род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДКАРПА́ЦКІ СЕРАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
адзін з найбольшых сераносных басейнаў у свеце ўздоўж паўн. і паўн.-ўсх. падножжа Карпат у Польшчы, Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абл. Украіны і паўн.-ўсх.ч. Румыніі. Даўж. 1000 км, шыр. 20—50 км, пл. 40 тыс.км². Прагнозныя рэсурсы ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў тон серы. Радовішчы прымеркаваны да карбанатна-сульфатных адкладаў міяцэну; руды маюць да 25% серы. Дробныя радовішчы на Пд Польшчы вядомы з 15 ст. П.с.б. распрацоўваецца з 1958. Здабыча адкрытым і свідравінным спосабам. Цэнтры — г. Новы Раздол і г.п. Шкло (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н (франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),
інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. palatum паднябенне),
пад’ём сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення пры губной, пярэднеязычнай ці заднеязычнай артыкуляцыі зычнага гука, т.зв. змякчэнне зычных. П. можа быць дадатковай артыкуляцыйнай прыкметай, калі яна абумоўлена пазіцыяй зычнага ў слове: («лес»), ці самаст. фаналагічнай рысай, калі мяккасць зычнага не залежыць ад пазіцыі ў слове («мэбля»). У першым выпадку такія зычныя называюць палаталізаванымі, у другім — палатальнымі. Характэрны тон і шум, якія з’яўляюцца пры П., робяць мяккія зычныя больш высокімі на слых, чым іх цвёрдыя адпаведнікі.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВА́Я БУ́РА,
перанос вялікай колькасці часцінак глебы або пяску моцным ветрам у пустынях, паўпустынях і разараных стэпах. Найб. моцныя буры пераносяць мільёны тонпылу на сотні (зрэдку тысячы) кіламетраў, рэзка пагаршаюць бачнасць, за што іх называюць чорнымі бурамі. Часцей адзначаюцца летам, у час сухавеяў, але магчымы і ў бясснежныя зімы. Моцныя П.б. ўзнікаюць пры нерацыянальным выкарыстанні зямлі, наносяць вял. страты сельскай гаспадарцы, засыпаюць пасевы, знішчаюць паверхневы слой глебы. Барацьба з П.б. праводзіцца з дапамогай полеахоўных лясных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва і інш. агратэхн. мерапрыемстваў. На Беларусі з’явы, падобныя на П.б., адбываюцца часам на асушаных тарфяніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРТО́Н (ням. Oberton),
1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.
2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн.тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАРА́ ((Gamarra) П’ер) (н. 10.7.1919, г. Тулуза, Францыя),
французскі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам час. «Europe» («Еўропа»). Аўтар зб-каў вершаў «Спроба заклеймаваць» (1944), «Песня любові» (1959) і апавяданняў «Людскія рукі» (1953), «Любоў ганчара» (1957), «Сады Алаха» (1961), раманаў «Вогненны дом» (1948), «Дзеці галечы» (1950), «Школьны настаўнік» (1955), «Забойцу — Ганкураўская прэмія», «Капітан Вясна» (абодва 1963), «Таямніцы Тулузы» (1967), «Золата і кроў» (1971), «Дванаццаць тон дыяментаў» (1978) і інш., маст. біяграфіі «Віктор Гюго» (1974). На бел. мову творы Гамара перакладаў Л.Казыра.
Тв.:
Бел.пер. — Любоў ганчара // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына або прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, людзей у вертыкальнай або нахіленай плоскасці. Да грузападымальных машын адносяцца: грузавыя і пасаж.ліфты; пад’ёмныя краны; шахтавыя, скіпавыя, будаўнічыя і інш.пад’ёмнікі, аўтапагрузчыкі, дамкраты, талі, блокі, паліспасты, калаўроты і інш. Для пад’ёму і апускання людзей выкарыстоўваюць клеці і кабіны, для штучных грузаў — розныя крукі і захопы, для сыпкіх — бодні, каўшы і інш.
Грузападымальныя машыны бываюць стацыянарныя і перасоўныя, з прыводам электрычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання і інш. Звычайна складаюцца з каркаса, механізма пад’ёму, грузанясучай канструкцыі. Многія грузападымальныя машыны забяспечваюцца грузазахопнымі прыстасаваннямі, самаходныя — механізмам перасоўвання, паваротныя — механізмам павароту. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да некалькіх сотняў тон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЕМІТО́НІКА (ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, у прыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). У слав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж. пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.