КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,

паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́Т,

у будыйскай міфалогіі хінаяны чалавек, які дасягнуў найвышэйшага ўзроўню духоўнага развіцця, т.зв. нірваны. У міфалогіі махаяны стан архата лічыцца не канчатковай мяжой у развіцці асобы, і таму архаты павінны працягваць шлях удасканалення як бадхісатвы (той, хто вырашыў стаць будай).

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕРАНЧУКА́ ТЭАРЭ́МА ў квантавай тэорыі поля,

устанаўлівае, што поўныя эфектыўныя сячэнні ўзаемадзеяння часціцы і антычасціцы з адной і той жа мішэнню (нуклонам) пры нарастанні энергіі сутыкнення павінны супадаць. Мае важнае значэнне для тэорыі моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц. Сфармулявана І.Я.Памеранчуком у 1958.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЗАВО́Д ШТУ́ЧНЫХ СКУР Дзейнічае ў г. Пінск Брэсцкай вобл. з 1959. З 1995 — адкрытае акц. т-ва з той жа назвай. Асн. прадукцыя (2001): штучныя мяккія скуры, цырата сталовая, пераплётны і плёначны матэрыял, скургалантарэйныя і полівінілхларыдныя вырабы, тавары нар. спажывання.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭСПАНДЭ́НЦЫЯ РАХУ́НКАЎ,

метад бухгалтарскага ўліку, пры якім кожная гасп. аперацыя адлюстроўваецца адной і той жа сумай у двух рахунках: дэбеце аднаго і крэдыце другога. Пры такім запісу паміж рахункамі ўзнікае ўзаемная сувязь, якая павышае надзейнасць уліку і садзейнічае лепшаму разуменню сутнасці гасп. аперацый.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЫЛЬЁН, Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СЕЛЬСАВЕ́Т,

нізавы орган мясцовай дзярж. улады ў СССР у 1920—30-я г., ніжэйшая форма аўтаноміі. Ствараліся ў пунктах, населеных нац. меншасцямі. У БССР у той перыяд існавалі польскія, рус., укр., лат., літ., ням. сельсаветы, а таксама яўр. нац. местачковыя Саветы (разнавіднасць Н.с.).

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСО́НА ГРА́ТА (лац. persona grata пажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, на прызначэнне якой кіраўніком дыпламат. прадстаўніцтва дададзена згода ўрада той дзяржавы, куды яна накіроўваецца. П.г. лічыцца дыпламат. работнік, які атрымаў дазвол на ўезд у краіну свайго знаходжання (уязная віза). Гл. таксама Агрэман, Акрэдытаванне.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАНЕ́НТ [ад лац. deponens (deponentis) той, хто адкладвае],

фізічная або юрыд. асоба, якая ўнесла каштоўнасці ў дэпазіт крэдытнай установы. Д. з’яўляюцца таксама фіз. асобы, якія не атрымалі своечасова зарплату, ганарар, і асобныя арг-цыі і асобы, на карысць якіх зроблены ўтрыманні з зарплаты (аліменты і інш.).

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)