаваны і пашыраны. Новы палац вызначаўся высокім узроўнем буд. майстэрства: сцены шматлікіх памяшканняў і доўгіх калідораў складзены з чэсаных пліт, выкарыстана фрэскавая размалёўка, меў шмат гасп. памяшканняў і разгалінаваны водаправод. Быў абкружаны калонамі, меў перыстыльны двор. Вакол палацавага ўзгорка размяшчаўся горад. Каля 1470 да н.э. Ф. разбураны землетрасеннем, пасля якога тут знаходзілася невял. паселішча. У 1900—66 даследаваны італьян. археолагамі.

Да арт. Фест. Палац 2000—1500 да н.э.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),

гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБРА́МЦАВА»,

гісторыка-мастацкі і літ. музей-запаведнік у Расіі. Створаны ў 1977 на тэр. б. сядзіб Абрамцава каля г. Загорск Маскоўскай вобл. (з 1843 належала Аксакавым, з 1870 — Мамантавым, з 1918 тут створаны музей) і Ахтырка.

У 19 ст. адзін э буйных цэнтраў культ. жыцця Расіі. У сядзібе ў С.​Аксакава гасцявалі М.​Гогаль, І.​Тургенеў, М.​Шчэпкін і інш. У 1870—90-я г. тут жылі і працавалі В.​Васняцоў, І.​Рэпін, В. і А.​Паленавы, В.​Сяроў, К.​Каровін, М.​Несцераў, М.​Урубель і інш. Пры ўдзеле арх. В.​Гартмана і І.​Ропета ў парку пабудаваны ў «рус. стылі» студыя, «Хатка на курыных ножках», царква, дача для мастакоў; створаны майстэрні разьбы па дрэве (гл. Абрамцава-кудрынская разьба) і маёлікі; пісаліся дэкарацыі для Мамантаўскага гуртка (паслужыў асновай Маскоўскай прыватнай оперы); у аматарскіх спектаклях удзельнічалі К.​Станіслаўскі, Ф.​Шаляпін.

Літ.:

Поленова Н.В. Абрамцево: Воспоминания. М., 1922.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.​Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з уніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.​Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.

Т.​Б.​Блінова.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́, Ахвенанма (швед. Àland, фін. Ahvenanmaa),

архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс. чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.

Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕАНГА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

у Прыбайкаллі, паміж Верхнеангарскім і Паўночна-Муйскім хрыбтамі, у Расіі. Працягласць больш як 100 км, шыр. 40 км, выш. ад 470 да 800 м. Дрэніруецца р. Верхняя Ангара, рэчышча якой тут падзяляецца на рукавы і пратокі. Лугава-балотная расліннасць, участкі лістоўнічных, хваёвых і бярозавых лясоў.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГЕ́МІЯ (лац. Bohemia),

1) першапачаткова назва тэр., на якой утварылася Чэхія. Ужывалася ант. гісторыкамі Тацытам, Пталамеем і інш. На пач. 1 ст. край заваяваны герм. плямёнамі маркаманаў. У 6 ст. тут пасяліліся слав. плямёны (продкі чэхаў).

2) У 1526—1918 афіц. назва Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Габсбургскай імперыі.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)