ЗАРА́ДАВАЕ СПАЛУЧЭ́ННЕ аперацыя замены ўсіх элементарных часціц, што ўдзельнічаюць у якім-н. узаемадзеянні, на адпаведныя ім антычасціцы. Доследным шляхам устаноўлена, што гравітацыйныя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні пры З.с. не мяняюцца. Для кожнага працэсу, які адбываецца з пэўнымі часціцамі, існуе такі ж працэс для іх антычасціц. Наяўнасць сіметрыі адносна З.с. ў гэтых узаемадзеяннях прывяло да ўвядзення зарадавай цотнасці. Пры слабых узаемадзеяннях сіметрыя адносна З.с. адсутнічае, што вынікае з незахавання пры гэтым прасторавай цотнасці. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
т. 6, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНА ВЯЛІ́КАЯ ў матэматыцы, пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні большай за любы папярэдне зададзены лік; адваротная да бесканечна малой. Калі x — бесканечна вялікая, то скарочана запісваюць lim x = ∞, або x → ∞. Функцыя будзе бесканечна вялікай у наваколлі пункта x0, калі для любога ліку N>0 знойдзецца такі лік δ>0, што для ўсіх x ≠ x0 і такіх, што |x-x0|<δ, выконваецца няроўнасць ||>0. Скарочана гэта запісваюць limx→x0 = ∞.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),
структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЖА́НДРА МНАГАСКЛА́ДЫ,
сферычныя мнагасклады, спецыяльная сістэма мнагаскладаў з паслядоўна ўзрастаючымі ступенямі. Уведзены А.М.Лежандрам і незалежна П.С.Лапласам (1782—85).
Л.м. артаганальныя на адрэзку [1, 1] з вагой 1 (гл. Артаганальная сістэма), і для n = 0, 1, 2, ... вызначаюцца формулай
. Характар збежнасці прыкладна такі ж, як і ў шэрагаў Фур’е. Дыферэнцыяльнае ўраўненне для Л.м. узнікае пры раздзяленні пераменных у Лапласа ўраўненні ў сферычных каардынатах. Гл. таксама Сферычныя функцыі.
т. 9, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВЕ́ДЗЕНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, якая характарызуе размеркаванне мас у рухомай мех., электрамех. ці інш. сістэме. Залежыць ад фіз. параметраў сістэмы (мас, момантаў інерцыі, індуктыўнасцей і інш.) і закону яе руху. У прасцейшым выпадку сістэмы двух узаемадзейных цел з масамі M і m П.м. роўная μ = Mm/(M + m), пры гэтым формула для кінетычнай энергіі сістэмы мае такі ж выгляд, як для матэрыяльнага пункта: T = μ v2/2, дзе ν — скорасць некаторага характэрнага пункта (напр., цэнтра мас) сістэмы, да якога прыводзіцца яе маса.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’Е́КТ ПРА́ВА,
пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС, база (ад грэч. basis аснова),
1) у матэматыцы — найменшае падмноства некаторага мноства, з якога пэўнымі аперацыямі можна атрымаць любы элемент гэтага мноства. Напрыклад, 1 аперацыямі складання і множання можна атрымаць любы натуральны лік. У вектарнай прасторы такі набор вектараў, што адвольны вектар адназначна выяўляецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі вектараў гэтага набору. Колькасць элементаў базісу наз. размернасцю прасторы. Гл. таксама Артаганальная сістэма, Артаганальнае пераўтварэнне.
2) У фізіцы базіс крышталічнай структуры — поўная сукупнасць каардынатаў цэнтраў атамаў у сіметрычна незалежнай вобласці крышт. структуры. Эксперыментальнае вызначэнне праводзіцца метадамі рэнтгенаўскага структурнага аналізу, электронаграфіі, нейтронаграфіі.
т. 2, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎ (Элем Германавіч) (н. 9.7.1933, г. Валгаград, Расія),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). Раннія фільмы вылучаюцца схільнасцю да сатыры і эксцэнтрыкі: «Шчыра запрашаем, ці Пабочным асобам уваход забаронены» (1964), «Прыгоды зубнога ўрача» (1965). Трагізм, складанасць маральных калізій, глыбокі псіхалагізм уласцівы фільмам «Агонія» (1974, прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы, Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1982), «І ўсё-ж такі я веру...» (1976), «Ларыса» (1980, дакумент., кароткаметражны фільм), «Развітанне» (1983), «Ідзі і глядзі» (1985, паводле «Хатынскай аповесці» А.Адамовіча; залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі 1985).
т. 8, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,
дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)